Тэатр абсурду — з’ява адначасова папулярная і рэдкая, бо ўсе пра яго чулі, аднак мала хто бачыў. 8 красавіка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера камедыі парадоксаў «Вось я і прыйшла!», а за некалькі дзён да гэтага прайшла творчая майстэрня, дзе рэжысёр і тэатразнаўца паразважалі пра п’есу і яе аўтара. Юрась Гарэлка, эксперт «Будзьмы!» па абсурдзе ў жыцці і мастацтве, наведаў абодва мерапрыемствы і расказвае самае цікавае.
Аўтар п’есы — вар’ят?
Фота 01. Данііл Хармс. Крыніца: wikipedia.org
Данііл Хармс (Ювачоў) — геній абсурду і майстар эпатажу. Нават павярхоўнае знаёмства з любым яго творам непазбежна выклікае пытанне пра псіхічную адэкватнасць аўтара. Ён і праўда знаходзіўся ў псіхіятрычнай лякарні, хаця наўрад ці быў хворым.
Хармс нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу і жыў у савецкі час (1905–1942), але савецкім чалавекам назваць яго цяжка. Не прыняўшы новы лад, ён мусіў мірыцца з ім ды шукаць паратунку ў творчасці, якая прымала дзіўныя, нечаканыя формы. Вядома, такога пісьменніка не разумелі і не друкавалі: да нас дайшлі толькі два «дарослыя» вершы. Аднак аўтара нечакана прынялі маленькія чытачы, чый розум больш адкрыты для парадоксаў.
«Нефарматнасць» была ўласціва Хармсу і ў творчасці, і ў жыцці. Напрыклад, ён мог шпацыраваць па вуліцах у гіганцкім цыліндры, трымаючы пад пахамі канапныя валікі, або прыйсці ў госці ў пінжаку, адзін штрыфель якога быў значна даўжэйшым за другі. Звычайнай справай было заявіцца на вечарыну і... спусціць штаны (пад імі былі яшчэ адны). А то і ўвогуле выйсці голым на балкон, каб бянтэжыць мінакоў ці кабету, што жыла насупраць.
Ці ўзнікалі падазрэнні ў вар’яцтве? Вядома, прытым аднойчы сам аўтар пачаў падыгрываць. Падчас савецка-фінскай вайны ён вывучыў адпаведную літаратуру і імітаваў шызафрэнію, каб не трапіць на фронт. Гэты навык спатрэбіўся і пазней, калі ў 1941 г. Хармс быў арыштаваны на падставе даносу за распаўсюджанне «паклёпніцкіх і паражэнчых настрояў». Ці то пісьменнік быў выдатным акцёрам, ці то і праўда занядужаў, але судовыя эксперты пацвердзілі дыягназ. Атрымалася пазбегнуць расстрэлу, але не смерці: менш чым праз год ён памёр у турэмнай лякарні ад голаду.
За некалькі дзён да прэм’еры ў РТБД прайшла майстэрня «Данііл Хармс: Я вынуў з галавы шар». Падчас гэтай імпрэзы даследчыца тэатра Алена Мальчэўская (і адначасова перакладчыца вершаў, выкарыстаных у спектаклі) і рэжысёр Аляксандр Бародка паразважалі пра асобу пісьменніка і гульню як яго творчы метад. Дарэчы, назва майстэрні ўяўляе сабой адсылку да мініяцюры Хармса «Матэматык і Андрэй Сямёнавіч», у якой першы з іх... вынуў з галавы шар.
Згаданае мерапрыемства аказалася вельмі дарэчным, бо тэатр абсурду (ці, як паправіў рэжысёр, «тэатр парадоксаў») патрабуе падрыхтаванага гледача. Калі прыйсці на спектакль без неабходнага досведу, то ўсё дзеянне можа падацца поўнай бязглуздзіцай. Хаця варта адназначыць, што так можа падацца нават з неабходным досведам.
Пастаноўка абсурдысцкага спектакля — сапраўдны выклік для любога рэжысёра. Гэтая праца патрабуе разумення непаўторнай стылістыкі аўтара, бо кожны твор такога кшталту ўнікальны, не падобны на іншых. Цікава, што ў Аляксандра Бародкі падобны вопыт ужо быў, аднак не ў РТБД.
На прэм’еры (здымак аўтара)
Асновай для новага спектакля стала аповесць «Старая» — найбуйнейшы твор Данііла Хармса, чытанне якога займае не болей за паўгадзіны. «Абсурд, але не абсурд», — аксамітным голасам ахарактарызаваў яго рэжысёр. Справа ў тым, што чысты абсурд не мае логікі, а аповесць «Старая» мае. Аднак да яе, як і да любога твора такога кшталту, трэба знайсці ключ.
Ці ёсць што-небудзь падобнае ў беларускай літаратуры? На слушнае пытанне адказала Алена Мальчэўская, зазначыўшы, што з творчасцю Хармса пераклікаецца паэзія Віктара Жыбуля. У якасці прыкладу быў прадэкламаваны верш «Эрдэльтэр’ер». Пакінем яго тут і пяройдзем да прэм’еры.
Я кpaў дабро чужых кватэр.
Мяне кусаў эрдэльтэр’ер.
На поле выпала раса.
Эрдэльтэр’ер мяне кусаў.
На срэбратканым дыване
эрдэльтэр’ер кусаў мяне.
Трупа запрасіла на сцэну рэжысёра (здымак аўтара)
Ці можна апісаць словамі камедыю парадоксаў? І так, і не. Нават падрабязнае адлюстраванне кожнай дэталі не дазволіла б уявіць тое, што вы ўбачыце на сцэне. Чаго можна дакладна не баяцца, дык гэта спойлераў.
Варта адзначыць, што арыгінальная аповесць Хармса была істотна перапрацавана: уведзены новыя героі, а месца дзеяння лакалізавана ў адным пакоі. Спектакль пачынаецца з таго, што пісьменнік спрабуе напісаць тэкст пра цудатворцу, які жыве ў наш час і не творыць цудаў. Раптам у кватэру ўрываецца незнаёмая бабуля і... Амаль адразу памірае. Не паспеў герой вырашыць, што з гэтым рабіць, як у дзверы ломіцца яшчэ адна!
Асоба галоўнага героя вельмі аўтабіяграфічная. Перад гледачом паўстае сам Хармс, які жыве ў галечы і марнее над тэкстамі, што не будуць надрукаваны пры жыцці. Каб супадзенне было поўным, акцёр мае такую ж фрызуру і вопратку, што і яго прататып. Як гэта можна зразумець? У якасці відавочнай «пасхалкі» на заднім фоне вісіць фотаздымак пісьменніка.
Спектакль атрымаўся досыць аўтэнтычным і атмасферным. Дэкарацыі ў супрэматычным стылі Малевіча дапаўняе арыгінальны саўндтрэк, адмыслова створаны кампазітарам Аляксандрам Гембіцкім. Музычны складнік увогуле атрымаўся разнастайным: вершы аўтара выконваюць у жанрах кабарэ, госпэл-джазу і нават народнай песні. Добра папрацавалі і над касцюмамі, кожны з якіх з’яўляецца ўнікальным, але адпавядае агульнай канцэпцыі.
Праблема любога спеклакля парадоксаў палягае ў неабходнасці пастаянна падтрымліваць увагу чытача. На думку аўтара гэтых радкоў, п’еса атрымалася крыху няроўнай: задаўшы надвычай высокую планку абсурду ў самым пачатку, дзеянне паступова «прасядае» ў сярэдзіне. Аднак варта глядзець да канца, бо фінал выйшаў годны.
Вердыкт: «Вось я і прыйшла!» — страва для гурманаў, да якой трэба быць падрыхтаваным. Гэта тэкст пра немагчымасць напісаць тэкст, пра адзіноту і веру ў сябе. Перад праглядам пажадана хаця б трошкі пачытаць самога аўтара і яго творы, інакш многія адсылкі і сюжэтныя хады пройдуць міма.
Ці варта гэта глядзець? Адназначна. Спектакль пашырае межы свядомасці і паказвае зусім іншы тэтр, якога мы не бачылі.
Юрась Гарэлка, budzma.org