Пісьменніца і выкладчыца Наталка Харытанюк зрабіла з камандай энтузіястаў унікальны відэакурс урокаў ангельскай мовы для беларускамоўных дзетак. Аказваецца, нават у беларускамоўных школах практыкі выкладання замежнай мовы праз родную не было і пакуль няма.

Наталка Харытанюк — вядомая беларуская пісьменніца, лаўрэатка прэміі «Дэбют» за кнігу апавяданняў «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката» (2010). Раман «Смерць лесбіянкі» (2013) трапіў у лонг-ліст Прэміі Ежы Гедройца за 2013 год. А яшчэ яна выкладчыца ангельскай мовы, праўда, цяпер працуе не ў Беларусі — Наталка Харытанюк з лета 2021 года жыве ў Батумі. Нядаўна яна запусціла цікавы і незвычайны праект «English з Наталкай»: урокі ангельскай па-беларуску". Вось як Наталка Харытанюк прадстаўляе свой відэакурс: «Новыя тэхнікі навучання і запамінання — яскравыя вобразы, мнематэхнікі, гульні і цікавыя заданні. Навучайцеся з намі, і вы зможаце расказаць па-ангельску не толькі пра «лондан іс зэ кэпітал», але і пра беларускія лясы і вожыкаў з-пад возера Нарач, і нідзе не памыліцеся ані ў суфіксах, ані ў артыклях! Вы марылі вучыць ангельскую праз беларускую? Цяпер гэта магчыма!».
У інтэрв’ю Budzma.org Наталка Харытанюк кажа, што стварэнне праекта «English з Наталкай» «было нават і не зусім маёй ідэяй».
— Мне гэта прапанавалі акурат бацькі, якія выхоўваюць беларускамоўных дзетак, якія цяпер не ў Беларусі і якім вельмі важная адукацыя на роднай мове. Зразумела, яны думаюць пра вяртанне ў Беларусь — невядома калі, але ж мы вернемся — і яны хочуць, каб дзеці маглі там аднавіцца па беларускай праграме. А як гэта наладзіць, калі, прыкладам, вялікая сям’я, калі чацвёра дзяцей, калі рэпетытара на ўсіх не возьмеш, анлайн-школкі складана адсочваць, невядома, ці ў мясцовую школу ісці, ці ў анлайн беларускую... І яны прыдумалі сабе такую карцінку, што для дзетак у Беларусі і па-за Беларуссю павінна быць беларуская школьная адукацыя, павінны быць новыя матэрыялы, выкладзеныя ў вельмі зручным фармаце на YouTube па-беларуску. А ў ідэале, далей, яны хочуць стварыць такую платформу, дзе гэта ўсё будзе сабранае разам — і YouTube, і спасылкі на кансультацыя нейкія з настаўнікамі, каб атрымалася такая цалкам сабе беларускамоўная школа, якая адпавядае нашай праграме. Вось мяне мяне папрасілі падумаць, як можна зрабіць урокі ангельскай.
— І як прыдумалі?
— Я ўзяла наш беларускі падручнік Лапіцкай для пятай класы — і зразумела, што ён насамрэч класны! Я ніколі не працавала ў школе, не выкладала дзецям — з дарослымі працую па ангельскай — і мне вельмі спадабаўся гэта падручнік, там ужо ўсё цудоўна. Аказваецца, у нас ёсць беларускамоўны падручнік па ангельскай мове — я раней ніколі пра гэта не задумвалася нават! І ён класны, гэты падручнік. Ёсць розныя метадычныя штучкі, яны ўсе вісяць на спецыялізаваных сайтах — альбо бескаштоўныя, альбо па два рублі, то-бок гэта ўсё ёсць і ёсць даступным. Проста ў школах жа нашых гэтага ніхто не практыкуе, наогул нічога пра беларускамоўныя заняткі ангельскай. Калі мой сын вучыўся ў беларускамоўнай класе ў Беларусі, то ўсё роўна ўсе замежныя мовы ў гэтай школе выкладаліся па-расейску, настаўнікі проста не маглі па-беларуску. Вось з гэтага ўсё і пачалося, вось так і пачалі запісваць нашы ўрокі.
