“Вяровіца” ў Навагрудку, ці Пра што размаўляюць мужчыны

men

23 сакавіка “Вяровіца Алеся Камоцкага” была прэзентаваная ў Наваградку.

Унікальны праект чакаў сваёй рэалізацыі 12 гадоў. Складанка псалмоў Рыгора Барадуліна, праспяваных Алесем Камоцкім і аранжыраваных Аляксандрам Віслаўскім, выйшла разам з кнігай фотаздымкаў Джона Кунстадтэра.

Выступ адбыўся ў доме-музеі Адама Міцкевіча і сабраў публіку, як кажуць, “рознакаляровую”. Самыя актыўныя з прысутных студэнтаў, настаўнікаў і пісьменнікаў атрымалі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” памятныя падарункі. Выступ Камоцкага быў кранальным, як і меркаванні Джона Кунстадтэра пра Беларусь і захапленне ёю. Вельмі хочацца верыць, што і “ўладар” сценаў Міцкевіч пачуў песні і вершы і быў крануты не меней за аўтара гэтых радкоў, які, прасякнуты вандроўкай і сустрэчай, напісаў наступнае:

Пра што размаўляюць мужчыны

Пра што размаўляюць мужчыны,
Раніцой у Наваградак едучы?
Пра музыку й першапрычыны,
Пра жанчын сваіх, дробных і велічных.

Пра што размаўляюць мужчыны?
Пра плыткі, плёткі і рознае,
Пра час ад БАТЭ да Скарыны
Ды пра лёс між Каломнай і Познанню.

Пра што размаўляюць мужчыны
У кавярні на трасе той раніцай?
Пра шчырыя песні краіны
І пра словы часопісаў глянцавых.

А потым спяваюць мужчыны
Псалмы, аж чутно іх Міцкевічу,
І кожны сваёю Гражынаю
І словам да Бога дзеліцца.

Пра што размаўляюць мужчыны
Назад шляхам стомленым ўвечары?
Культуры бясконцая скрыня –
Разумнае, добрае, вечнае.

Выступ Алеся Камоцкага і прэзентацыя дыска ў Мінску пройдзе 24 сакавіка, у Музеі Янкі Купалы.
Пачатак – 18.30. Уваход вольны.

11

2

3

4

5

6

7

Тэгі: