Усе вынікі працы з праблемай гвалту ў сям’і зведзеныя на нуль за апошнія тры гады. Улада хавае статыстыку, але відавочна, што сітуацыя з бытавымі злачынствамі пагоршылася. Гвалт, вывезены ў эміграцыю, — увогуле невядомая раней праблема для праваабаронцаў.
Вольга Гарбунова
25 лістапада свет адзначае Міжнародны дзень барацьбы за ліквідавацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. Беларускія актывісты далучыліся да правядзення акцыі фэстам «Не вінаватая» ў Вільні. Што праўда, фэстам нешматлікім. «Праблема хатняга гвалту сышла ў цень, але пры гэтым стала яшчэ больш вострай», — зазначае Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўніца прытулку для ахвяр гвалту «Радзіслава», закрытага ўладамі.
Беспакаранасць дзяржаўнага гвалту транслюецца на ўсё жыццё грамадства
Хачу звярнуць увагу на тое, наколькі мяняецца карціна з хатнім гвалтам цяпер у Беларусі. Калі раней мы казалі пра тое, што гвалтаўнікам важна падпарадкаваць слабы бок, пацярпелых, што ім важна праявіць сваю ўладу і кантроль, то на дадзены момант варта сказаць, што ў Беларусі гвалтаўнікі ўжо выбіраюць вельмі небяспечныя формы агрэсіі. Напрыклад, у лістападзе паведамлялася пра выпадкі з агнястрэльнымі раненнямі, за апошнія тры месяцы ёсць некалькі выпадкаў, калі людзей аблівалі бензінам і падпальвалі. Напрыклад, за адмову разблакаваць тэлефон мужчына нанёс сваёй былой жонцы 34 нажавыя раненні. То-бок цяпер задача агрэсараў — не проста ўжываць гвалт, каб падпарадкаваць, а па сутнасці — забіць. Безумоўна, гэта з’яўляецца наступствам таго беспакаранага гвалту, які адбываецца ў Беларусі ўжо больш за тры гады.
Калі разглядаць прычынна-выніковыя сувязі, важна казаць пра тое, што эскалацыя любога гвалту ў грамадстве прыводзіць да росту, да жорсткасці гвалту ва ўсіх астатніх сферах. І калі па ўсёй краіне транслюецца гэтая беспакаранасць, больш чым беспакаранасць, бо за гвалт уручаюцца пагоны, ордэны, імянныя корцікі і гэтак далей — гэта, безумоўна, прыводзіць да змен ва ўсім грамадстве.
З «Радзіславай» усё адбылося вельмі ціха, закрыта, без усялякага інфармавання грамадства. Людзі проста адкрылі навіны 9 сакавіка 2022 года і даведаліся, што «Радзіслава» і прытулак ліквідаваны па судзе. Ліквідаваная 20-гадовая праца па лжывым даносе, ніводная акалічнасць якога так і не была даказана. І, мне здаецца, гэта вельмі добра адлюстроўвае тое, што ў прынцыпе адбываецца ў краіне з тэмай хатняга гвалту і іншага гвалту, калі ўсё праходзіць вельмі ціха, акуратна, пажадана без уцечкі інфармацыі. І гэтыя жахлівыя рэчы нясуць велізарныя наступствы для грамадства, дзяржавы, краіны ў цэлым.
На сённяшні дзень у краіне ліквідавана больш за 1400 недзяржаўных арганізацый, і, безумоўна, сярод іх амаль усе жаночыя ініцыятывы, фемінісцкія праекты, якія аказвалі дапамогу пацярпелым. Мы ведаем, што актывісткі працягваюць дапамагаць унутры краіны, але гаворка ідзе пра нефармальныя арганізацыі, нізавыя ініцыятывы, якія не зарэгістраваны, таму што мець рэгістрацыю для таго, каб ажыццяўляць такую дапамогу, на дадзены момант у Беларусі немагчыма.
Праца за чвэрць стагоддзя — на нуль
Каб зразумець, што адбываецца зараз у гэтай сферы, як мы сюды прыйшлі, хацелася б успомніць, напрыклад, 2019 год, напярэдадні прыходу кавіду. Мне падаецца, гэта такі паказальны перыяд, калі ўжо адбылася блакіроўка канцэпцыі закону аб прадухіленні хатняга гвалту, але быў яшчэ ўмоўна мірны час. Тады ў краіне быў не адзін прытулак, была агульнанацыянальная гарачая лінія, якая працавала сем дзён на тыдзень з 8 да 20 гадзін. Лінія працавала з 2013 года, усё больш і больш людзей пра яе даведваліся і звярталіся.
Канцэпцыю закона Лукашэнка раскрытыкаваў, але пры гэтым заставалася магчымасць увесь час навучаць спецыялістаў, супрацоўнікаў міліцыі, педагогаў, урачоў, псіхолагаў, сацыяльных работнікаў. У нас працавалі няўрадавыя арганізацыі, якія праводзілі розныя фотавыставы, флэшмобы, незалежныя медыя стваралі спецпраекты, прысвечаныя тэме прадухілення хатняга гвалту. І ў цэлым не было такой у тыя гады сітуацыі, што пра хатні гвалт казалі толькі 25 лістапада — у Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. Пра хатні гвалт гаварылі некалькі разоў на год: падчас красавіцкай акцыі «Дом без гвалту», якая праводзілася па ўсёй краіне, усімі ведамствамі, дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі, пра гэта гаварылі на 8 Сакавіка, таму што многія пачыналі праводзіць гэтую ўзаемасувязь паміж абаронай правоў жанчын, гендэрнай няроўнасцю ў краіне і сітуацыяй з хатнім гвалтам.
То-бок, гэта была ўжо такая рэгулярная асветніцкая праца, у якой было вельмі шмат задзейнічана бакоў. Мы казалі пра тое, што гвалт нармалізаваны, што нібыта пра яго ўжо шмат кажуць, але міліцыя яшчэ працягвала гэта называць сямейна-бытавымі канфліктамі. А калі адбывалася нешта зусім страшнае, то гэта ўспрымалася нейкімі адзінкавымі, не сістэмнымі выпадкамі. Мне здаецца, чыноўнікі, міліцыянеры да гэтага часу думаюць у сваіх дзяржаўных ведамствах, што такі гвалт учыняюць проста нейкія людзі з залежнасцю ці людзі з псіхіятрыяй, ці людзі яшчэ з чым-небудзь...
І атрымліваецца, усе вынікі працы за 25 гадоў працы сышлі на нуль. 25 гадоў, бо першы кангрэс, прысвечаны хатняму гвалту, адбыўся ў 1994 годзе ў Мінску. І што самае дзіўнае асабіста для мяне было — убачыць, наколькі гэта была ілюзія думаць, што гэтага часу дастаткова, каб чакаць рэальных змен у грамадскай думцы. Нам здавалася, што раз ужо столькі шмат усяго створана, то нібыта мяняецца наша стаўленне, разуменне таго, што адбываецца ў сем’ях, дзе ёсць гвалт...
Але ж як хутка ўсё развалілася пасля падзей 2020 года, як хутка мы адкаціліся ў сітуацыю, калі ў краіне ніводнага сховішча, ніводнага СМІ, ніводнага НДА, ніякіх табе інфармацыйных кампаній і г. д., ніводнай гарачай лініі нават... Што сёлета на 25 лістапада робіцца ў Беларусі? Нічога. Гэта значыць, для дзяржавы праблема востра не стаіць, падобна, яны вымываюць гэтую тэму з публічнай камунікацыі. У іх праблема гэта: чайлд-фры, суполка ЛГБТК+, ім трэба, каб беларускі як мага раней нараджалі, каб расла нараджальнасць. Такой сацыяльнай праблемы як праблема хатняга гвалту для іх ужо няма.
Блытаніна з лічбамі
У лістападзе мінулага года ўлады падалі статыстыку за 11 месяцаў. Па іх звестках, у бытавой сферы адбылося 15 тысяч адміністрацыйных правапарушэнняў у сферы побыту. Але ўжо ўвесну 2023-га яны сказалі, што 49 тысяч за 2022 год такіх правапарушэнняў налічана. Незразумела, калі яны гавораць праўду. У іх ці амаль прырост на 30 тысяч адбыўся ў рамках аднаго месяца — снежня, які не ўвайшоў тады ў іх статыстыку. Ці яны сказалі няпраўду тады, у лістападзе 2022-га, калі рабілі прэсавую канферэнцыю. Гэта значыць, ім ужо настолькі ўсё роўна, яны настолькі адчуваюць, што за імі ніхто не прыглядае, іх ніхто не маніторыць, іх ніхто не заклікае да адказу за тое, што лічбы не сыходзяцца на дзясяткі тысяч кейсаў. І такая блытаніна паўсюль у іх з лічбамі.
У выніку, заблытаўшыся ў статыстыцы, сёлета ўвесну мы напісалі петыцыю. Petitions.by працуе да гэтага часу, увесну сёлета мы сабралі 137 подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем апублікаваць статыстыку аб фактах хатняга гвалту ў Беларусі. Можна са скепсісам ставіцца да петыцый сёння, але я ведала, што нам адкажуць і нават хто менавіта адкажа. Справа ў тым, што з гэтым упраўленнем МУС мы працавалі 10 гадоў, ведалі кожнага, і мне здавалася, што яны не змогуць не адказаць.
І сапраўды нам даслалі адказ ад чалавека, якога мы ведаем асабіста, і адказ утрымліваў наступную інфармацыю: «Факты хатняга гвалту зараз аднесеныя да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджання», нешта там яшчэ пра нацбяспеку і г. д. і да т. п. Такога не было ніколі. Хатні гвалт — гэта сацыяльная праблема, пра якую грамадства павінна быць інфармаванае, людзі павінны разумець, як дзяржава можа іх абараніць, яны павінны быць праінфармаваныя аб сваіх правах. Але нам напісалі, што не, гэтыя даныя настолькі небяспечныя для таго, каб грамадства пра гэта даведалася, што яны абвяшчаць іх не будуць. Сумны вынік, але таксама вынік.
Сітуацыя пагаршаецца
Я ўпэўненая, што зараз, улічваючы падзеі, якія адбываюцца ў краіне з 2020 года, і ў гэтай сферы ўсё значна горш. Гаворка ідзе пра найвялікшы адток прафесіяналаў і прафесіяналак, падрыхтаваных спецыялістаў і спецыялістак. Мы выдатна ведаем, што самыя амбіцыйныя людзі, дасведчаныя, якія ведаюць, што такое правы чалавека, якія ўкараняюць досыць прагрэсіўныя прынцыпы ў сваёй працы, якія падвышаюць увесь час сваю адукацыю, хутчэй за ўсё, альбо знаходзяцца ў турмах, альбо знаходзяцца ў выгнанні.
Безумоўна, гэты адток кадраў закрануў усіх: і медыкаў, і спецыялістаў сацыяльнай сферы, і гэтак далей. Усё, што застаецца, калі казаць пра сферу хатняга гвалту, гэта звяртацца па дапамогу ў міліцыю, але зноў жа, пасля 2020 года, калі на вуліцы нашых гарадоў выходзілі сотні тысяч людзей, мільёны людзей не пагаджаліся з вынікамі выбараў і дзяржаўным гвалтам, такія людзі не звернуцца па дапамогу да людзей у форме. З 2020 года мы яшчэ паспелі папрацаваць два гады да ліквідацыі «Радзіславы», і я ведала шмат выпадкаў, калі жанчыны звярталіся ў міліцыю з прычыны хатняга гвалту, але мелі праблемы ўжо палітычнага пераследу пасля такога звароту.
Суадносна і мяняліся паводзіны агрэсараў. Калі ў краіне затрымліваюць за адзенне пэўнага колеру, татуіроўкі пэўнага колеру, сцены ваннага пакоя ва ўласнай кватэры з бел-чырвона-белым спалучэннем (гэта рэальны выпадак!), то гэта дае глебу для крэатыўнасці агрэсараў. Нашым кліенткам мужы ці былыя мужы падкідвалі бчб-сцягі, вывешвалі самі іх у вокнах іхных кватэр, быў выпадак, калі дзяўчына зліла фоткі былога мужчыны ў ГУБАЗіК, быў выпадак, калі кліентка была вымушаная пайсці ў судзе на прымірэнне бакоў у сітуацыі хатняга гвалту, бо і яна, і яе былы муж удзельнічалі ў пратэстах, і ён проста сказаў: я сяду, але і ты сядзеш. І гэта проста такі дадатковы рычаг ціску. Таму, безумоўна, сітуацыя з хатнім гвалтам і сітуацыя ўвогуле ў краіне вельмі ўзаемазвязаныя.
У 2020-м мы шмат бачылі плакатаў, на якіх Лукашэнку параўноўвалі з дамашнім тыранам, а сітуацыю, якая адбываецца ў краіне, ён сам назваў «любімую не аддаюць». Тут хочаш не хочаш, а будзеш праводзіць паралелі з тэмай хатняга гвалту. Таму важна разумець, што культура, якая ўстанаўлівалася ў краіне на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, безумоўна ўплывала на тое, што адбывалася ў сем’ях, на тое, як Беларусь не прымала спецыялізаваны закон, не далучалася да Стамбульскай канвенцыі (міжнароднае пагадненне Рады Еўропы супраць гвалту ў адносінах да жанчын і гвалту ў сям’і), хаця быў час, калі прадстаўнікі МУС публічна на розных канферэнцыях называлі Стамбульскую канвенцыю эталонам, да якога трэба імкнуцца. І як усё змянілася, літаральна за 3 гады. Мяне вельмі ўразіла, наколькі хутка гэта ўсё змагло быць разбурана, а значыць, гэтых 25 гадоў не было дастаткова, каб мы ўсвядомілі гэтую ўзаемасувязь, усвядомілі, што хатні гвалт — гэта не проста калі хтосьці ў сям’і б’ецца, што хатні гвалт — гэта сур’ёзная частка парушэнняў правоў чалавека, парушэнняў правоў жанчыны.
І вось столькі людзей загінула ў краіне за апошнія месяцы (ад хатняга гвалту), але хто пра іх гаворыць? У прынцыпе, мы зараз не так ужо гучна гаворым і пра людзей, якія ёсць палітвязнямі і пра тых, хто загінуў за кратамі. Гэта таксама вялікае пытанне да нас, да таго, у якім стане роспачы мы зараз знаходзімся, стане безнадзейнасці, бяссілля, ад нас быццам бы ўжо насамрэч мала што залежыць, мы ні на што не можам паўплываць, мы скараемся, прымаем і ўспамінаем пра гэта толькі ў памятныя даты.
Гвалт у выгнанні
Важна яшчэ казаць пра хатні гвалт, які апынуўся ў выгнанні. Бо людзі, якія вымушаныя былі пакінуць краіну, вывезлі не толькі свае фізічныя целы, свае кампетэнцыі, свае грошы, сваіх дзяцей з краіны, яны вывезлі яшчэ і хатні гвалт, у каго ён быў часткай быцця. Гэта сумна, што людзі, якія хацелі дэмакратычных перамен у краіне, могуць біць адно аднаго, што ў іх таксама можа быць такая праблема як хатні гвалт, але такое бывае. Але ў эміграцыі зварот па дапамогу — гэта каласальная праблема.
Калі ў Беларусі па старой памяці ты яшчэ трошкі ўяўляеш, што рабіць, калі цябе нехта збівае ці ты падвергнулася іншаму гендарна абумоўленаму гвалту, то ў іншай краіне, дзе ты не ведаеш мовы; дзе ты не ведаеш сваіх правоў; дзе ў цябе вельмі няўстойлівы статус з легалізацыяй; дзе ты не ведаеш ніякіх сэрвісаў; не ведаеш, ці ёсць у тых, да каго звяртаешся, перакладчыкі на беларускую ці рускую; дзе ты абмежавана фінансава; дзе з табой дзеці; дзе, напрыклад, твой ВНЖ завязаны на ВНЖ твайго мужа — усё становіцца катастрофай.
Мне здаецца, мы не ведаем усёй той праўды, якая адбываецца з жанчынамі ў выгнанні. У нас ёсць вельмі шмат зваротаў, напрыклад, ад людзей, якія не могуць развесціся. Консульскія ўстановы ўжо пашпарты новыя не выдаюць, яны адмовіліся выконваць свае функцыі, свае абавязацельствы перад грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Як развесціся ў іншай краіне, як выратавацца ў іншай краіне — гэта ўсё выклікае вельмі вялікія пытанні.
Спецыялізаваныя сэрвісы ёсць, але іх не так шмат. Што можна рабіць, калі ты сутыкнулася з хатнім гвалтам за мяжой? Гэта Алівія Хэлп, анлайн-сэрвіс, якія запусцілі, я так мяркую, людзі, якія займаліся гэтай праблемай у Беларусі, але зараз знаходзяцца ў выгнанні. Гэта, напрыклад, такі праект, як чат-бот «Кіпцюры Рагнеды», праект «Яна ёй».
