Вялікая “местачковая” вандроўка па Гарадзеншчыне

Местачковая вандроўка – сказалі мы сабе на старце. Ці правінцыйная… Бо маршрут быў выбраны такі, каб завітаць у невялікія мястэчкі, але з вялікай гісторыяй і адметнымі архітэктурнымі помнікамі ды мясцінамі, якія яшчэ памятаюць слаўныя часы росквіту і такіх жа слаўных дзяцей зямлі Гарадзенскай.

Такое гістарычна-пазнавальнае падарожжа было зладжана, каб не ездзіць далёка ды паказаць зацікаўленным, што і на малой Радзіме ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца (калі ў вас яшчэ няма таго, чым можна ганарыцца, а калі ёсць, то проста нагадаць пра гэта). Яно, дарэчы, ладзілася МГА “Гісторыка” традыцыйна ў межах грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, і сярод удзельнікаў гэтай вандроўкі былі тыя, хто памятаў мінулагоднюю ды згадваў іншыя мерапрыемствы кампаніі, што праходзілі ў Гародні: конкурсы, імпрэзы, прэзентацыі кніжак… Вось і гэтым разам была гаворка пра наступныя падзеі.

Маршрут мы адолелі першага траўня: Гародня – Мількаўшчына – Каменка – Iшчална – Вялікае Мажэйкава – Мажэйкава – Мураванка – Жалудок – пункт Дугі Струвэ – Ражанка – Шчучын – Гародня.

І тут хацелася б трошкі распавесці пра саму вандроўку ды пра тыя мясціны, што наведалі ўдзельнікі гэтага экскурса ў далёкае і не вельмі далёкае мінулае нашай краіны.

Мількаўшчына… Месца, дзе ў 1841 годзе нарадзілася славутая беларуская і польская пісьменніца, грамадская дзяячка, педагог Эліза Ажэшка. Месца, дзе на могілках пахаваны яе бацька Бенедыкт Паўлоўскі. І месца, дзе ад радавога маёнтка, на жаль, нічога не засталося, толькі старая прыгожая алея з асілкаў-клёнаў… Мы шпацыравалі па ёй, уяўляючы тут жыцце паўтара стагоддзя таму…

Каменка сустрэла нас сонейкам, халодным ветрам і неагатычным касцёлам Святога Антонiя Падуанскага, які быў пабудаваны ў 1908 годзе. Дарэчы, правінцыйная Гарадзеншчына, дый увогуле правінцыйная Беларусь здзіўляе сваёй зграбнасцю і такой паўсядзённай прыгажосцю. Часцей за ўсё мястачковыя людзі сустракаюць добрымі ўсмешкамі і жаданнем дапамагчы – службы няма, а касцёл могуць адкрыць для людзей, якія проста прыехалі на пяць хвілін. Гэтыя людзі ў большасці сваёй ганарацца старым касцёлам і адчуваюць еднасць з ім. Гэта мы бачылі і ў Ішчолна, куды трапілі якраз на паслявялікодную, яшчэ святочную, імшу. За касцёлам адкрываліся незвычайныя краявіды, нечым падобныя да горных пейзажаў. Такая дзівосная разнастайнасць!

Аднак, у той час, як касцёлы знаходзяцца ў нармалёвым і нават некоторыя – у добрым стане, то пра фальваркі, сядзібы такое сказаць немагчыма. Тут сітуацыя адваротная. Падчас падарожжа мы пабачылі дзве сядзібы: у Жалудку і Вялікім Мажэйкава. Абедзьве цяпер у заняпадзе. Але ж калісьці тут жылі людзі, была вялікая гаспадарка. У Вялікім Мажэйкава, апроч забудоваў, яшчэ захаваўся ўнікальны сядзібны парк, але ён знаходзіцца ў занядбаным стане: зарослы і засмечаны. Парк уразіў – такі светлы і, нягледзячы на стан, вельмі прыгожы, нават казачны. Так і ўявілася, што ў ягоных закутках можна было б здымаць фільмы, пачынаючы ад гістарычных і заканчваючы фэнтэзі. Але…

Адной з галоўнах мясцінаў падарожжа была царква Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка. І тое, што яна стала як бы пікам нашага падарожжа, цалкам натуральна, бо царква гэтая – старажытны прадстаўнік абарончага дойлідства сімбіёзнага гатычна-рэнэсансавага стылю. Такіх манументальных збудаванняў у нас захавалася ўсяго тры. І паглядзець на такі стары і рэдкі будынак было цікава і пазнавальна. А яшчэ нечаканым бонусам было тое, што мы выпадкова трапілі ў вежы царквы, адкуль адкрываўся проста захапляльны краявід…

Асабіста мяне добра ўразілі дзве мясціны. Гэта касцёл у мястэчку Ражанка і горад Шчучын. Першы – сваім цацачным выглядам і цікавай гісторыяй назвы самаго мястэчка – Ражанка. Кажуць, што калісьці тут жыў адзін пан, які шмат дзе вандраваў і з кожнай вандроўкі прывозіў дзіўныя ружы. З цягам часу ў яго маёнтку сабралася неверагодная колькасць руж. Месца гэтае пачало звацца Ражанкай або Ружанкай. Ды ўвогуле, як аказалася падчас экскурсіі, якую вёў гісторык Ян Лялевіч, што Ражанка – гэта мястэчка, дзе пабудаваны першы на абшарах Беларусі неагатычны касцёл.

Шчучын жа пакінуў вельмі добрыя ўспаміны. Не толькі запомніўся прыгожы касцёл ды захаваная гістарычная планіроўка, але ўразіў агульны выгляд горада і наяўнасць дрэваў. Добрых такіх, высокіх ды рослых, што вельмі прыгожа і дастаткова дзіўна, бо хутка такое будзе ў нашых гарадах унікальнай з’явай…

Нягледзячы на стомленнасць, бо шмат хадзілі ды нават пералазілі праз дрот, каб паглядзець на сядзібу ў Жалудку, падарожжа пакінула толькі добрыя успаміны, а яшчэ – пачуццё ўтульнасці ды неабсяжнасці роднай краіны. І нават дзеля гэтага трэба выправіцца яшчэ куды-небудзь. Маленькія, але годныя і стражытныя мястэчкі чакаюць Вас!

gr-1

gr-2

gr-3

gr-4

Тэгі: ,