Яго запомнілі мажным, моцным, добразычлівым дзядзькам. Людзям, што аказаліся ў арбіце яго сяброўства і апекі, ён давяраў часам болей, чым варта было. І не раз цярпеў за тое. Але менавіта давер і добразычлівасць дазвалялі Аляксандру Уласаву ствараць творчую атмасферу ў калектывах, якімі ён кіраваў і якія дзякуючы ёй дасягалі заўважных поспехаў на беларускай глебе.
Аляксандр Мікітавіч Уласаў нарадзіўся 16 (28 па новым стылі) жніўня 1874 года ў Вілейцы. Яго бацька служыў у Вілейцы павятовым паштмайстрам, затым быў павышаны да паштмайстра Віленскай губерні.
Першыя ўражанні малога Аляксандра звязаныя з жыццём у вёсцы Рэчкі ў дзеда-святара, затым, калі дзед памёр, з пяцігадовага ўзросту – з Вільняй і бацькоўскім фальваркам Мігаўка пад Радашкавічамі.
Доўгія этапы вучобы
За недагляд па службе Уласаву-бацьку давялося з Вільні перажыць перавод у павятовы Пінск.
У Пінску Аляксандр пачаў вучыцца ў духоўным вучылішчы (бурсе), што дало добрае веданне грэчаскай мовы. Пазней перайшоў у рэальнае вучылішча.
Калі бацька памёр, сям’я пераехала ў Мінск. Там Аляксандр працягнуў навучанне ў рэальным вучылішчы. Пад уплывам літаратурнага дадатку Антона Слупскага да “Минского календаря” і некалькіх іншых сустрэтых беларускіх тэкстаў зацікавіўся беларускай культурай.
Сярэднюю адукацыю скончыў у небеларускім асяродку у рэальным вучылішчы Лібавы (цяперашняя Ліепая – балтыйскі латышскі порт). Пасля вучыўся ў Рыжскім політэхнічным інстытуце.
“Калі я быў студэнтам, то мне прарочылі кар’еру літаратара-гумарыста”.
Інстытут Уласаў скончыў у 1905-м.
Любоў мая, рэвалюцыя!
У інстытуце Уласаў закахаўся ў рэвалюцыю. Студэнтам браў удзел у дэмакратычным руху і рэвалюцыйных выступах, працягваў тое ж, вярнуўшыся ў Беларусь.
У 1902-м на аснове студэнцкага “Кружка Беларускае Народнае Асветы” створаная першая беларуская палітычная партыя – “Беларуская рэвалюцыйная грамада”. З 1905-га “Грамада” робіцца “Беларускай сацыялістычнай” (БСГ).
Уласаў – адзін з яе арганізатараў, уваходзіць у партыйнае кіраўніцтва. Да ІІ з’езда БСГ піша аграрную частку партыйнай праграмы.
А які ж рэвалюцыйны рух без нелегальнай і падпольнай работы? У Мінску Аляксандр паспяхова засвойвае і гэты від дзейнасці. Арганізоўвае забастоўку шаўцоў, музыкантаў, цырульнікаў – тых, хто, на думку бальшавікоў, не зусім перадавы, хоць і рабочы клас; ім ёсць што губляць апроч сваіх ланцугоў. Арганізацыя ж Уласавым забастоўкі батракоў у Радашкавіцкім павеце і па-бальшавіцку дарэчная!
Уласаў адкрывае Коласа
У 1906-м адбылося знаёмства Уласава з будучым класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам.
“Ехаў я раней, чым тое дзеялася, у трэцяй клясе. Раптам уваліваецца лапцяватая грамада беларусаў з Нёмана… Мяне тады распірала, як кажуць цяпер, ад агітацыі, разгаварыўся скора, чытаў вершы Мацея Бурачка… Плытнікі з вёскі Мікалаеўшчына. Гэта вёска дастаўляла не толькі “рачных ваўкоў”, але і вучыцеляў народных, як м.Валожын – рабінаў. Мне гавораць: “А ў нас адзін настаўнік смешна чытае па-нашаму!”
Праз нейкі час быў у Менску з’езд вучыцеляў, на дачы на Камароўцы. На гэтым з’ездзе я спытаўся: “Хто тут з вас з Мікалаеўшчыны беларускія вершы фабрыкуець?” Выходзіць лабаценькі, з чорнай маладзенькай бародкай. Від у яго быў не зусім забіты семінарскай трафарэтнай вучобай.
Я павёў гэтае жэмчужнае зерне да Леаніда Канстанціноўскага. Ветлівыя гаспадары, шыкарная вячэра. Мой вучыцель развярнуўся… пераабразіўся, вочы яго ззялі, твар адухатвараўся. Мілагучныя рыфмы спявалі ў яго.
