«Народная Воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра кампазітара, музыканта, дырыжора, педагога — Станіслава Манюшку.
Станіслаў Манюшка (5 мая 1819 г. — 4 чэрвеня 1872 г.)
С.Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) у сям'і дваран, сярод якіх было шмат выбітных асоб. Першапачатковыя музычныя веды атрымаў ад маці, адоранай піяністкі. Па аднадушным сведчанні біёграфаў кампазітара, ён з маленства захапляўся народнай музыкай, якую чуў на Міншчыне. Музычную адукацыю атрымаў як у Мінску (дзе яго выкладчыкам быў Дамінік Стэфановіч), так і ў Варшаве (пад кіраўніцтвам арганіста Аўгуста Фрэера) і Берліне (у Карла Рунгенхагена).
Першыя творчыя вопыты С. Манюшкі адносяцца да 1830-х гадоў, калі ён стварыў сваю першую аперэту «Канторскія служачыя». У 1840-я гады кампазітар напісаў вакальныя творы на вершы А. Міцкевіча. Да гэтага часу адносяцца і «Хатнія спеўнікі» — зборнікі песень і рамансаў на вершы гэтага і іншых беларускіх польскамоўных паэтаў - Яна Чачота, Тамаша Зана, Антона Адынца, Аляксандра Ходзькі і іншых. У яго творах выразна праявіліся беларускія рэаліі, а таксама глыбокае веданне ім народных паданняў, казак, балад.
У тыя часы С. Манюшка пачаў працаваць арганістам касцёла Святога Яна ў Вільні, але часта наведваў бацькоўскі дом у Мінску. Менавіта ў гэтым горадзе былі пастаўлены аперэты, якія ён напісаў у садружнасці з беларускім драматургам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам — «Чароўная вада», «Яўрэйскі рэкруцкі набор», «Спаборніцтва музыкантаў», а таксама славутая «Сялянка», у якой упершыню ў гісторыі опернага мастацтва са сцэны прагучала беларуская мова. Беларуская народная балада «Гэлька» натхніла кампазітара на стварэнне оперы «Галька» (першая рэдакцыя — 1846−1847 гады., другая — 1858-ы). Беларускія рэаліі, паводле звестак даследчыкаў, выявіліся і ў оперы «Фліс» («Плытагон»), створанай у 1858 годзе. У гэтым жа годзе кампазітар пераехаў у Варшаву, дзе заняў пасаду галоўнага дырыжора Вялікага тэатра. На сцэне тэатра ставіліся яго оперы «Графіня», «Вербум нобіле», «Парыя», «Беата». Вялікай папулярнасцю карысталася і опера С. Манюшкі «Страшны двор», у якой выкарыстаны беларускія народныя матывы.
Хутка кампазітар набыў еўрапейскую славу. Ён наведваў Берлін, Веймар, Франкфурт-на-Майне, Парыж, Санкт-Пецярбург. Сярод прыхільнікаў яго таленту і сяброў былі Ф. Ліст, А. Даргамыжскі, Ц. Кюі, іншыя музыканты. У 1860-я гады С. Манюшка актыўна займаўся педагагічнай працай у якасці прафесара Музычнага інстытута ў Варшаве. Да апошніх дзён не спыняў ён і кампазітарскай дзейнасці.
Уплыў творчасці С. Манюшкі на развіццё славянскага музычнага мастацтва быў велізарны. Творчыя кантакты з ім паўплывалі на творчае станаўленне Ф. Міладоўскага і Ц. Кюі, Н. Орды і З. Наскоўскага. На працягу ўсяго жыцця ён цікавіўся творчасцю сваіх суайчыннікаў: рабіў пераклады твораў Міхала Клеафаса Агінскага, Антонія Радзівіла і іншых.
Музычная спадчына кампазітара ахоплівае оперныя, сімфанічныя, камерна-вакальныя і інструментальныя сачыненні. Адзначаныя непарыўнай сувяззю са славянскімі музычнымі традыцыямі, яны яскрава ўвасабляюць рысы рамантычнага стылю — эмацыянальную ўзнёсласць і адухоўленасць, глыбіню мастацкіх вобразаў і іх яркую эмацыяльнасць. Сталы перыяд творчасці кампазітара быў звязаны з польскай сталіцай, дзе Манюшка атрымаў высокае прызванне. Яго лічаць таксама і дзеячам літоўскай музычнай культуры, паколькі ён працяглы час жыў і працаваў у Вільні.
Памёр у Варшаве, пахаваны на Паванзкоўскіх могілках.