Вучымся граць на беларускай дудзе! Урокі майстра Юрася Панкевіча хутка ў сеціве (ВІДЭААНОНС)

07.12.2015 Музыка

Гукі дуды бяруць за душу? Даўно хочаш навучыцца граць? Не ведаеш, з чаго пачаць?

Культурніцкая пляцоўка “Арт Сядзіба”, крама Symbal.by і грамадская культарніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” прадстаўляюць 10 бясплатных відэаўрокаў ад вядомага беларускага майстра і дудара Юрася Панкевіча, якія неўзабаве з’явяцца ў сеціве!

Як выбраць і настроіць дуду? Як узяць першую ноту, вывучыць мелодыю? Як упісаць дуду ў гурт і падстроіць падчас канцэртаў? “10 урокаў” адкажуць на ўсе гэтыя пытанні.

pank

Фота – BTW photographers

Я граю на дудзе ўжо 13 гадоў, — распавядае майстар, дудар гурта “PAWA”, а цяпер і відэанастаўнік Юрась Панкевіч. — Падчас здымак я пастараўся паставіць сябе на месца пачаткоўца. Прасіў таксама здымачную групу не саромецца і задаваць пытанні пра ўсё, што няясна.

Калісьці  я пачынаў з таго, што вучыўся рабіць дуду ў майстра Тодара Кашкурэвіча. Калі мы скончылі, Тодар паказаў мне проста ў майстэрні, што і як цяпер з ёй рабіць. Але ўжо дома ад радасці і хвалявання я не мог успомніць анічога з таго, што ён мне паказаў! Вось тады такі матэрыял быў бы мне вельмі дарэчы. Таму я лічу, што нашыя “Відэаўрокі” гэта карысны дапаможнік для пачаткоўцаў!”

Здымкамі відэаўрокаў займалася каманда “Арт-Сядзібы”. Зміцер Афанасенка, які такім чынам праслухаў увесь курс дудара-пачаткоўца, зняўся ў бонусным відэа, дзе паспрабаваў узяць свае першыя ноты на дудзе. (Маленькі спойлер — у яго атрымалася! :))

Чакаем з’яўлення “10 урокаў” у сеціве! Глядзім невялічкі відэаанонс!

І пачынаем рыхтавацца! Замовіць дуду для сябе можна, напрыклад, ТУТ ;)