«Як ты ні круці, але ўсё адно пастаянна выплывае гэтае надакучлівае (і ад гэтага ня меней балючае) пытаньне. Так, гэта яно. Пра мову. Як ты яго ні пазьбягай, дзе ні хавайся, яно перасьледуе, даганяе, непакоіць, апякае...» Піша Лявон Вольскі пра этапы, якія праходзіла беларуская мова і разам з ёй мы, пра сённяшні стан і перспектывы.
Лявон Вольскі. Фота Насты Касіапеі (з асабістага архіва Лявона Вольскага)
Прывід мовы
Быў такі час, калі лічылася, што па-беларуску гавораць ці то вяскоўцы-калгасьнікі, ці творчыя дзеячы — пісьменьнікі, мастакі, гісторыкі. Першая катэгорыя размаўляе на «бруднай» беларускай мове, другая — на «чыстай». Мне было васямнаццаць, я зьяўляўся ў нейкім публічным мейсцы (да прыкладу, у кавярні на Траецкім), меў доўгія валасы і гаварыў па-беларуску. Да якой катэгорыі мяне можна было аднесьці? Доўгія валасы — значыцца, хіпі. Але вопратка неадпаведная, нехіпанская. Беларуская мова — значыцца, калгасьнік. Але доўгія валасы, нефармальны выгляд... Не складаецца. Пісьменьнік, мастак? Дык замалады яшчэ.
Народ прызвычаіўся, што беларускамоўныя пісьменьнікі-мастакі мусяць быць у пачцівым узросьце, з багатым пакручастым пройдзеным шляхам і жыцьцёвым досьведам за плячыма. Карацей, нічога не складалася, народ прызвычаіўся да пэўных стэрэатыпаў, а тут яны парушаліся.
І паўставаў прывід мовы — так-так, тае мовы, якую ты некалі вучыў у сваёй вёсцы, на якой ты ўпэўнена гаварыў да пераезду ў горад. А ў тым горадзе давялося хуценька перавучвацца на іншую, каб ня быць вяскоўцам, селянінам ды калгасьнікам. І ты перавучыўся і забыўся, а тут — на табе! Нагадваюць, непакояць, турбуюць... Некамфортна!
Гаворыш па-беларуску — значыцца бээнэфавец
Потым прыйшоў іншы час. Зьявіўся іншы, новы стэрэатып: гаворыш па-беларуску, значыцца, ты бээнэфавец! А калі ты бээнэфавец, дык ад цябе нічога добрага чакаць не выпадае. Ты хочаш усё зьмяніць, а людзі ня любяць гэтыя хуткія зьмены. Ім падаецца: лепей хай будзе як ёсьць, абы не было горай!
Аднаго разу я патрапіў на вясельле. Было шмат людзей, як у нас прынята — сваякі, сябры, далёкія сваякі, прыяцелі... Лішне казаць, што я там быў досыць экзатычнай постацьцю са сваімі доўгімі валасамі і беларускай мовай. А народ быў розны, хаця большасьць складалі гарадзкія жыхары ў першым пакаленьні (былыя вяскоўцы) крыху за 40. І вось я выпадкова падслухаў размову ў курылцы.
Адзін былы вясковец абурана зьвяртаўся да купкі слухачоў: «Дак яны ж хочуць, каб усіх перавучыць на беларускую мову! Во чаго яны хочуць гэныя бээнэфаўцы!». І народ абурана нешта мармытаў, маўляў, нічоганькі сабе, зусім ужо зарваліся нацыяналісты гэтыя!
Беларусізацыя і адкат назад
Потым быў кароткі час беларусізацыі. Большасьць (як, дарэчы, і заўсёды) ставілася да маёй беларускай станоўча, але знаходзіліся й агрэсыўныя асобы, маўляў, чаго вы мяне прымушаеце гэтую мову вучыць, я яе не праходзіў у школе, бо сын вайскоўца! Зрэшты, такіх было мала. Але шуму ад іх магло быць шмат!
Потым пачаўся адкат назад. І нават не назад, не да савецкага стандарту — творчая эліта і вяскоўцы размаўляюць па-беларуску, астатняя маса — па-расейску. Не.
За савецкім часам творчая эліта — гэта былі недакранальныя асобы. Паўбагі. Небажыхары. Барадулін, Быкаў, Гілевіч... Недатыкальныя аўтарытэты.
У новым часе аўтарытэт застаўся толькі адзін — першая асоба дзяржавы, астатнія — так, абы-што, дробязь.
Паступова гэтым учорашнім аўтарытэтам перакрылі шляхі да дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі — усіх гэтых радыё-тэлевізіяў-газэтаў, перасталі публікаваць у дзяржаўных часопісах. Дый беларускамоўная яшэ з савецкіх часоў тэлевізія зрабілася спрэс расейскамоўнай.
