Ван Гог адрэзаў сабе вуха, Напалеон Банапарт быў маленькага росту, Сальеры атруціў Моцарта. У сусветнай гісторыі поўна замаскіраваных пад праўду і растыражаваных міфаў, у якія многія вераць да гэтага часу. У гісторыі Мінска іх таксама нямала — CityDog.io сабраў для вас 5 «дакладных фактаў».
1. Першы мінскі замак знаходзіўся ў раёне станцыі метро «Няміга»
«Менскі замак — старажытная драўляная крэпасць, якая паклала пачатак Менску. Пабудаваны ў другой палове XI стагоддзя каля зліцця рэк Нямігі і Свіслачы (раён сучаснага пляца 8 Сакавіка і ст. м. «Няміга»)», — абвяшчае «Вікіпедыя».
Вось толькі гісторыкі сцвярджаюць іншае: першы старажытны мінскі замак, як і сам горад, бярэ свой пачатак у вёсцы Гарадзішча на рацэ Менка — за 15 км ад Нямігі. Пацвярджаюць гэта і шматлікія прадметы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак пачынаючы з 1920-х гадоў.
Чаму ж усе гавораць пра Нямігу?
Паселішча з умацаваным замкам на Менцы з’явілася ў IX стагоддзі. А праз 200 гадоў полацкі князь Усяслаў Чарадзей, як лічаць гісторыкі, перанёс яго на Нямігу (дзе таксама быў узведзены замак), каб абараніць: на той час Менск перажыў некалькі нападаў і пажараў.
Ёсць і іншая версія таго, як у горада з’явілася новая прапіска: «Усяслаў Чарадзей спецыяльна пабудаваў новую крэпасць з замкам, назваў яе Нямігай (ці Нямізай), а пасля перайменаваў у Менск, каб падкрэсліць пераемнасць і сваю ўладу», — лічыць гісторык Сяргей Тарасаў.
Больш пра горад Няміга і прызнанне гарадзішча месцам, дзе пачынаўся старажытны Менск, можна даведацца ў матэрыяле «Вы ведалі? Навукоўцы сцвярджаюць, што Мінск стаіць на месцы зніклага горада. Адгадайце, як той называўся».
2. Адноўлены гатэль «Еўропа» стаіць на ранейшым месцы
Двухпавярховы і пад назвай «Паляка» — менавіта такі першапачаткова быў легендарны мінскі гатэль, пабудаваны ў XIX стагоддзі на скрыжаванні цяперашняй вуліцы Леніна і плошчы Свабоды. Пасля пажару 1884 года яе рэканструявалі, надбудаваўшы яшчэ адзін паверх, і далі новае імя — так у горадзе з’явілася свая «Еўропа».
У 1906–1908 гадах гасцініцу перабудавалі ў стылі мадэрн. Яна стала «самым буйным грамадзянскім збудаваннем дарэвалюцыйнага Мінска — шэсць паверхаў». Пасля рэвалюцыі фешэнебельную «Еўропу», дзе быў нават ліфт — першы ў горадзе, — ператварылі ў інтэрнат. Але ў 1925-м у будынку зноў адкрылі цэнтральны гатэль Мінкамгаса.
«Большасць пакояў, а можа быць, і ўсе, заражаныя блашчыцамі. У шматлікіх нумарах разгульваюць полчышчы вялізных пацукоў. Нумары абстаўлены неахайна. Унутраны двор, куды выходзяць вокнамі мноства нумароў танней, — агідная клаака», — так апісваў той гатэль прафесар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Кайгародаў.
Чаму ж «Еўропу» прыйшлося аднаўляць?
Вырашыла ўсе «праблемы» Другая сусветная вайна. У першыя дні вайны ў Мінску гатэль быў разбураны пры бамбардзіроўцы. Прадстаўнікамі надзвычайнай камісіі па ўліку шкоды, прычыненай нацыстамі, зафіксавана: «Цалкам усё знішчана. Нічога не засталося». Але гэта яшчэ адзін растыражаваны міф.
«Амаль да канца 1940-х прастаялі драбы будынка гасцініцы — капітальныя сцены, насычаныя металічнымі канструкцыямі, месцамі захаваліся на вышыню 5–6 паверхаў», — сцвярджае гісторык Расціслаў Баравы. А пацвярджаюць ягоныя словы вось гэтыя здымкі 1941 года.
Вядома, ці наўрад у такім жа выглядзе гасцініца дачакалася вызвалення Мінска. Але, як бы тамака ні было, аднаўляць яе з руін усё роўна не збіраліся. Гасцініца не ўпісвалася ў праект новай забудовы гэтага ўчастка: яна трапляла на бакавы бульвар і часткова — на праезную частку пашыранай вуліцы Леніна, таму і была знішчана цалкам.
