У гэты дзень, 28 чэрвеня 1942 года, трагічна загінуў Янка Купала. Абставіны гібелі класіка беларускай літаратуры так і засталіся да канца не высветленымі. Бытуюць розныя версіі таго, што ж магло адбыцца насамрэч у той ракавы дзень у маскоўскай гасцініцы.
У дзень памяці песняра прапануем паглядзець на тыя падзеі вачамі сучаснікаў паэта.
Янка Купала, 1939 год
Янка Купала заспеў пачатак вайны не ў Беларусі, а ў Літве, у былой часовай сталіцы гэтай дзяржавы — Коўне. Там ён аказаўся невыпадкова. За колькі дзён да гэтага разам з іншымі беларускімі пісьменнікамі прымаў удзел у Першым з’ездзе латышскіх савецкіх пісьменнікаў у Рызе.
На другі дзень вайны, 23 чэрвеня 1941 года, Купала прыязджае ў Мінск, збірае ўсё неабходнае і разам з жонкай выпраўляецца ў Ляўкі. Ён яшчэ пэўны, што немцы не дойдуць да Аршаншчыны, дзе знаходзіцца ягонае лецішча. У гэты ж дзень «Звязда» друкуе ягоны зварот, дзе ён запэўнівае — «вораг знойдзе сабе магілу на нашай зямлі».
Але потым яму даводзіцца эвакуявацца на сваім «Шэўрале» і з Ляўкоў. У Мінску тым часам у выніку бамбёжкі гараць ягоныя рукапісы, архіў і бібліятэка. Усё, што збіралася дзесяцігоддзямі. Болей ён так ніколі і не пабывае ў любай сэрцу Беларусі. У Маскву Купала прыязджае 6 ліпеня і жыве ў савецкай сталіцы да кастрычніка 1941 года. Затым перабіраецца ў Татарскую АССР.
Да самай сваёй смерці Купала жыў у Пячышчах, якія знаходзяцца ў васьмі кіламетрах ад Казані. Там яму даў прытулак дырэктар паравога млына. Час ад часу паэт бывае ў горадзе. А ў студзені 1942 года нават выступае перад беларусамі на так званым радыёмітынгу, які быў арганізаваны рэдакцыяй газеты «Савецкая Беларусь». Але жыццё ў правінцыі прыгнятае паэта, бо сустрэчаў з землякамі не так і шмат. У асноўным перапіска. А ў сталіцы СССР Купала бывае хіба што наездамі.
Апошні раз ён прыязджае ў Маскву і селіцца ў аднайменнай гасцініцы 18 чэрвеня 1942 года. Беларускі пісьменнік Міхась Машара ў сваіх успамінах, якія былі напісаныя праз 20 гадоў, так прыгадвае той дзень:
«Я сустрэўся з ім у гэты дзень за бяседным сталом, які быў наладжаны ў гонар яго прыезду беларускімі пісьменнікамі ў гасцініцы „Масква“. Было шумна і весела. Іван Дамінікавіч распытаў пра навіны і весткі з радзімы. Скардзіўся на боль у левай руцэ. Гаварыў, што збіраецца сур’ёзна падлячыцца».
Гасцініца “Масква”
Купала, па ўспамінах сведкаў, выглядаў не самым лепшым чынам. Быў «пастарэлым, крыху сагнутым». Ды і ці праўда ўсё было так радасна ды весела? Іншы заходнебеларускі паэт, Максім Танк, таксама прыгадвае з’яўленне песняра. Запіс у ягоным дзённіку ад 22 чэрвеня 1942 года:
«Прыехаў Я. Купала. Адразу трапіў у круг розных падхалімаў і нахлебнікаў. Шкада, што няма з ім Уладзіславы Францаўны, якая ўмела адшыць самых настырных.»
Мяркуючы па ранейшых запісах у гэтым жа дзённіку, атмасфера ў гасцініцы «Масква» была тая яшчэ. Паэт наракае на калегаў, якія шумяць і выпіваюць, не даючы яму займацца літаратурнай творчасцю ў спакойнай атмасферы. Таксама звяртае на сябе ўвагу адсутнасць Уладзіславы Францаўны, якая раней суправаджала Купалу ў ягоных паездках.
Жыў Максім Танк у Маскве з канца красавіка 1942 года. Працаваў у рэдакцыі газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая стала легендай у часы вайны. Цягам жыцця ён вёў дзённікі, у якіх занатоўваў важныя падзеі, сведкам якіх быў. Чытаючы далей яго дзённік, знаходзім апісанне таго ракавога дня, калі Янкі Купалы не стала:
Максім Танк
«У дзесяць гадзін вечара пазваніў А. Астрэйка: забіўся Янка Купала.
