Ганна Комар дзеліцца цікавосткамі пра тое, як адзначаюць Каляды ў Лондане і распавядае, як яна правяла свята — у кампаніі сяброў і разам з беларускай супольнасцю Лондана ў Марыён Гаўзе. «Каляды надышлі, і як бы я ні ўпіралася, а і мяне засмактала святочная атмасфера», — піша Ганна ў лісце да мамы. Скарыстаемся магчымасцю праз гэты ліст дакрануцца да каляднай атмасферы Лондана.
Ганна Комар. Фота: Сана Крыва
Любая мамка,
Каляды надышлі, і як бы я ні ўпіралася (ты ведаеш мае складаныя стасункі з традыцыямі), а і мяне засмактала святочная атмасфера: званы мясцовай царквы, якія штогадзінна адзначаюць час, вызвоньвалі калядныя хіты, святочная ілюмінацыя ператварыла стомленых мясцовых жыхароў у цікаўных турыстаў, а ў грамадскіх месцах людзі зычылі адно аднаму «Вясёлых калядаў».
Святочны Лондан
Каляды 25 снежня тут галоўнае свята для многіх, нават тых, хто не прытрымліваецца рэлігійных поглядаў. Гэта і доўгачаканы адпачынак, і магчымасць прабавіць час з сям’ёй, з блізкімі. Што праўда, хоць для многіх нагода пабыць з сям’ёй — радасная, шмат хто не можа гэтага зрабіць, альбо не хоча, альбо не мае сям’і, альбо не мае нават дому...
Цябе, напэўна, цікавіць, чым я займаюся падчас гэтага свята — я ж не каталічка, а ты традыцыйна лічыш 25-га каталіцкім Раством і ўвогуле ўпарта называеш «польскім», хоць я і тлумачу табе кожны раз, што не толькі палякі — каталікі. У мой першы лонданскі снежань, тры зімы таму, я вырашыла цалкам праігнараваць свята. Гэта было лёгка зрабіць, бо я тады не мела кола блізкіх людзей. Раніцай я чытала кнігу, а ўдзень выйшла на шпацыр у парк Хэмстад-хіс (Hampstead Heath), які знаходзіўся ў паўгадзінным шпацыры ад мяне; хацела падаследаваць раён. Таксама я мела заданне ад маёй псіхатэрапеўткі: пагутарыць і пасябраваць з Лонданам, бо стала відавочна, што дадому я пакуль не вярнуся, і я зрывалася на Лондане, які быў ні ў чым не вінны.
Горад стаяў пусты і ціхі: 25 снежня ў Лондане (і ва ўсёй краіне) не працуе грамадскі транспарт. Па дарозе ў парк мне сустракаліся рэдкія машыны і яшчэ больш рэдкія пешаходы, затое ў парку людзей было багата, асабліва з сабачкамі. Падчас кавіда ў Лондане былі ўсталяваныя даволі строгія правілы — выходзіць з хаты можна было ў вельмі абмежаваных выпадках: па медычную дапамогу, па прадукты ці лекі, калі гэтага патрабавала праца, і раз на дзень для фізічнай актыўнасці. Многія завялі сабачкаў, бо з імі можна было выходзіць на шпацыр, плюс сабакі — добрыя сябры, якія паляпшаюць псіхічнае здароўе людзей. Лакдаўн скончыўся — сабачкі засталіся.
Хэмстад-хіс
Я прыйшла ў парк, стала пасярод узгорачка, з якога былі бачныя вежы Сіці, і ўголас гутарыла з Лонданам, тлумачыла свае пачуцці, прасіла прабачыць, што злуюся на яго, і прасіла падтрымкі. Праз паўтара гады пасля таго дня я пераехала ў новы дом — у трох хвілінах ад таго самага ўзгорку... Чым не цуд?