Размова па-беларуску сталася прыкметаю апазыцыйнасьці — усе ж паўсюль гавораць па-расейску, а чаго ты, такі разумны, рэжаш па-беларуску? Гэта ж ня проста так? Цяпер ужо адсылкі да творчае эліты не спрацоўвалі — гэтая эліта таксама асацыявалася з апазыцыйным рухам — Быкаў, Барадулін... Яны ж не падтрымліваюць уладу і той шлях, па якім ідзе краіна, праўда? Ну, вось.
«Сарамлівая недабеларусізацыя»
А потым быў кароткі пэрыяд «сарамлівае недабеларусізацыі», калі можна было насіць вышыванку (вышымайку) і Пагоню на грудзёх. Гэта нават (неафіцыйна) віталася. Бо кіраўніцтва дзяржавы хацела даць зразумець Пуціну, што ў нас тут ня ўсё яшчэ спрэс расейскае і, калі правесьці рэфэрэндум тыпу крымскага, дык усе прагаласуюць за расею, не! Мы, калі што, маем такую-сякую самасьвядомасьць і нацыянальную сымболіку, якая, хоць і адрозьніваецца ад дзяржаўнае, але таксама важкая, грунтоўная і гістарычная. Вось. Так што ня думайце, што ўсё так проста!
"Мовафэст" у Мінску, люты 2020 г. Фота Ірыны Арахоўскай, Белсат
Некаторыя наіўныя беларусы ўспрынялі гэта як разварот уладаў да ўсяго беларускага і пачалі сьвяткаваць перамогу. Зарана пачалі.
Краіна абсурду
Ясна, што сарамлівая недабеларусізацыя не магла трываць доўга (хоць яе й негалосна падтрымлівалі нешматлікія патрыятычна настроеныя асобы з кіраўніцтва) і пасьля векапомных выбараў 20-га яна цалкам згарнулася. Ня буду тут распавядаць пра «апазыцыйныя шкарпэткі» ці то пікетаваньне на гаўбцы праз скрынку ад тэлевізара LG, вы і бяз гэтага ведаеце ступень абсурду, у які пагрузілася краіна.
Цяпер ужо гаварыць па-беларуску на вуліцы ці то ў якім публічным мейсцы (кавярні ці рэстарацыі) — папросту небясьпечна.
Бо твая беларуская цяпер — гэта наўпроставая прыкмета ня тое што апазыцыйнасьці — антыдзяржаўнасьці! — і якаясьці празьмерна пільная бабуля ці то дзядок-адстаўнік могуць на цябе данесьці куды трэба, а з гэтага «куды трэба» выбрацца вельмі цяжка, вы ж ведаеце.
Паступова ўсё беларускамоўнае й проста беларускаарыентаванае прыроўніваецца дзяржаваю да «экстрэмісцкага». Трымаць дома кнігу Бахарэвіча (ці то Дуніна-Марцінкевіча!) небясьпечна, бо нейкія ўладныя знаўцы прызналі гэта «экстрэмісцкай літаратурай», а з турэмных бібліятэкаў цалкам «павыкарчоўвалі» літаратуру на беларускай мове. Відаць, на ўсякі выпадак.
Чаго там разьбірацца, які ў гэтага аўтара верш экстрэмісцкі, а які — не, лепей адразу выкінуць усё беларускамоўнае. Прынамсі, за гэта не пакараюць. А за тое, што недаглядзелі — могуць. Дык што лепей?
Цікава, што ўсім гэтым займаюцца тыя самыя людзі, пра якіх гаварылася вышэй, якія (самі ці то іхныя бацькі) вучыліся ў беларускіх школах, гаварылі ў сваіх вёсках і г.п. па-беларуску, вучылі на памяць вершы Купалы ды Багдановіча (а нехта — і Барадуліна!), а вось як пераехалі ў горад, дык на гэтую «мову пейзанаў» давялося забыцца. Ды што там забыцца — выдзерці зь сябе з каранямі. Выкарчаваць. Бо хто ж з так званых «сілавікоў» ці то чыноўнікаў хоча, каб яго асацыявалі з (крый Божа!) апазыцыянэрам? Антыдзяржаўнікам? Экстрэмістам? Ніхто. Сытуацыя значна радыкальнейшая за тую, што склалася ў 70-х — 80-х гадах мінулага стагоддзя, калі проста не хацелі быць «калгасьнікамі».
І што? Катастрофа? Гамон? Непапраўная сытуацыя? Незваротныя зьмены?
Ды не, даражэнькія, я так ня думаю.
Усё адно на падкорцы ва ўсіх нас нашая мова запісаная, будзе іншы час, іншая ўлада, іншая дзяржава — і ўсё стане на свае мейсцы.
Калі ўжо за савецкімі часамі яна ня зьнікла (а былі ўсе ўмовы для гэтага!), калі за апошнія трыццаць гадоў негалоснага змаганьня ўладаў зь ёй не памерла (а магла!), дык ужо не загіне. Акрыяе, абудзіцца і зажыве вечна! Як Беларусь.
Лявон Вольскі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
На выхад падрыхтавацца Францішку Багушэвічу? Што вядомыя беларусы думаюць пра новы спіс «экстрэмісцкай» літаратуры