Стэрэатып «мы беларусы — мірныя людзі» моцна засеў у нашых галовах. Але ж былі і зусім не мірныя эпізоды ў нашай гісторыі, піша гродзенскі краязнаўчы тэлеграм-канал Hrodna 11:27.
87 гадоў таму, 7 чэрвеня 1935 года, у Гродне пачаўся самы вядомы яўрэйскі пагром. Ён доўжыўся тры дні, выбілі шыбы ў 183 дамах і 85 крамах. У марадзёрстве ўдзельнічалі нават дзеці. Паліцыянты нічога не рабілі, каб спыніць беспарадкі. Загінулі два чалавекі, дзясяткі былі моцна збітыя.
Пачалося ўсё са спрэчкі на танцах. Уладзіслаў Кушч па мянушцы «марак» паспрачаўся на вечарыне з двума яўрэямі (прычынай была дзяўчына). Спрэчка перарасла ў панажоўчыну, Кушча паранілі і ён неўзабаве памёр у шпіталі. Пахаванне хлопца пераўтварылася ў шавіністычнае бязладдзе і пагром.
Пазней польскія ўлады забаранілі распаўсюджваць інфармацыю аб падзеі. Нават канфіскавалі нумар газеты «Dziennik Kresowy», бо ў ім быў надрукаваны спіс ахвяр.
Восенню былі суды: забойцаў Кушча пасадзілі на 12 і 2 гады, а пагромшчыкі, хоць і былі асуджаныя, у турму ў выніку не патрапілі.