Але ў цэлым сітуацыя з дапамогай цяжкая. Напрыклад, быў нядаўна зварот да нас у прадстаўніцтва: мяне збілі, я стаю на нейкай вуліцы ў Вільні, мне няма куды пайсці. Ніякая анлайн-падтрымка ў гэты момант, псіхалагічная кансультацыя, юрыдычная дапамога не здольныя дапамагчы, таму што людзі аказваюцца ўвогуле сам-насам без усялякай падтрымкі. У нас ёсць шмат сігналаў, напрыклад, ад актывісцкіх праектаў, якія даюць часовае жыллё для рэпрэсаваных і выйшаўшых палітвязняў, гэта значыць у межах іх праектаў, дзе жывуць беларусы і беларускі, таксама бывае хатні гвалт. Але гэта тыя каманды, якія ніхто ніколі не навучаў, людзі нават не ведаюць, што рабіць: «Слухайце, у нас тут у нашай хаце хлопец збіў дзяўчыну, а што рабіць?». Людзі нават не навучаныя, людзі, якія займаліся палітычным актывізмам, але ніколі нічога не чулі пра хатні гвалт, зараз наўпрост з гэтым сутыкаюцца і разводзяць рукамі і не ведаюць, чым можна дапамагчы.
Людзі стаміліся ад дрэнных навін
У мяне круціцца думка пра інфармацыйныя кампаніі і пра адсутнасць увогуле якой-небудзь інфармацыі пра гэта ў СМІ. Журналісты часта кажуць, што дрэнныя навіны людзі зараз прамотваюць, не жадаюць чытаць пра палітвязняў, не хочуць чытаць пра тое, што людзі паміраюць у турмах, і г. д. Людзі стаміліся, людзі разумеюць, што адбываецца поўны жах, і проста нават не адкрываюць такія навіны. Мяркую, што з тэмай хатняга гвалту прыкладна тое ж самае, у журналістаў няма зараз такой вялікай неабходнасці ў гэтай тэме, тым больш, што даных па Беларусі не знайсці, экспертаў няма, даных не зліваюць. Пры гэтым няма цікавасці і ў дэмакратычнага руху.
У нас зараз ёсць вялізная праблема — палітычныя рэпрэсіі, палітвязні, гэта вельмі важна, гэта асноўная частка майго мандата і гэта 99% майго працоўнага і асабістага часу. Я разумею, што ў нас з’явілася новая, велізарная ўразлівая група. Але ж і хатні гвалт нікуды не падзеўся. На сёння хатні гвалт прыносіць больш смерцяў, прынамсі, чым палітычныя рэпрэсіі, але гэта нікога не хвалюе. Гэта хвалюе блізкіх, гэта хвалюе некаторых актывістаў і некаторых уцягнутых журналістаў, якія ўжо проста па інерцыі, бо гадамі пісалі пра хатні гвалт, не могуць прапусціць гэтую тэму.
Дэмакратычным сілам складана данесці гэтую тэму. Група Каардынацыйнай Рады нядаўна правяла даследаванне, якое сведчыць, што гендарную няроўнасць беларусы і беларускі лічаць самай малазначнай праблемай. Нават змена клімату больш важная ў свядомасці беларускага грамадства. На маю думку, менавіта адсутнасць усякай нашай увагі і інфармавання людзей прывяло да таго, што тэма хатняга гвалту сышла ў падполле, і гвалт зноў стаў праблемай толькі для тых, каго збіваюць.
Відавочна, што ў самой Беларусі ёсць тэндэнцыя да пагаршэння, да замоўчвання сітуацыі з гвалтам. І калі мы звонку гаворым пра тое, што наша задача як дэмсіл падсвятляць гэтыя моманты, падсвятляць розную праблематыку ў сферы правоў чалавека, прыцягваць да гэтага ўвагу, распрацоўваць праграмы і бачанне будучыні, то дынаміка гэтага года паказала, што ў тэме абароны правоў жанчын і разумення праблемы хатняга гвалту мы проста раз у год звяраем сярэднюю тэмпературу па шпіталі і канстатаваць, што ўсё становіцца яшчэ горш. Гэта ўсё рытарычныя пытанні, але гатовых рашэнняў праблемы няма, пакуль я не магу іх назваць. Усё гэта — нагода для пошуку такіх рашэнняў.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org