Мы ўсе зразумелі, што перад намі – узыходзячая зорка беларускай паэзіі.”
Сам Колас падае тое знаёмства так: “на адным рэвалюцыйным зьездзе у г.Менску я пазнаёміўся з Аляксандрам Мікітавічам Уласавым. Да таго часу ў Вільні зарадзілася група асобаў, якія пастанавілі выдаваць газэту на беларускай мове. Уласаў неяк даведаўся пра мяне як пра беларускага паэта і прыехаў, каб знайсьці мяне… Па вяртаньні да дому я прыняўся з палам за вершы… Выхад у сьвет беларускай газэты было найвялікшай падзеяй у маім жыцьці. Я ўвесь аддаўся беларускай паэзіі, стаў шчырым прапагандыстам беларускага адраджэньня”.
Пазней Коласа арыштавалі і асудзілі на 3 гады турэмнага зняволення. Уласаў наведваў яго ў турме і ўзяў на сябе клопат аб друкаванні яго твораў. У коласаўскай трылогіі “На ростанях” вобраз Аляксандра Мікітавіча выведзены пад прозвішчам Уласюк.
У асобе Уласава Колас, займеў, бадай, свой самы вялікі козыр, каб стаць класікам беларускай літаратуры.
Вусаты рухавік “Нашай Нівы”
Упершыню пазнака “За Рэдактора-Выдаўцу А. Уласоў” з’явілася ў 5-м нумары маладзенькай віленскай газеты “Наша Ніва” 8 (21) снежня 1906 года – роўна за 11 гадоў да ўтварэння кантраверсійна шматславутай ВЧК.
Адрозненнем гэтага нумара “НН” ад папярэдніх стала рубрыка “Пачтовая скрынка” – дзесь на траціну старонкі і з канкрэтнымі адказамі канкрэтным людзям. Маленькая, але істотная для адрасатаў праява ўвагі і іх публічнае адзначэнне ў газеце!
Прыйшоўшы часовым кіраўніком у заснаванае за месяц да таго выданне, якое абвясціла за мэту служэнне “усему беларускаму скрыўджэнаму народу”, Уласаў аддаўся працы напоўніцу:
“Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году пісаў ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Маладосць, нязломная воля і энтузіязм!.. Пазней з’явіліся памацнікі”.
З новым этапам развіцця газеты Уласаў падзяліў рэдакцыю на дзве часткі з асобнымі ўваходамі ў кожную: у “верхнюю палату” ўваходзіў сам рэдактар і выдавец ды браты Іван і Антон Луцкевічы – галоўныя праваднікі нашаніўскай ідэалогіі. Пазней туды дадалося і колькі іншых асобаў.
“Ніжняй палатай” кіраваў шляхціц Антон Лявіцкі. Пад яго апекай працавалі некалькі супрацоўнікаў са спецыялізаванай адказнасцю кожны: напрыклад, адборам і падрыхтоўкай да друку вершаў займаўся паэт Янка Купала. “Ніжняя палата” рабіла для газеты ўсю “чарнавую” работу: там пісаліся тэксты, рэдагаваліся дасланыя ў рэдакцыю артыкулы і вершы, праглядалася пошта, прымаліся наведвальнікі – прадстаўнікі таго скрыўджанага народа, якому выданне “служыла”. Зносіны паміж палатамі здзяйсняліся праз шчыліну над парогам супольных, замкнутых на ключ дзвярэй.
У “верхнюю палату” госці траплялі праз падворак, у “ніжнюю” – з вуліцы.
Па выніках тога падзелу рэдакцыйнага офіса можна канстатаваць наступнае:
- “Верхняя палата” не абцяжарвала “ніжнюю” дробязным кантролем, што дазваляла супрацоўнікам “ніжняй” праяўляць больш творчасці і ініцыятывы.
- “Крутыя” госці “верхняй палаты” аніяк не спакушалі супрацоўнікаў і наведвальнікаў палаты “ніжняй” і аніяк ім не перашкаджалі.
- Наведвальнікі ніжняй палаты, як і яе супрацоўнікі, аніяк не маглі ні напружваць кіраўніцтва “Нашай Нівы”, ні абмяжоўваць яго дзейнасць.
