Пісьменніца і перакладчыца Ганна Комар піша восьмы ліст да мамы з Лондана. У гэтым лісце Ганна распавядае матулі пра кнігу, якая «натхняе любіць і шанаваць свой арганізм, сваю жаноцкасць і свой менструальны цыкл», а таксама разважае пра ўплыў гармонаў на настрой і псіхалагічны стан.«Мне 35, і нарэшце хтосьці тлумачыць мне, сістэмна і грунтоўна, а таксама натхняльна, як працуюць мае гармоны і рэпрадуктыўная сістэма», — гаворыць Ганна Комар.
Apple Podcasts, Spotify, YouTube, Яндекс Музыка, Mave, Castbox, Podcast Addict, Pocket Casts, Castro.
Ганна Комар. Фота: odren alina
Мамка, дарагая мамка, давай пагаворым пра дзявочае.
Некаторы час таму я скардзілася свайму партнёру на тое, як раздражняе мяне менструацыя. На што ён нагадаў мне пра яе сакральнасць як крыніцу жаночай сілы. Я падумала, што дажылася: мужчына нагадвае мне пра сакральнасць маёй менструацыі... Вырашыла, што гэта трэба мяняць, і найперш напісала сваёй сяброўцы Су, з якой мы перыядычна абмяркоўваем уплыў гармонаў на настрой і псіхалагічны стан.
Су даўно занатоўвае змены настрою, якія суправаджаюць яе на розных этапах менструальнага цыкла, таму выпрацавала пэўную заканамернасць. Ці робіцца ад гэтага нашмат лягчэй? Ну, трошкі робіцца, хаця б таму, што, калі назіраеш гэтыя заканамернасці, то ведаеш, што ў некаторыя дні цыкла лепш стрымацца ад прыняцця важных рашэнняў, у іншыя — на пад’ёме намагаешся зрабіць па-максімуму, у іншыя разумееш, што прэтэнзіі да партнёра ці крытыка ў дачыненні да сябе — трошкі (альбо моцна) перабольшаныя, а дзесьці адмяняеш планы і прысвячаеш час сабе.
Су і распавяла мне пра кнігу Period Power: Harness Your Hormones and Get Your Cycle Working For You — у расейскім перакладзе «Сила цикла: как использовать непостоянство гормонов, чтобы жить на полную», напісаную Мэйзі Хіл (Maisie Hill).
Мне 35, і нарэшце хтосьці тлумачыць мне, сістэмна і грунтоўна, а таксама натхняльна, як працуюць мае гармоны і рэпрадуктыўная сістэма. Я хаця б у 35 да гэтага прыйшла, а многія жанчыны пражываюць жыццё, не разумеючы сваё цела, і гэта дакладна не іх віна: інфармацыі пра гэта вобмаль.
Сяброўка, якая вучылася ў Беларускім Дзяржаўным Медычным Універсітэце, расказала, што ў іх падручніках нават не было раздзела пра рэпрадуктыўную сістэму — студэнцтва мусіла рыхтаваць рэфераты... Цяпер, можа быць, інфармацыі больш, і, спадзяюся, будзе рабіцца яшчэ больш, але не да ўсіх яна дойдзе. Напрыклад, папяровай кнігі «Сила цикла» няма ў продажы. Такія б на беларускую мову перакладаць...
Кніга Period Power: Harness Your Hormones and Get Your Cycle Working For You
Кніга не толькі інфарматыўная, яна натхняе мяне любіць і шанаваць свой арганізм, сваю жаноцкасць і свой менструальны цыкл, таму што аўтарка па-навуковаму, але даступна тлумачыць, як гэта каштоўна.
У шмат якіх культурах (і заходняя — не выключэнне) менструальная кроў лічыцца чымсьці брудным, а менструацыя — тым, чаго трэба саромецца і што варта хаваць. Аднак, калі падумаць, менструацыя — прызнак здаровай і функцыянальнай рэпрадуктыўнай сістэмы.
Дарэчы ці ведала ты, што менструальная кроў утрымлівае вялікую колькасць ствалавых клетак — падобных на тыя, што знаходзяцца ў касцявым мазгу ці пупавіннай крыві? Іх выкарыстоўваюць для клеткавай тэрапіі, напрыклад, для лекавання пячонкавай няздаткавасці, пашкоджання спіннога мозга альбо інсульта. Нічога бруднага, зусім наадварот.
Калі назіраць свой цыкл, можна навучыцца выкарыстоўваць змены гарманальнага фону на ўласную карысць. Гармоны кіруюць жыццём усіх людзей, не толькі жанчын. Яны выдзяляюцца адмысловымі залозамі, падарожнічаюць па крыві і разносяць інфармацыю органам і тканкам, рэгулюючы нашае здароўе і паводзіны. У выпадку з менструальным цыклам ад узроўню розных гармонаў залежыць наш настрой, ступень сэксуальнай узбуджанасці, змены на ўзроўні цела і паводзінаў. Нічога ненатуральнага, праўда? У мужчын таксама ёсць гармоны, яны, напрыклад, робяць іх злымі, калі тыя галодныя.
