Беларускія вулічныя музыкі ў Варшаве: збіраюць грошы на альбом і адпачываюць ад нятворчай працы (фота, відэа)

20.08.2022 Музыка

Прагульваючыся па старым горадзе Варшавы летнім вечарам можна спаткаць шмат вулічных музыкаў-беларусаў. Яны граюць ды пяюць сола і цэлымі гуртамі, у акустыцы і з гукаўзмацняльнікамі. Пачытайце іх гісторыі. А калі вы ў Варшаве, то абавязкова схадзіце паслухаць. У якіх месцах Варшавы выступаюць беларускія музыкі, распавядаем у артыкуле.



muzyki01.jpg

Гурт Belarusian Truestory сабраў у 2021-м годзе Васіль «Атам» Грудовік, які потым загінуў, абараняючы Украіну. Музыкі маюць у рэпертуары песню пра яго.

Перад стварэннем гурта частка яго ўдзельнікаў ўжо мела вопыт вулічных выступаў у Санкт-Пецярбургу.

Першую аўтарскую кампазіцыю гурта пад назвай «Май» можна паслухаць на Spotify альбо на старонцы гурта ў інстаграм.

2022-08-20 вулічныя музыкі_АЛ_003.jpg

Belarusian Truestory адразу дзейнічаў пераважна як вулічны гурт. Яго можна пабачыць у розных месцах Варшавы: акрамя старога горада — на ўзбярэжжы Віслы, ля Палаца культуры і навукі. Выступаюць таксама ў барах і на беларускіх імпрэзах. 

Уладзімір грае на колавай ліры беларускія народныя і сярэднявечныя мелодыі. Распавядае, што на ім лідска-навагрудскі строй, вытканы ў лідскім Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры.

2022-08-20 вулічныя музыкі_АЛ_022.jpg

Нейкі час мужчына там працаваў. Потым жыў у Мінску, засвоіў прафесію бармэна, спрабаваў сябе ў мадэльным бізнэсе. У Варшаве ён тры месяцы, працуе кур’ерам. «У некаторым сэнсе пачынаю жыццё з пачатку, — пасміхаецца Уладзімір. — Жыву так, нібыта мне 25 гадоў».

Каб адпачыць ад нятворчай працы і проста пакантактаваць з людзьмі, у выходныя і святочныя вечары Уладзімір грае ў старым горадзе. Яго выступ доўжыцца каля гадзіны. На варшаўскай старуўцы жывуць звычайныя людзі, якім ранкам на працу, таму часам Уладзіміра прасілі адысьці з-пад іх вокнаў, і тады ён шукаў іншае месца. Але заўсёды атрымлівалася знайсці пляцоўку між Замкавай і Рынкавай плошчай, дзе ніхто не меў да музыкі прэтэнзій.

2022-08-20 вулічныя музыкі_АЛ_011.jpg

2022-08-20 вулічныя музыкі_АЛ_012.jpg

Вяртацца ў Беларусь Уладзімір пакуль не плануе.

2022-08-20 вулічныя музыкі_АЛ_030.jpg

Гурт 23.34 Band утварыўся некалькі месяцаў таму ў Варшаве. Музыкі нават называюць месца, дзе гэта адбылося: беларускі паб Beer Station.

Пра затрыманне і ад’езд з Беларусі дудара Дзяніса Шматко, які грае ў 23.34 Band, мы нядаўна пісалі. Гурт збіраецца выдаваць альбом, граннем на вуліцы збірае на яго грошы. Выступае таксама ў пабах, на розных беларускіх мерапрыемствах (напрыклад, граў на адкрыцці Музея Вольнай Беларусі, пра якое мы таксама пісалі).

2022-08-20 вулічныя музыкі_АЛ_002.jpg

2022-08-20 вулічныя музыкі_АЛ_005.jpg

Яшчэ адзін гурт, дзе ўдзельнічае Дзяніс Шматко, — «Літы талер». Частка музыкаў прыехала ў Варшаву ўвосень 2021-га, частка — у апошнія месяцы. У старым горадзе іх можна пабачыць нячаста. Збольшага ўдзельнікі гурта маюць таксама працу, не звязаную з музыкай. Калі ужо выступаюць на вуліцы, то могуць граць ад паўгадзіны да палутара.

«Літы талер» выступае найчасцей каля скульптуры Сірэнкі на рынку старога горада. Але іх трэба «злавіць», бо гэта папулярнае месца для выступаў вулічных музыкаў.

2022-08-20 вулічныя музыкі_АЛ_025.jpg

Дзяўчаты са Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве спяваюць на старуўцы некалькі разоў на тыдзень. Звычайна гэта адзін ці два сэты прыкладна па 40 хвілін.

Нядаўна мы распавядалі пра дзейнасць Школы. З верасня плануецца яе пашыраць: будуць заняткі па гранні на дудзе, магчыма, таксама лекцыі пра розныя аспекты беларускай традыцыйнай культуры (строй, святы).


Найчасцей дзяўчаты спяваюць каля Барбакана ці на Рынку старога горада ў пасляпрацоўны час.  Звычайна пачынаюць недзе каля 19.00.

Спявачак ужо добра ведаюць і жыхары старога горада, і гандляры, якія там працуюць. З’яўляюцца сталыя прыхільнікі, якія праходзячы каля дзяўчат выбачаюцца, што не маюць пры сабе грошаў.

Алена Ляшкевіч, budzma.org

Фота і відэа аўтаркі