Доўгі час месца, дзе стаяла «Еўропа», пуставала. Бульвар там быў разбіты ў 1950-я, а праз дзесяцігоддзе пабудавалі і павільён, у якім спачатку знаходзілася кафэ-марожанае «Пінгвін», а пасля — «Блюз-кафэ».
Свайго адраджэння мінская «Еўропа» чакала амаль 70 гадоў. Толькі ў красавіку 2004-га Аляксандр Лукашэнка даручыў аднавіць будынак гатэля. І праз тры гады пяцізоркавы гатэль прыняў першых наведвальнікаў.
І дзе зараз стаіць гасцініца?
Дакладнай копіяй ранейшай «Еўропы» ён не стаў, хаця фасад будынка, як і першапачаткова, выкананы ў стылі мадэрн пачатку ХХ стагоддзя. Плюс гасцініца стала вышэйшай яшчэ на адзін паверх. І стаіць яна не на сваім ранейшым месцы, як працягваюць сцвярджаць некаторыя крыніцы.
Вышэй мы згадалі, што вуліца Леніна пасля вайны была пашырана, быў разбіты бульвар, таму, каб захаваць новую лінію магістралі, «Еўропу» прыйшлося змясціць лявей, да Беларускай акадэміі музыкі.
Дарэчы, у XIX стагоддзі на месцы, на якім зараз стаіць гасцініца, знаходзіўся не менш знакаміты будынак — першы мінскі тэатр, у якім у 1852-м адбылася прэм’ера першай беларускай оперы «Ідылія» Станіслава Манюшкі.
3. Мінск штучна зрабілі горадам-мільянерам, каб пабудаваць метро
У СССР існавала негалоснае правіла: сваё метро можа атрымаць толькі горад з мільённым насельніцтвам. І шмат у чым гэта сапраўды было так. Мінскі метрапалітэн стаў рэальнасцю 25 студзеня 1972 года, калі ў шостай гарадской бальніцы нарадзіўся мільённы мінчанін.
Разам з ім на свет з’явіўся і міф аб тым, што колькасць горада завысілі штучна, каб хутчэй распачаць будаўніцтва метро. Вось толькі з 1959-га і на працягу 30 гадоў насельніцтва Мінска расло ў сярэднім на 5,5% у год — гэты ўнікальны рост (з 500 тысяч да 1,5 млн чалавек) назвалі «мінскі феномен».
Таму неабходнасці спецыяльна завышаць колькасць жыхароў горада не было.
Іншая справа, што раптоўным павелічэнне насельніцтва Мінска таксама не было. Пасля вайны яно скарацілася амаль у 6 разоў — з 270 да 45–50 тысяч чалавек, — таму рост планавалі. Але ўвесь час пралічваліся. Так, з’яўленне на свет мільённага мінчаніна прагназавалася на пачатак 80-х. А тады ў горадзе пражывала ўжо больш за 1,3 млн чалавек.
Як насельніцтва сталіцы вырасла ў 27 разоў і чаму Мінск не быў да гэтага гатовы, можна прачытаць тут. А больш падрабязна — у кнізе нямецкага гісторыка, вучонага-урбаніста Томаса Бона ««Мінскі феномен». Гарадское планаванне і урбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля Другой сусветнай вайны».
Дарэчы, у гэтай кнізе Томас Бон прыводзіць і факты, якія «здымаюць маску» з прыгожага і распаўсюджанага падручнікамі гісторыі міфа. Аказваецца, пасля вызвалення Мінска гараджане не рваліся аднаўляць сталіцу БССР.
Энтузіязм расчышчаць завалы ва ўсіх знік ужо пасля першых двух тыдняў работ. Удзел у іх жанчын быў, хутчэй, для карцінкі, а іншагароднія работнікі ўвогуле масава дэзерціравалі: выгод ніякіх, аплата мінімальная. У такой сітуацыі незаменнымі сталі палонныя немцы — у 1946-м у Беларусі іх было больш за 100 тысяч.
Так, напрыклад, нямецкія ваеннапалонныя ўдзельнічалі ў будаўніцтве Трактаразаводскага пасёлка і знакамітага «дома з русалкамі», пра які мы ўжо расказвалі ў рубрыцы «Мінскія пад’езды». Рэпатрыяваныя з Беларусі яны афіцыйна былі ў 1950 годзе.
