«Вячоркі» з танцамі і жывой музыкай пройдуць у Маладзечне

Сумесны праект цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна і студэнцкага этнаграфічнага таварыства стартуе 14 кастрычніка. У ходзе яго маладзечанцаў пазнаёмяць з звычаямі, песнямі, танцамі продкаў.


Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта set.ethno.by

«Вячоркі» будуць праходзіць раз у два тыдні на базе Раённага цэнтра культуры. Усяго з кастрычніка па лістапад запланавана чатыры сустрэчы. Першая будзе прысвечана народным танцам і пройдзе пад акампанемент капэлы «На таку».

Пра гэта Край.бай распавяла намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна Маргарыта Шытыка.

– Мы разлічваем на разнастайную аўдыторыю. Сэнс у тым, каб пазнаёміць гараджан з народнай культурай, культурай нашых дзядоў і прадзедаў. Гэта і песні, і танцы, і тэорыя у тым ліку, – падзялілася субяседніца.

Па словах Маргарыты Шытыка, «Вячоркі» будуць праходзіць не на сцэне цэнтра культуры, а ў фае. Таму ў любога жадаючага будзе магчымасць далучыцца да мерапрыемства.

Пачатак першага вечара 14 кастрычніка ў 18.30. Уваход вольны.

Наступная сустрэча адбудзецца 28 кастрычніка.

Кацярына Сушко, kraj.by

Тэгі: