Вучыцца ў Максіма Багдановіча

Тры творчыя сустрэчы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі 10 лістапада на Маладзечаншчыне паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк: у Маладзечанскім політэхнічным каледжы, у Хажоўскай СШ і маладзечанскай СШ № 5.

“У сталіцы беларускай песні, ці горадзе сонца, як з любоўю называюць Маладзечна, мы, як выявілася, апошні раз былі 5 гадоў таму. Вось чаму да чарговага візіту мы рыхтаваліся з асаблівым хваляваннем. Але, як нам падалося, усё прайшло проста выдатна. Гэта датычыць і сустрэчы ў політэхнічным каледжы, дзе мы выступалі перад будучымі будаўнікамі і работнікамі сельскагаспадарчай індустрыі, і ў Хажоўскай СШ, дзе мы заклалі традыцыю літаратурных святаў, і ў СШ № 5 Маладзечна.

У гэты лістападаўскі пахмурны дзень нас грэла сонца паэзіі Максіма Багдановіча, да блізкага юбілею якога гэтыя сустрэчы і былі прымеркаваныя. І, трэба сказаць, невыпадкова, бо з Маладзечаншчынай Максіма Багдановіча звязвае далёкі 1911 год, калі ў фальварку Ракуцёўшчына паэт правёў два незабыўныя месяцы адпачынку… Падчас усіх трох сустрэч на прыкладзе жыццёвага лёсу нашага вялікага паэта мы шчыра заклікалі слухачоў быць беларусамі і вельмі спадзяемся на тое, што былі пачутыя…” – падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Маладзечна выступоўцы.

 

 

 

Тэгі: