9 жніўня 2021 г. Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр».
— Успрымаем гэта як узнагароду і высокую ацэнку нашай дзейнасці. Ілюзій мы не мелі, у гэтым сэнсе вынік быў чаканы, — паведаміла намесніца старшыні арганізацыі Таццяна Нядбай. Нагадаем, што 22 ліпеня ПЭН-цэнтр паведаміў пра тое, што Міністэрства юстцыі падало пазоў аб ліквідацыі арганізацыі.
Гэтаму папярэднічалі візіт сілавікоў на офіс, дзе ПЭН-цэнтр мае юрыдычны адрас, а таксама арышт рахунку.
Беларускі ПЭН-цэнтр стаў адным з дзясяткаў недзяржаўных арганізацый, ліквідаваных уладамі.
Быў створаны ў 1989 годзе аргкамітэтам, у які ўваходзіла 20 пісьменнікаў. Прыняты ў Міжнародны ПЭН-клуб у траўні 1990 года на 55-м кангрэсе, што праходзіў на востраве Мадэйра. Зарэгістраваны Мінюстам 16 лістапада 1990 года, перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года.