Некаторыя з іх могуць вас здзівіць, рассмяшыць або прымусіць задумацца над імі. Усе ведаюць самы вядомы псеўданім аднаго з класікаў айчыннай літаратуры — Якуб Колас, але мала хто даведваўся, якія яшчэ імёны прыдумваў сабе беларускі творца. У ранні перыяд творчасці аўтар паэмаў «Новая зямля» і «Сымон-музыка» выкарыстоўваў розныя псеўданімы, якіх можна налічыць больш за дваццаць, аднак практычна ўсе яны малавядомыя і знаёмыя толькі вузкім спецыялістам у галіне літаратуразнаўства.
Пазнаёмімся з некаторымі нікнэймамі класіка літаратуры і адкрыем для сябе свет творчых псеўданімаў знакамітага Якуба Коласа.
Псеўданімы-жарты
Нягледзячы на тое, што першы друкаваны твор Канстанціна Міцкевіча (верш «Наш родны край») выйшаў у газеце «Наша Доля» (1906, № 1, 1 верасня) і меў подпіс Якуб Колас, надалей у «Нашай Ніве» творцам выкарыстоўвалася шмат псеўданімаў.
Сярод псеўданімаў у ранніх творах Канстанціна Міцкевіча прысутнічаюць некалькі псеўданімаў-жартаў. У прыватнасці, нікнэймам Стары Шут быў падпісаны матэрыял «З судзебнай практыкі ў Мінскім павеце» (Наша Ніва, 12 (25) кастрычніка 1907). Прычым невялічкі твор-жарт напісаны быў акурат за год да арышту маладога пісьменніка, у якім ён іранізаваў з царскіх судоў, дзе сведкамі абвінавачання былі стражнікі — тагачасныя прадстаўнікі праваахоўных органаў. Адзначым, што менавіта 19 верасня 1908 г. у зале судовых пасяджэнняў Судовай палаты пры адчыненых дзвярах і ў прысутнасці падсудных быў аб’яўлены прыгавор у канчатковай форме. Прычым копіі прыгавору былі ўручаны ўсім падсудным: К. Міцкевічу, У. Міцкевічу і Я. Бязмену.
Звяртаючыся да тэксту твора, адзначым, што аўтар у ім высмейвае, кпіць з судовай практыкі Расійскай імперыі і персанальна з суддзяў і абвінаваўцаў:
«Суддзя гаворыць да абвіняемых, трох вясковых хлопцаў:
Вы абвіняецеся ў тым, што хадзілі па вёсках і спявалі забароненыя песні. Прызнаеце вы сябе вынаватымі?
Не, не прызнаём! — У адзін голас крыкнулі хлопцы.
Свідзецель! Вы на гэта што скажэце?
Устае сведка, паліцэйскі стражнік.
Спявалі, ваша высакароддзе.
Ці ня помніце вы, што яны спявалі?
Труля-ля, труля-ля! Яшчэ труля-ля і зноў труля-ля!»
Хіба гэта не кпіны з тагачаснай сістэмы? Калі прачытаць цалкам жарт, то, здаецца, адказ відавочны. Згадка пра трох вясковых хлопцаў таксама сведчыць пра тое, што Канстанцін Міцкевіч уяўляў, як будзе праходзіць судовае пасяджэнне, аднак наўрад ці здагадваўся пра свой будучы турэмны тэрмін, спадзеючыся на апраўдальны прыгавор. Псеўданім Стары Шут у гэтай сітуацыі досыць добра і гарманічна пасуе да зместа твора-жарта, хоць аснова для яго была дастаткова рэалістычнай.
Першы друкаваны твор Якуба Коласа ў газеце «Наша Доля» пад назвай «Наш родны край», 1 верасня 1906 года. Крыніца: csl.bas-net.by
Яшчэ адным жартоўным псеўданімам — Свой чалавек — Якуб Колас падпісаў карэспандэнцыю ў «Нашай Ніве» за 18 (31) мая 1907 г. У карэспандэнцыі ўзнаўляецца рэальны выпадак з жыцця сялян, занятых пасадкай лесу ў Акінчыцкім лясніцтве, калі група вясковых дзяўчат з песняй «Вихри враждебные» выступілі супраць эксплуатацыі падзённых работніц.
Між іншым, у маі 1907 г. Канстанцін Міцкевіч жыве ў родных у Смалярні, таму гэты выпадак ён перадае з рэальнай падзеі. Смалярня знаходзіцца недалёка ад Мікалаеўшчыны, аднак і сам пісьменнік лічыў сябе мікалаеўскім чалавекам, пра што пазней пісаў ва ўласных лістах. Зыходзячы з гэтага, псеўданім Свой чалавек цалкам адпавядае зместу карэспандэнцыі і асобе чалавека, які пісаў гэтую зацемку ў «Нашу Ніву».