— А новыя тэхнікі, пра якія вядзецца ў анонсе відэакурсу — гэта ўжо Вашыя напрацоўкі?
— Ну вось гэтыя хітрыкі кшталту, як запамінаць рэчы, гэта не з нашых школьных падручнікаў, там такога не было, хаця там ёсць шмат усяго цікавага іншага. А гэтыя прыёмы я назбірала за ўвесь свой педагагічны досвед на розных выкладчыцкіх семінарах на розных узроўнях, не для дзетак, а для дарослых. Вельмі люблю іншыя рэцэптары падключаць у працэсе, не толькі каб вось візуальная памяць — паглядзеў-запомніў, а каб можна было крычаць, шаптаць, маляваць пальцам дзесьці. Трэба ўсе сэнсорыкі ўключыць — і дарослым, і дзецям гэта ўсё вельмі важна. Калі з іншага боку ўвагу на гэтыя новыя незнаёмыя словы накіроўваць, то тады яны лепш і ахвотней застаюцца з намі. Я не прыдумала гэтага, яно назбіралася за час — нават не змагу ўзгадаць, на якім семінары што і ад каго я пачула. Проста адчуваю, што вось тут класна было б пакрычаць — тэма «звяры ў лесе» — вось мы крычым ім, гукаем і запамінаем, а вось тут — тэма пра ландшафт, краявіды — пісаць пальцам у паветры. Вось такое — па інтуіцыі, але з агульным багажом папярэдніх семінараў.
— Колькасць падпісчыкаў відавочна расце — літаральна вось тры дні таму было 700, зараз — больш за тысячу. Як для адукацыйнага праекта на старце, здаецца, няблага. А як самі ацэньваеце цікавасць да такога курсу?
— Ведаеце, мне цяжка ацэньваць. Я не разумею ў гэтых лічбах... А вось гэтая каманда энтузіястаў-стваральнікаў, як іх называю, ці вельмі класная каманда беларускамоўных бацькоў, то яны кажуць, што паказчыкі каналу вельмі класныя. Наогул, мы разлічваем, што беларускіх дзетак у пятай класе, якія б маглі паглядзець, зараз 100 тысяч прыкладна. Але колькі з іх беларускамоўных дзетак — гэтага ніхто не ведае, зразумела, што менш за 100 тысяч. Але мы спадзяёмся, што якасць відэа і цікаўнасць да прадмету прымусіць нават не беларускамоўных дзетак глядзець і цягнуцца да беларушчыны. Вось таму арыентуемся на такую вялікую лічбу.
Ёсць беларускамоўныя сем’і. Я з іх інтарэсаў зыходжу — сем’яў, у якіх дзеці выключна беларускамоўныя, многія з якіх нават не ведаюць расейскай. Вось, напрыклад, ёсць у нас тут сям’я, у якой дзіця не можа наведваць гурткі, бо ўсё вакол па-расейску, нават калі гэта грузінская навучальная ўстанова для замежнікаў. Ды ў мяне самой сын, калі пайшоў у школу і першы раз пабачыў на сшытку слова «тетрадь», ён спытаў: «А што такое «тЕтрадь»? То-бок такая сітуацыя вельмі сур’ёзна затарможвае навучанне малых. Ну вось, як нам здаецца, дарослым, тым, хто вырас у Беларусі ў познесавецкія ці ў 1990-я — ну немагчыма ж не ведаць расейскую, мы ж усе ведаем яе па змоўчанні? Але ёсць дзеці нашага пакалення — тых, хто дзяцей ужо выгадаваў чыста па-беларуску. І абсалютна несправядліва, што гэтыя дзеці вымушаныя на некалькі секунд затарможваць у параўнанні з іншымі дзецьмі, калі адукацыя ідзе выключна праз расейскую на нейкіх прадметах. А гэта сапраўды так. Трэба пару секунд, каб гэта ўсё адаптаваць і зразумець.
Таму выключна важна, каб усё, што трэба, было і праз беларускую мову. Іншае пытанне, які адсотак нас будзе. Канечне, хочацца, каб гэты адсотак нарастаў. Але нават маленькі гэты адсотак ужо ёсць — і дзеля яго трэба рабіць вельмі якасныя рэчы па-беларуску.