Цяперашні класік белліту Уладзімір Арлоў у “Імёнах свабоды” прыводзіць наступны афарызм ад Уласава: “Усё будзе добра, толькі нічога не трэба рабіць”. Тут просіцца ўдакладняльнае слова кшталту “напаказ”, “подла”, “без малітвы”. Яно, без сумневу, ва Уласава, было і ён дзейнічаў адпаведна: грунтоўна, надзейна, упарта…
“Часовы” рэдактар і выдавец стварыў настолькі ўдалую мадэль рэдакцыйных зносін, што затрымаўся на абедзвюх пасадах больш чым на 7 гадоў. Паралельна з адладжаным выпускам штотыднёвай газеты з рэгулярнымі перадавіцамі, эканамічнымі і публіцыстычнамі матэрыяламі, шматлікімі каментарамі ўласнага аўтарства, але часцяком без указання на яго, Уласаў мацаваў і развіваў, як мог беларускую супольнасць і яе стасункі з іншымі супольнасцямі, прагнуў пашырыць беларускую справу. У 1908-м яго намаганнямі ў Вільні ствараецца выдавецтва “Наша хата”. З яго ўдзелам наладжваецца выпуск беларускіх календароў, кніг беларускіх аўтараў (Коласа, Ядвігіна Ш., “Вянок” Багдановіча…).
Паралельна з пачатку 1907-га пачынае разгортвацца супрацьстаянне газеты і ўладаў. 25 лютага распараджэннем віленскага інспектара па справах друку канфіскаваныя №8, 9 “НН” за антыўрадавыя матэрыялы. У сакавіку віленскім часовым камітэтам па справах друку заведзеная крымінальная справа супраць рэдактара “НН” за надрукаванне ў № 8, 9, 12 артыкулаў “Дума і народ”, “Зямельная справа ў Новай Зеландыі”, “Вільня 15 марта”, “Работа думы”, “Гасударственная дума”.
22 студзеня 1910-га Віленская судовая палата нарэшце судзіць Уласава за артыкул “Дума і народ”, які быў змешчаны ў “НН” №8 за 1907 (!) год. “Суд находзіў, што гэтая стацьця, каторая разыйшлася ўсюды, клічэ да бунта проці цяперэшняго парадку. За гэта кара ссылка ў Сыбір, а найменш год фортэціі (крэпасьці)”.
Згаданы артыкул насамрэч быў даволі блытанай мяшанкай ухвалення вынікаў новых выбараў, незадавальнення колькасцю сытых і самазадаволеных паноў, якія і ў тую Думу трапілі, і спадзеваў, што “народ, злучыўшыся адным жаданнем усюды поспол стаў бы, як адзін, ды адным тыкеля ликам сваим увёў бы у варъяцтва добрую кампанию, так што яна сама сабой ды зникла бы”.
Заклік да бунту ў згаданым тэксце маглі разгледзець хіба тыя, хто слаба разумеў беларускую мову. Справа цягнулася пад тры гады, і астатнія газетныя артыкулы, практычна проста інфармацыйныя, з абвінавачання давялося прыбраць. А ў выніку: “Судзебная палата выйшла на нараду да судзейскаго пакою і праз поўгадзіны… прыгаварыла рэдактара “Нашай Нівы” Александра Ўласова на 2 месяцы у фортэцію”.
Зняволены захоўваў магчымасць чытаць, пісаць, рэдагаваць. І ў той жа год уклаў і падрыхтаваў да друку першы зборнік Якуба Коласа “Песні жальбы”.
У 1913-м у Радашкавічах намаганнямі Уласава ставіцца камедыя Купалы “Паўлінка”. Мястэчка набывае агульнабеларускае культурнае значэнне, як высвятляецца неўзабаве – на доўгія дзесяцігоддзі.
У 1912-м Уласаў арганізаваў у Вільні выданне папулярнага сельскагаспадарчага часопіса “Саха”, у 1913-м перанёс гэтае выданне ў Мінск. “Саха” стала першым беларускамоўным перыядычным выданнем у збольшага руска- і польскамоўным Мінску.
Паўнавартасна рэдагаваць і “НН”, і “Саху” ў значна адлеглых адзін ад аднаго гарадах было заскладана. Стала зразумела, што доўга гэтак працягвацца не можа. У сакавіку 1914-га адбылася афіцыйная перадача рэдактарства, а ў маі – і функцый выдаўца “Нашай Нівы” Янку Купалу.
Вялікі і заслужана паважаны паэт аказаўся не да канца адказным пераемнікам. Але наш тэкст не пра яго, а пра Уласава.
Уласаў у Мінску
У 1914-м Уласаў наладжвае ў Мінску яшчэ і выданне падлеткава-моладзевага часопіса “Лучынка”, літаратурным рэдактарам якога робіцца найвялікшая беларуская пісьменніца таго часу Алаіза Пашкевіч (“Цётка”).
Вакол рэдакцый “Сахі” і “Лучынкі” ўтвараецца заўважны дзейны гурток беларускай інтэлігенцыі – ядро беларускага Мінска.
З пачаткам Першай сусветнай вайны беларусы гуртка ўключаюцца ў работу з бежанцамі, галадаючымі, дзецьмі, якія засталіся без бацькоў… Уласаў ідзе служыць у войска на чыгунку, але служба дазваляе шмат быць у Мінску. Беларуская яго дзейнасць тут працягваецца. У 1915-м намаганнямі Уласава адраджаецца тэатр-батлейка, да таго забаронены ля чвэрці стагоддзя. Калі ў пачатку восені 1916-га ў Мінск прыязджае вялікі творца Максім Багдановіч, Уласаў дапамагае яму ўладкавацца на працу ў Губернскі харчовы камітэт.
У 1917-м, з пачаткам чарговай рэвалюцыі, Уласаў – у “Мінскім народным прадстаўніцтве”, аб’яднанні беларускіх палітычных партый, у снежні бярэ ўдзел ва Усебеларускім кангрэсе. У 1918-м, з утварэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, наш герой кааптуецца ў Раду БНР, займаецца аграрнымі пытаннямі.
У Мігаўцы і непадалёк
У канцы 1920-га Уласаў канчаткова асядае ў Мігаўцы.
У 1921 годзе па Рыжскай мірнай дамове Мігаўка з Радашкавічамі аказваецца пад польскай уладай. Уласаў адразу спрабуе адкрыць у Радашкавічах беларускую гімназію, а ў выніку атрымлівае некалькі месяцаў зняволення ў канцлагеры Стшалкова ля мяжы Польшчы з Германіяй.
1922-і – больш удалы. Беларуская гімназія ў Радашкавічах адкрываецца. Уласава абіраюць паслом у сенат польскага сейма, ён уваходзіць там у Беларускі пасольскі клуб.
Малады вельмі таленавіты паэт Уладзімір Жылка, захоплены жыццём і апавядальніцкім талентам Уласава, дарыць яму тоўсты сшытак, спецыяльна для мемуараў. Тое сапраўды падштурхнула Уласава хоць што з уласнага жыцця занатаваць. Захапляльнае чытво, між іншым!
Абарона беларускіх інтарэсаў Уласавым у міжваеннай Польшчы праходзіла з пераменным поспехам. Апекаванае ім Таварыства Беларускай Школы адваёўвала і трымала беларускія пазіцыі ў адукацыі. Ды жыццё ў Беларусі Савецкай уяўлялася з Беларусі Заходняй больш шчаслівым, вольным і беларускім. Уласаў зрабіў са свайго дома ў Мігаўцы перавалачную базу для пераходу нелегалаў у Савецкую Беларусь, шчыра верачы ў вартасць і гэтай справы.
17 верасня 1939-га Савецкая Беларусь сама прыйшла і ў Мігаўку і ў Радашкавічы. Уласаў радаваўся “вызваленню” разам з такімі ж наіўнымі землякамі. Мясцовы батрацкі камітэт з павагі да заслужанага народнага інтэлігента захаваў за ім пяць гектараў зямлі, а ён з увагі да людзей здаваў частку той зямлі ў арэнду. Арандатар і напісаў на Уласава данос.
За заслугі перад Беларуссю
Уласава арыштавалі 6 кастрычніка 1939-га у Маладзечне. 13 месяцаў у вілейскай турме пад следствам. Колас, Купала, Бядуля звяртаюцца да беларускіх уладаў з лістом, дзе характарызуюць Уласава вельмі станоўча. А ён, станоўча настроены да савецкай улады, дае занадта падрабязныя паказанні на самога сябе, каб справу ўлагодзіць.
29 лістапада 1940 года па выраку суда Уласаў атрымаў 5 гадоў лагераў – не надта сур’ёзны тэрмін, калі б не ўмовы яго адбыцця і ўзрост. А ўмовы аказаліся нашмат горшымі і за царскую фартэцыю, і за польскі канцлагер…
Згодна з афіцыйнымі звесткамі, Аляксандр Уласаў памёр 11 сакавіка 1941 года на сібірскай станцыі Марыінск паміж Новасібірскам і Кемеравам ад паралічу сэрца. Па іншых звестках, смерць заспела яго на этапе ці ў Арле, ці ў Марыйскай аўтаномнай рэспубліцы.
Пры стварэнні артыкула аўтар у значнай ступені карыстаўся тэкстамі Арсеня Ліса, Генадзя Кісялёва і ўспамінамі Аляксандра Уласава. Кніжка А. Мельнікава пра Уласава плануецца ў серыі “100 выдатных дзеячаў” у сярэдзіне 2018 года.
Андрэй Мельнікаў