Фактонімы
Сярод псеўданімаў-фактонімаў, якімі былі падпісаны раннія творы, варта вылучыць творчыя імёны Агарак і К. Адзінокі. Агаркам падпісана апавяданне Канстанціна Міцкевіча «Андрэй-выбаршчык» у «Нашай Ніве» № 32, 1907 года. Яшчэ адна публікацыя пад такім псеўданімам была ў «Нашай Ніве» ў 1908-м у № 14 за 4 ліпеня. Агаркам было падпісана апавяданне «У балоце». Абодва творы сэнсава не звязаныя з псеўданімам і друкаваліся пазней у першай празаічнай кнізе беларускага класіка — «Родныя зьявы» (1914) пад агульным псеўданімам Тарас Гушча (літаратурнае альтэр эга, якім аўтар падпісваў свае празаічныя творы).
Важна адзначыць, што ў абодвух згаданых нумарах газет акрамя апавяданняў Канстанціна Міцкевіча пад фактонімам Агарак былі змешчаны і яго вершы пад вядомым псеўданімам Якуб Колас. Таму выкарыстанне фактоніма Агарак можна патлумачыць яшчэ і тым, што некалькі твораў пад адным імём вырашана было не падпісваць.
«Агаркамі» называлі сябе былыя ўдзельнікі нелегальнага настаўніцкага з’езда 1906 года, звольненыя з працы, г. зн. «людзьмі, выкінутымі за парог жыцця». Між іншым, нелегальны настаўніцкі з’езд адбыўся 9 ліпеня 1906 года ва ўрочышчы Прыстанька каля вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага павета, актыўны ўдзел у якім прымаў малады Якуб Колас.
Якуб Колас у турме. Мастак Уладзімір Сулкоўскі. Крыніца: gants-region.info
Пад фактонімам Адзінокі Канстанцін Міцкевіч падпісаў сваю карэспандэнцыю з в. Мікалаеўшчына ў «Нашай Ніве» 1907 № 29, дзе апісвае гаротны і занядбаны стан мясцовай адукацыйнай установы, прыходзячы да сумнай высновы: «Адным словам, наша школа — самая нудная будова на ўсім сяле». Пад псеўданімам К. Адзінокі быў падпісаны верш «Вечар на Палессі», у якім аўтар перадаў хараство палескай прыроды ў «Нашай Ніве» 1908 г., № 14. Калі расшыфроўваць творчае імя, то скарочаная першая частка псеўданіма азначае імя паэта Канстанцін, а другая жыццёвы факт, бо ў гэты час Канстанцін Міцкевіч сапраўды быў несямейным чалавекам, хаця меў нямала сяброў ды знаёмых.
Геонімы
Яшчэ адным надзвычай цікавым подпісам Канстанціна Міцкевіча з’яўляецца псеўданім-геонім Дземяноў Гуз. Перадусім варта адзначыць, што тапанімічная назва Дземяноў Гуз — гэта выступ на верхняй частцы ўзвышша, што знаходзілася ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. Гэтая мясціна фігуруе ў трылогіі «На ростанях», дзе Мікалаеўшчына згадваецца пад назвай Мікуцічы, а тапанімічнае найменне змешчана крыху ў відазмененым выглядзе — Дзямянаў Гуз. Чаму менавіта «гуз», здагадацца няцяжка, бо ўзвышша выглядала адпаведным чынам. Нейкай легендарнай гісторыі месца не мае, і сакральным аб’ектам яго назваць не выпадае, аднак локус цікавы тым, што тапанімічнае найменне стала псеўданімам для знакамітага ў будучым беларускага пісьменніка.
Такім псеўданімам Канстанцін Міцкевіч скарыстаўся ў дарэвалюцыйны перыяд сваёй творчай дзейнасці і падпісаў ім адну ўласную карэспандэнцыю пра вёску Мікалаеўшчына. Апублікаваны матэрыял быў у «Нашай Ніве» № 6 за 14 сакавіка 1908 г., і тэкст карэспандэнцыі распавядае аб прыездзе прыстава з допытам у паселішча.
Псеўданім-геонім узяты з народнай культуры, адлюстроўвае перадусім спецыфіку паходжання нацыянальнага паэта і яго тэрытарыяльную прыналежнасць. Прычына выкарыстання гэтага ніка Канстанцінам Міцкевічам таксама відавочная, бо ў гэты час малады пісьменнік знаходзіўся пад следствам і, верагодна, не мог падпісацца звыклым для сябе псеўданімам. Тым больш, што прыезд прыстава з допытам жыхароў Мікалаеўшчыны мог датычыцца якраз судовай справы Канстанціна Міцкевіча. Знаходзячыся ў гэты час на радзіме, малады творца, напэўна, проста не хацеў прыцягваць да сябе дадатковай увагі, бо якраз у сакавіку 1908 года вялося следства наконт аўтарства адозвы «Ко всем учителям и учительницам народных, церковноприходских училищ», а таксама праверка факта друкавання ліста К. Міцкевічам у газеце «Голас провинции», у якім аўтар не падтрымліваў ідэю байкоту месцаў звольненых настаўнікаў, што ўдзельнічалі ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе 1906 года.