— Што асабіста натхняе ў такой працы?
— Тут усё грунтуецца на маіх псіхалагічных асаблівасцях. Самае лепшае, што я магу рабіць — гэта перадаваць складаную інфармацыю простым спосабам. Я гэта вельмі люблю і атрымліваю асалоду. Я добра ведаю ангельскую мову, граматыку, таму гэта мне прыемнасць — спрошчана, неяк лёгка, патлумачыць складанае іншым.
— А ці ўдасканальвае такі курс замежнай і родную мову вучняў?
— Многія пішуць у каментарах, што так. Але, ведаеце, тут такая цікавая рэч наконт мовы. Насамрэч, у агульнапрынятай методыцы лічылася і лічыцца цяпер, што задача выкладчыка — не выкарыстоўваць родную мову на занятках замежнай зусім, гэта лічыцца вышэйшым пілатажам, калі на ўроку настаўніца нават ні слова не сказала на роднай мове. Але мне асабіста здаецца, што мне было б вельмі некамфортна, калі я, здаецца, здагадваюся значэнне слова, але не магу спраўдзіць, ці правільна я здагадалася, а такое падчас заняткаў замежнай бывае часта. Адна справа, калі дзіця пагружаецца ў атмасферу гэтай мовы, ходзіць у англамоўны садочак, сям’я жыве ў англамоўнай прасторы — тады сапраўды не патрэбная родная мова на занятках, бо дзіця ўключаецца па сітуацыі. А калі дзіця толькі тры разы на тыдзень сутыкаецца з замежнай мовай, вывучае сінтэтычна-аналітычна, збіраючы ўсё, складаючы і трэніруючы, то гэта даўжэйшы шлях, ён не такі эфектыўны, але мы так робім, мы так жывём, у нас няма іншага пакуль што варунку. Тут, мне здаецца, важна, каб дзіцяці адгукалася родная мова, каб ён ці яна маглі спраўдзіць, ці правільна разумеюць. Гэта не метадычна зараз, з пункту гледжання вышэйзгаданай методыкі, няправільна, але чыста па досведзе і па сваіх уласных асаблівасцях — то мне патрэбная родная мова на занятках замежнай. Таму я лічу, што гэта будзе добра, калі дзеці адразу будуць яшчэ і звярацца: ага, правільна зразумеў.
— У Вашых акаўнтах у Instagram і Facebook ёсць і абвесткі для дарослых, гэта яшчэ нейкія праекты?
— Гэты вось курс для беларускамоўных дзетак мы запісалі літаральна за тры сустрэчы — усю чацвёртую чвэрць для пятай класы. Будуць, зразумела, і іншыя курсы. А так усё жыццё я займаюся выкладаннем ангельскай дарослым, зараз, праўда, толькі анлайн. Выкладаю дарослым у невялікіх групах, час ад часу абвяшчаю ў іх наборы — кароткія забегі на пару месяцаў звычайна. Вось зараз якраз ствараю свой сайт.
— Ці застаецца час на творчасць?
— Вось некалькі дзён таму на такое ж пытанне вельмі эмацыйна адказала: не, на творчасць нічога не застаецца! Наскардзілася. А зараз магу сказаць, што так, я вярнулася да творчасці. Пішу і дарослыя апавяданні, і думаю над казкамі. Яно, канечне, зараз не выдаецца пакуль. Але мне хочацца, каб людзі маглі пабачыць нешта і да выхаду традыцыйнай кнігі. І вельмі добра, што ў нас ёсць цудоўны Макс Шчур, які выдае беларускую творчасць анлайн, ён сваёй незалежнасцю ад усіх працэсаў мне страшна сімпатычны, калі я дапішу свае дарослыя рэчы, то буду аддаваць яму. Выдаць, можа быць, атрымаецца потым.
Я ўпэўненая чамусьці, хоць і не ведаю як, што раней ці пазней мы ўсе будзем дома, будзем згадваць усё гэта і не разумець, як гэта ўсё магло з намі і Беларуссю здарыцца.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Фота з асабістага архіву Наталкі Харытанюк