Як гэта магло здарыцца? Раніцой я быў у яго. На канапе, скінуўшы боты, ляжаў П. Броўка. А перад гэтым, здаецца, былі А. Твардоўскі і М. Святлоў. На стале была нейкая закусь і стаяла недапітая бутэлька шампанскага.
— Вось ты, Максімка, не п’еш і мне забаранілі дактары, да якіх прыехаў на абследаванне. Але гэтага мы з табой пакаштуем.
Наліў мне палову бакала, а сабе — яшчэ менш і тое разбавіў вадой. Выпілі мы, і я з ім развітаўся. Настрой у яго быў добры. Рыхтаваўся да сустрэчы свайго 60-годдзя, якое збіраўся адзначыць у Маскве ў кругу сваіх сяброў.
Забіўся Янка Купала...
Я пачаў сыходзіць па лесвіцы. На парэнчах шостага і ніжэйшых паверхаў віднелася кроў, якую пасыпалі нейкім парашком і абследавалі эксперты. На партэры, дзе заўсёды сядзеў чысцілышчык-асірыец, Я. Купалы ўжо не было, толькі прыбіральшчыца змывала вялікую пляму яго крыві.
Загадкавая і незразумелая смерць.»
Варта адзначыць, што Максім Танк і праўда не ўжываў алкаголь, што для пісьменніцкага асяродку савецкай эпохі было вялікай рэдкасцю, але не замінала яму быць душой кампаніі. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, Янка Купала і Максім Танк, якога першы часта называў «вызваленым братам», мелі вельмі прыязныя стасункі. Такія самыя адносіны склаліся і з Якубам Коласам.
Янка Купала і Якуб Колас, 1938 год. Крыніца: narbel.bsu.by
Даведаўся Якуб Колас аб смерці свайго блізкага сябра праз тэлеграму ад тагачаснага старшыні Савета народных камісараў БССР Івана Крупені, якую атрымаў у Ташкенце 29 чэрвеня. У лісце да яшчэ аднаго камуністычнага дзеяча Цімафея Гарбунова, які датуецца 3 ліпеня, Колас наракае: Цяпер я адчуваю сябе зусім адзінокім. Да ліста прыкладаецца верш «Над магілай друга: памяці Янкі Купалы», які будзе апублікаваны ў «Савецкай Беларусі» толькі 21 ліпеня. Да верша Колас дапіша яшчэ і невялікую празаічную частку. Словы вынесеныя ў загаловак артыкула менавіта з яе.
Сярод іншага Колас піша таксама і крыху асабістага:
«У асобе Янкі Купалы я страціў не толькі вялікага паэта і чалавека, але і шчырага блізкага друга, з якім плячо ў плячо мы прайшлі наш жыццёвы і літаратурны шлях, дзелячы папалам і радасць, і смутак. Балюча і горка не ісці нам з табой, дарагі Янка, разам гэтай дарогай.»
І ў словах Коласа няма ніякай напускной «візантыйшчыны», яму і праўда балела. Бо Янка Купала быў насамрэч для яго і сябрам, і аднадумцам, і паплечнікам. Тое можна зразумець з ягоных лістоў да Міхася Лынькова і Петруся Броўкі, дзе ён ніяк не можа змірыцца з купалавай смерцю. Здаецца, яна і вымушаная эвакуацыя, загналі яго ў глыбокую роспач. «Я страціў у сваёй вазе 12 кіло. Аслабеў. Найбольшым трагізмам свайго жыцця буду лічыць сваю смерць па-за межамі свае роднай зямлі» — прызнаецца класік.
Якуб Колас, Вольга Піражкова (Індзюкова), Янка Купала, Марат Індзюкоў. Цхалтуба, 1941 год. Крыніца: zviazda.by
Акалічнасці развітання з песняром знаходзім усё ў таго ж Максіма Танка. Запіс ад 1 жніўня:
«У Саюзе пісьменнікаў на Вароўскага стаяла адкрытая труна, у якой ляжаў Я. Купала. На скроні былі відаць крывавыя падцёкі. З ордэна У. Леніна пры ўдары грудзьмі зляцела эмаль. Ля галавы нехта паклаў папяровую стужку з надпісам, узятым з яго верша „Мне сняцца сны аб Беларусі“. Праводзілі Я. Купалу пад грукат зенітак, якія недзе адбівалі налёт фашысцкіх самалётаў.»
Урна з прахам Янкі Купалы была пахавана на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а праз 20 гадоў яе перавезлі ў Мінск. Перапахавалі паэта на Вайсковых могілках. Што насамрэч стала прычынай гібелі паэта, застаецца загадкай і ў наш час
Чытайце яшчэ:
Віктар Марціновіч: Разгадка “загадкавай смерці” Купалы
.
Л. Г., budzma. org