І ўсё ж мне было самотна ў той калядны дзень, і я вырашыла так: я магу супраціўляцца гэтаму святу і заставацца самотнай, а магу быць сярод людзей і грэцца ад іх цеплыні. На наступную ноч перад Раством я была ў Дж., разам з іншымі такімі ж самотнымі, хто не мае сям’і побач. Гэта быў вельмі ўтульны вечар: мы з маёй беларускай сяброўкай О. прыгатавалі беларускія навагоднія салаты, якія дадалі пачуццё дому. Гарэў камін, на фоне граў калядны джаз, Дж. чытаў нам гісторыі, чыўаўа Мафін, прыемна ўзбуджаны прысутнасцю гасцей, бегаў і зазіраў у нашыя талеркі. На наступны дзень я адпачывала, адчуваючы сябе не чужой і не адзінокай у гэтым горадзе.
Сёлета мы зноў збіраліся ў Дж., гэтым разам ангельска-беларуска-ўкраінска-карэйскай кампаніяй. Усе прынеслі штосьці са сваёй традыцыйнай ежы, мы пілі глінтвейн, гутарылі, гулялі ў «пошук скарбаў», абменьваліся падарункамі, пісалі на паперках, што хацелі б пакінуць 2024 году, — і спальвалі, пісалі, што хацелі б забраць з сабой у наступны, — і захоўвалі. Спявалі, я нават заспявала беларускую калядку «А ў свеце нам навіна была...» — і астатнія падпявалі радок, які паўтараўся: «Святы вечар». Гэта было так кранальна! І мова — не перашкода.
Фота: Сана Крыва
Пасля некаторыя паехалі дахаты, а пяцёра з нас схадзілі на святочную службу ў мясцовую англіканскую царкву. Мне было дужа цікава паглядзець, як гэта адбываецца, якія традыцыі. Англіканская царква, у параўнанні з праваслаўнай ці каталіцкай, — вельмі простая, у ёй няма выкшталцоных упрыгожанняў, вонкавага бляску. Мне гэта імпануе. Службу вяла жанчына — я так зразумела, што яна і ёсць святаркай у царкве. Весці багаслужэнне ёй дапамагалі некалькі служак. Тэксты, якія мы спявалі, як і тэксты малітваў, былі традыцыйныя, але прамовы, якія рабілі служкі царквы, былі даволі актуальныя: узгадалі Украіну, і Газу, і небяспеку экалагічнага крызісу, і чарговы царкоўны скандал (звязаны з сэксуалізаваным гвалтам). Праўда, рэлігійныя цырымоніі — усё адно не маё.
Царква Св. Эндру ў калядную ноч
Беларускія Каляды ў Лондане пачаліся з традыцыйнай святочнай батлейкі, якая прайшла акурат на сонцастаянне. Гэта было сапраўднае свята! Прыгажэнныя лялькі, хор і традыцыйныя спевы, скрыпачка — так і хацелася пару разоў затанчыць лявоніху!
Батлейка ў Царкве Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Апекуноў Беларускага Народа, Лондан
У беларускай супольнасці на поўначы Лондана таксама ёсць традыцыя святкавання Калядаў: служба ў царкве і прыняццё ў Марыён Гаўзе. А пасля некаторыя застаюцца святкаваць вузкім колам, гатуюць традыцыйныя беларускія стравы. Сёлета была куцця, грыбная поліўка, перапечкі, тушаная капуста, узвар, пячоны карп — і сена пад абрусам, традыцыя на дабрабыт і багацце на наступны год.
Стол з традыцыйнымі каляднымі стравамі. Фота: Г. Ш.
Вось я табе распавяла, што робяць людзі, у якіх ёсць дом ці куды пайсці на Каляды, а як быць тым, у каго няма? У Брытаніі, у адрозненне ад Беларусі, бесхацінцаў не хаваюць і ад іх не чысцяць вуліцы. Ёсць некалькі арганізацый, якія дапамагаюць людзям, што жывуць на вуліцы. Напрыклад, арганізацыя Crisis («Крызіс») штогод перад Раством ладзіць збор, каб аплаціць гатэль ці хостэл у калядную ноч для бесхацінцаў. Сёлета яны планавалі падтрымаць 6000 такіх людзей...
Вось і завяршаю свой чарговы ліст.
Са святамі, мамка! Няхай святло хутчэй пераможа. А ты клапаціся пра сябе, адпачывай больш, добра харчуйся ды сачы за імунітэтам. Папрашу Святога Міколу пра хуткую сустрэчу для нас.
Твая дачушка