Мэйзі Хіл падзяляе цыкл на чатыры сезоны:
• зіма (уласна менструацыя);
• вясна (фаза перад авуляцыяй);
• лета (час вакол авуляцыі);
• восень (прыкладна тыдзень перад менструацыяй).
Яна настойвае на тым, што варта адсочваць цыкл і занатоўваць фізіялагічныя і псіхалагічныя змены, якія суправаджаюць кожную фазу, каб узяць найлепшае ад кожнай. Усё жыццё нас вучаць думаць, што гармоны і рэпрадуктыўная сістэма будуць перашкодай на шляху да поспеху. Але гэта не так. Хіл тлумачыць, што за гады, калі ў нас ёсць менструацыя, мы маем магчымасць зразумець, хто мы, вывучыць свае ўразлівыя бакі і развіць моцныя, ды наўпрост адчуць сябе дома ў сваім целе.
Фота: pixabay.com
Калі мы адсочваем менструальны цыкл, то вучымся чытаць сваё цела, а ў якасці бонуса атрымліваем падвышэнне самаацэнкі і паляпшэнне ментальнага здароўя. Гэты рэсурс дазваляе нам выявіць, да прыкладу, ці мы сутыкаемся з трывожнымі альбо дэпрэсіўнымі эпізодамі толькі на пэўных этапах менструальнага цыкла альбо адчуваем іх увесь час, і адсюль зразумець, гэта гармоны абвастраюць наш стан альбо нам трэба звярнуцца па псіхалагічную дапамогу.
Хіл апісвае адзін выпадак, які добра ілюструе сувязь гарманальнага фону з псіхічным здароўем. Адна кліентка прыйшла да Хіл з такім назіраннем: кожны раз з 19 па 22-гі дзень цыкла і перад самай менструацыяй яна адчувала моцную трывожнасць і дэпрэсіўны стан. Аналіз крыві паказаў, што арганізм кліенткі выпрацоўваў толькі палову неабходнага прагестэрону, недастатковага, каб падтрымаць яе ў другой палове цыкла. Яна пачала прымаць біяідэнтычны прагестэрон, палепшыла харчаванне і хадзіла на акупунктуру. У наступныя некалькі месяцаў яе стан значна палепшыўся.
Пытанне, якое я задаю сабе, калі чытаю такія гісторыі: можа быць, мая дэпрэсія і моцная трывожнасць таксама вырашаецца працай з гарманальным балансам, і праблема не ў галаве?..
Ілюстрацыя «зімы» цыкла
У мяне цяпер зіма, і я паглыбляюся ў сябе, назіраю, як прыходзяць і змяняюцца думкі, занатоўваю іх, не спяшаюся рэагаваць. Прыслухоўваюся, каб зразумець, што адчуваю і чаму. Ствараю спісы патрэбаў, жаданняў і планаў. Адначасова лагодная і ўпэўненая.
Мэйзі Хіл тлумачыць, што адбываецца з гармонамі, калі надыходзіць зіма нашага цыклу — менструацыя. За некалькі дзён да пачатку менструацыі ўзровень эстрагену і прагестэрону падае максімальна — менавіта таму мы можам адчуваць сябе асабліва стомленымі, эмацыйна крохкімі, часам звыштрывожнымі, нам хочацца плакаць, і нас кранае ўсё. Натуральнае жаданне схавацца ад усіх. Аднак, калі менструацыя нарэшце пачынаецца, мы можам адчуваць пэўную эмацыйную палёгку — нас адпускае. Гэта магчымасць узяць паўзу, даць сабе набходную ўвагу, адрэфлексаваць накопленае за папярэднія тыдні, назапасіць новай энергіі. І вось ведаць і магчы прадказаць, калі надыйдзе наступны такі момант — таксама нашая перавага.
Хіл раіць выкарыстаць гэты час, каб сфакусавацца на ўласных патрэбах, падумаць, чаго мы хочам ад жыцця і што нам патрэбна, каб гэтага дасягнуць, накідаць планы.
«Зіма менструальнага цыкла — як панядзелак тыдня, калі вы распісваеце яго наперад», — піша Хіл.
Яна прапануе задаць сабе наступныя пытанні:
● Што даецца мне цяжка?
● Што я гатовая адпусціць?
● Куды мне варта накіраваць увагу?
● Чаго мне хацелася б больш у сваім жыцці?
● На што ў сваім жыцці мне варта накіраваць больш энергіі?
Аўтарка рэкамендуе адказваць на пытанні хутка, інтуітыўна, нават імпульсіўна, і абавязкова запісаць адказы. Падчас менструацыі нашая інтуіцыя абвастраецца, таму гэта цудоўны час, каб вызначыцца з накірункам — у кар’еры, вучобе ці іншай важнай для нас сферы жыцця. Паслухаць сябе і адчуць сваё пакліканне.
Шмат табе распавяла! Шмат яшчэ чаго распавесці! І хоць эмацыйна я адчуваю ўздым, цела просіць адпачынку. Я паслухаю яго і завяршу сённяшні ліст, а пра астатняе распавяду ў наступным.
Да наступнага ліста!
Твая дачушка
Слухайце «Ліст № 8» на платформах для падкастаў
Apple Podcasts, Spotify, YouTube, Яндекс Музыка, Mave, Castbox, Podcast Addict, Pocket Casts, Castro.