«Большасць з нас марыць вярнуцца ў свабодную Беларусь…»

23.04.2021 Замежжа

У польскай агламерацыі Труймяста — Гданьск—Гдыня—Сопат — на беларускія акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі выходзяць сотні людзей. Нашы землякі паказваюць прыклад салідарнасці з радзімай. Гродзенец Ігар Жэрдзік расказаў «Народнай Волі» пра жыццё ў вымушанай эміграцыі ў польскім Памор’і.


«Большасць з нас марыць вярнуцца ў свабодную Беларусь...»

«У Гродне заставацца не маглі...» 

Ігар Жэрдзік (прозвішча зменена па яго просьбе) у жніўні 2020 года выходзіў на акцыі пратэсту ў Гродне і спадзяваўся, што хутка наступяць перамены. Ён будаўнік з вышэйшай адукацыяй, працаваў адразу ў дзвюх фірмах, але ніводная з іх не мела заказаў. Пасля таго як пачаліся масавыя затрыманні і суды, Ігар разам з жонкай Аленай у верасні вырашылі пакінуць Беларусь.

— Мне было прасцей на гэта рашыцца — я прывык па камандзіроўках ездзіць, — распавядае Жэрдзік. — А вось жонка плакала — не хацела пакідаць маці і дзвюх сясцёр.

Праўда, у Гданьску ўжо жыла іх малодшая дачка, туды ж з Мінска накіроўвалася і старэйшая з мужам.

З працай і жыллём усё вырашылася адразу 

Там Ігара ўжо чакалі знаёмыя будаўнікі з Гродна, якія працавалі на розных аб’ектах. Працу яму шукаць не давялося — ехаў, ужо маючы запрашэнне ад польскай будаўнічай фірмы.

— Ніякай асаблівай бюракратыі з уладкаваннем не было. Нават спяцоўку мне адразу выдалі менавіта таго памеру, які я ўказваў у анкеце, — распавядае мужчына.

На будоўлі працуюць пераважна беларусы, прычым у асноўным з Гродна, хаця ёсць і з іншых гарадоў, нават з Крычава, што на Магілёўшчыне.

Ігар з жонкай знялі двухпакаёвую кватэру, праз некалькі дзён да іх прыехала старэйшая дачка з мужам, і цяпер жывуць усе разам. Давялося пасля прыезду 10 дзён пабыць на каранціне. Дарэчы, у Польшчы з гэтым вельмі строга, правяралі па некалькі разоў на дзень. За кватэру плацяць 2100 злотых у месяц.

— Я ў дзень зарабляю 180 злотых — 50 долараў. Працуем па 10 гадзін, адзін выхадны. Муж дачкі ўладкаваўся на дастаўку прадуктаў з крамы. У яго падчас пандэміі заробак штодня даходзіць да 300 злотых, — канстатуе Ігар.

Трэба сказаць, што многія харчовыя прадукты ў Гданьску значна таннейшыя, чым у Беларусі (даражэй каштуюць толькі цыгарэты і гарэлка). А таму на пражыццё заробку хапае.

Жонка Ігара працы пакуль не знайшла, хаця час ад часу бываюць нейкія падпрацоўкі. Спадзяюцца на тое, што пасля пандэміі ўладкуецца.

— Горад турыстычны, і працы тут шмат, — разважае Ігар. — Чакаем, што к восені, калі ўсіх прышчэпяць ад каранавіруса, нешта зрушыцца. Тым больш што ў жонкі добрая польская мова.

«На акцыі выходзім сем’ямі» 

Беларусы, якія жывуць у Труймясце, звычайна знаёмяцца на акцыях у цэнтры Гданьска ля помніка Нептуну. Цяпер яны ўсе маюць зносіны праз сацсеткі. І кожную нядзелю, нягледзячы на пандэмію, сем’ямі выходзяць да Нептуна з бел-чырвона-белымі сцягамі. На акцыі часам збіраецца да трохсот чалавек.

Найбольш актыўная частка беларусаў — гэта моладзь, якая вучыцца ў Польшчы. Іх заўсёды шмат, яны прыходзяць са сцягамі, прапаноўваюць праграму акцый.

Вельмі значны адсотак беларусаў у Гданьску, паводле слоў Ігара, гэта палітычныя ўцекачы. Менш тых, хто прыехаў сюды ў сілу эканамічных прычын.

— Мы прыехалі сюды не ад добрага жыцця, — гаворыць Ігар. — Мы прыходзім на акцыі, каб паказаць сваё стаўленне да Лукашэнкі, а таксама выказаць салідарнасць з усім беларускім народам, які змагаецца супраць рэжыму.

І яшчэ з назіранняў Ігара: абсалютная большасць тых, хто жыве і працуе ў Гданьску, мараць вярнуцца ў свабодную незалежную Беларусь.

«Дзякуй палякам за салідарнасць» 

Падчас беларускіх акцый паліцэйскія прасілі, каб такія мерапрыемствы былі ўзгоднены з гарадскімі ўладамі. Дэлегацыя хадзіла да мэра Гданьска, продкі якога, як высветлілася, паходзяць з Гродна. Ён без усякай бюракратыі даў дазвол на беларускія акцыі, а таксама прапанаваў памяшканне, каб беларусы маглі там збірацца і праводзіць свае мерапрыемствы.

— Ён заахвоціў жыхароў Гданьска сабраць гуманітарную дапамогу для беларусаў, якія ў сілу вядомых абставін апынуліся ў іх горадзе, — распавядае Ігар. — Людзі прыносілі не толькі адзенне і абутак, а і бытавую тэхніку, харчаванне. Такое ўражанне было, што адклікнуўся ўвесь горад.

І яшчэ адно моцнае ўражанне майго суразмоўцы: вельмі шмат палякаў прызнаюцца, што іх карані паходзяць з беларускіх земляў, маўляў, бабуля з дзядулем пасля вайны пераехалі ў Польшчу.

— Шмат палякаў падыходзяць на акцыях, размаўляюць, цікавяцца, падтрымліваюць, — канстатуе Ігар. — І за гэта мы ім вельмі ўдзячны.

На 25 сакавіка беларусы з Труймяста пашылі сцяг даўжынёй 80 метраў і прайшлі з ім па вуліцах трох гарадоў. Дарэчы, беларускія жанчыны шылі гэты сцяг ці не ўсю ноч. Было сапраўднае свята, беларусаў вельмі цёпла падтрымалі палякі.

— Многія ішлі з намі ў калоне, — згадвае гродзенец. — Далучаліся людзі самых розных узростаў. Больш сталыя нават распавядалі, як самі ўдзельнічалі ў «Салідарнасці». Лозунг «Жыве Беларусь!» разам з намі крычалі і палякі.

Народная Воля