Псеўданім-тапонім выступае важным фактам таго, што Якуб Колас лічыў за сваю малую радзіму вёску Мікалаеўшчыну, і яскрава паказвае, з якой мясцовасці паходзіць чалавек. Аднак у момант скарыстання псеўданіма-тапоніма Канстанцінам Міцкевічам гэта быў хутчэй канспіратыўны крок.
Сам тапанімічны аб’ект Дземяноў Гуз падрабязна разглядаецца Якубам Коласам у трэцяй частцы трылогіі «На ростанях» падчас апісання прыроды ваколіц Мікалаеўшчыны (у творы Мікуцічы):
«Нёман яшчэ не ўвайшоў у свае берагі. Даволі шырокая даліна была заліта веснавою вадою. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. На процілеглым баку даліны раскінуліся палеткі, вузкія палоскі ўзгоркаватай зямлі занямонскіх сялян, дзе туліліся закрытыя пагоркамі невялікія вёскі, якія мелі агульную назву — Сёлы. Якраз насупраць Клешчыц на тым баку даліны, узнімаўся досыць высокі курган. На самым версе кургана красаваўся выступ, нібы круглая шапка. У Мікуцічах яго называлі Дзямянавым Гузам.
Лабановіч стаяў на самым высокім пункце берага, адкуль яму вельмі добра быў відаць Дзямянаў Гуз, Мікуцічы, мястэчка Панямонь, Стаўбуны і сіняя палоска Сіняўскага гаю — малюнак, якім нельга было не залюбавацца. Але вочы Андрэя Лабановіча пільней узіраліся ў Дзямянаў Гуз: там зараз павінна была з’явіцца постаць чалавека, імя якому Янка Тукала».
Народная геаграфічная назва Дзямянаў Гуз мае антрапалагічнае паходжанне, бо калісьці ў высокі курган упіралася паласа селяніна Радкевіча Дзям’яна, дзед якога таксама зваўся Дзям’янам.
Цяпер часцей ужываюць назву Высокі Востраў, супрацьпастаўляючы яе Нізкаму Востраву, які знаходзіцца на адлегласці 500 м ад названага вышэй аб’екта. Нягледзячы на гэта мікратапонім, які апісаў Якуб Колас у трылогіі «На ростанях», захаваўся дагэтуль, а ім і цяпер карыстаюцца мікалаеўцы і жыхары іншых паселішчаў Стаўбцоўшчыны. Больш за тое, некалькі мікалаеўскіх сем’яў да сёння «па-вулічнаму» называюць Дземяны. Нягледзячы на тое, што псеўданім быў скарыстаны аднойчы ў газетнай нататцы, аднак з’яўляецца вельмі яскравым і паказальным, што адлюстроўвае паходжанне аўтара.
Школа імя Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне, якая будавалася ў першай палове 1940-х гг. Крыніца: be-tarask. wikipedia.org
Яшчэ адным творчым імём, звязаным з родным сялом пісьменніка, пад якім ён выступае інкогніта, з’яўляецца псеўданім Мікалаевец. Такім псеўданімам Канстанцін Міцкевіч таксама падпісваў свае карэспандэнцыі ў газеце «Наша Ніва» ў №№ 3 і 15 за 1907 г. Навідавоку, што выкарыстанне псеўданіма Мікалаевец (аўтэнтычны варыянт — Микалаевец) і ў дадзеным выпадку гэта канспіратыўны крок пісьменніка, бо абедзве карэспандэнцыі пісаліся на вострыя тэмы.
Першы матэрыял быў прысвечаны падзеям нелегальнага настаўніцкага з’езду, а менавіта меркаванаму арышту А. Сянкевіча, які ўцёк у Амерыку. Замест яго, як піша Канстанцін Міцкевіч, прыслалі «правільнага настаўніка», які шмат моліцца і гаворыць пацеры, замест каб вучыць дзяцей навуцы. Другая карэспандэнцыя прысвечана сходу сялянаў Мікалаеўшчыны на выступленне нейкага аратара і падпісання паперы (наказа) ў Дзяржаўную думу, пра што пазней спрабавала даведацца царская паліцыя.
Прааналізаванымі псеўданімамі Канстанцін Міцкевіч падпісваўся ў нумарах «Нашай Нівы» толькі за 1907–1908 гг. Прычым адзначым, што згаданыя псеўданімы больш нідзе не выкарыстоўваліся Кастанцінам Міцкевічам, тым не менш сталіся цікавымі фактамі і з’явамі ў ранняй творчасці народнага паэта Беларусі, бо за ўсімі гэтымі імёнамі таксама стаяць асоба і творчая спадчына знакамітага пісьменніка. Адно з тлумачэнняў выкарыстання гэтых творчых імёнаў нароўні з псеўданімам у другой палове 1900-х гг. Якубам Коласам — знаходжанне пад следствам маладога настаўніка, якое сачыла за кожным яго крокам. Тым не менш практычна кожны псеўданім можна нейкім чынам патлумачыць, знайшоўшы карані паходжання або тлумачэнне праз пэўны факт біяграфіі пісьменніка.
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Раней на яго месцы быў «Мірны атам». Незвычайная гісторыя помніка Якубу Коласу