4. Вуліца Няміга заўсёды так і называлася
Мінскія вуліцы мянялі свае назвы вельмі часта. Пік «імяннага» буму прыпаў на ХХ стагоддзе: савецкая ўлада актыўна пазбаўлялася мінулага, якое нагадвала пра польскае паўстанне, Рэчу Паспалітую, Расійскую імперыю. Але ў Мінску ўсё ж засталіся вуліцы, якія не мянялі імёны больш за сто гадоў. Як думаеце, якая на першым месцы?
Самы распаўсюджаны і папулярны адказ — вуліца Няміга. Яна адна з найстарэйшых у горадзе, узнікла яшчэ ў XII стагоддзі ўздоўж аднайменнай ракі.
Нямігай у народзе лічыўся ўвесь раён ад вуліцы Койданаўскай (сучасная Рэвалюцыйная) да Старамясніцкай (не існуе) і ад ракі Свіслач да вуліцы Раманоўскай (раней Рэспубліканская, а цяпер — Раманаўская Слабада).
Нямігская вуліца, 1926 год. Зняты драўляны насціл, каб узяць раку ў бетонны калектар. Цяпер на гэтым месцы ГД «На Нямізе»
Вось толькі частка вуліцы ад Свята-Петрапаўлаўскага сабора да Зыбіцкай да рэвалюцыі называлася Кацярынінскай, а ў 30-я насіла імя Калініна.
Асноўная ж частка вуліцы доўгі час была Нямігскай (гэта назва сустракаецца ў дакументах ХVI—ХIХ стст.). Як адзначае краязнаўца Вадзім Зелянкоў, такі варыянт больш адпавядаў традыцыям беларускай тапанімікі.
«Нямігская» існавала да 1967 года — тады вуліца канчаткова стала Нямігай.
Вуліца Няміга, жнівень 1965 года. Фота: Юрый Іваноў
«З гэтай вуліцай звязаны яшчэ адзін тапанімічны міф, які трапіў нават у «Вікіпедыю»: нібыта падчас вайны немцы называлі яе Хаімштрасэ, таму што тут пачыналася тэрыторыя гета. Можа быць, у размовах акупантаў такая грэблівая назва і праскоквала, але не больш. Насамрэч яны перайменавалі Нямігу ў Pionierstrasse — Сапёрную вуліцу», — распавядае Вадзім Зелянкоў.
5. Кіраўніком мінскага падполля ў 1941–1942 гадах быў Ісай Казінец
Ісай Паўлавіч Казінец — ён жа «Слава», «Юрыгін» і «Слаўка Пераможа» — лічыцца героем антыфашысцкага падполля ў Мінску. Родам ён з Херсонскай вобласці. Калі пачалася вайна, працаваў інжынерам у Беластоку, а адтуль разам з адступаючымі часткамі Чырвонага войска дабраўся да сталіцы БССР, дзе далучыўся да мясцовага падполля.
У лістападзе 1941 года Казінец стаў сакратаром. Пад яго кіраўніцтвам у горадзе была створана сетка падпольных груп, праведзена больш за сто дыверсійных акцый.
У сакавіку 1942-га адзін з арыштаваных немцамі кіраўнікоў падполля выдаў Ісая. У выніку ён быў схоплены і ў ліку 28 удзельнікаў падполля павешаны 7 траўня ў цэнтральным гарадскім скверы. Праз 23 гады Ісаю Казінцу пасмяротна прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.
7 траўня 1942-га. Адзін з траіх павешаных — Ісай Казінец
І ў чым міф?
— Кіраўніком Мінскага падпольнага гарадскога камітэта партыі з 1941-га па кастрычнік 1942-га быў Іван Кавалёў, — распавядае гісторык Антон Рудак. — Пасля яго арышту нацысты зладзілі правакацыю, абвясціўшы Кавалёва здраднікам. Ні падчас вайны, ні пасля гэта ніхто не правяраў, таму праўды гісторыкі змаглі дабіцца толькі ў 1989-м.
Да гэтага Іван Кавалёў заставаўся здраднікам, а ў якасці «новага» лідара абралі Ісая Казінца. Сябра партыі, інжынера-нафтавіка і, што немалаважна, габрэя. Менавіта ён, згодна з афіцыйнай версіяй, лічыўся кіраўніком мінскага падполля з восені 1941-га да вясны 1942 года.
Ісай Казінец
Іван Кавалёў
Насамрэч Казінец у Мінску ўвогуле апынуўся выпадкова — ратаваўся ад надыходзячых на Беласток немцаў. У кіраўніцтве падполля адказваў за прапаганду і сувязь з падпольнай арганізацыяй гета. Каб схаваць сваю нацыянальнасць, выдаваў сябе за татарына, карыстаючыся дакументамі на імя Мустафы Дэлікурды-аглы.