У 1954 г. у Мюнхене выдавецтвам “Бацькаўшчына” была выдадзеная сапраўды ўнікальная кніга — прынамсі, для нашае літаратуры: “Нядоля Заблоцкіх” Лукаша Калюгі. Унікальнасць палягала не ў вяртанні амаль страчанага твора і закатаванага імя аўтара: за год да таго сышлі з варштата “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя, падобныя трагічным чалавечым і кніжным лёсам. Унікальным выданне рабіла прадмова і паслямова (“Дасказаньне зьместу нявыдрукаваных частак “Нядолі Заблоцкіх” на аснове ўспамінаў пераказу гэтага зьместу самым аўтарам у лісьце да сябры на выгнаньні”) “хроснага бацькі” Лукаша Калюгі па “Узвышшы” Антона Адамовіча. Шчаслівы збег абставінаў — сяброўства пісьменніка з крытыкам і выключная памяць апошняга — захавалі для нас дэталі літаратарскага даваеннага жыцця і, што асабліва істотна, аўтарскую задуму працягу аповесці.
Антон Адамовіч добра арыентаваўся ў свеце Заблоцкіх: “Пасьля выпадку з аповесьцей Калюга бярэцца за больш нэўтральны матар’ял — “каб навет і без камсамольцаў”, як сам ён казаў: ён хоча адтварыць жыцьцё й быт самога сяла, тых ягоных “гаспадароў”-ралейнікаў самых па сабе, як яны ёсьць, ды задумвае й пачынае цыкль апавяданьняў пад агульным назовам “Баркаўцы й баркаўчане” (“Баркаўцы” — даволі празрысты псэўдонім роднага Калюгавага сяла Скварцы). З гэтага цыклю на балонах таго-ж “Узвышша” ў 1929 годзе друкуюцца апавяданьні, зьвязаныя адзінствам месца і асяродзьдзя дзеяньня — гэных “Баркаўцоў” і іхных жыхароў “баркаўчанаў”: “Трахім — штучны чалавек” (“Узвышша”, 1929, №2), “Ільлюк — дасьледчык” (тамсама, №3), “Як Міхалюку Баркаўцы даліся ў знакі” (тамсама, №5), “Тахвілін швагер” (тамсама, №8)”.
Міжволі згадваецца структура “Сагі аб Фарсайтах”, што таксама была пачалася з апавядання, а потым дапісваліся раманы, навелы, і ў выніку атрымаўся манументальны цыкль разнажанравых твораў, прысвечаных жыццю аднае сям’і. “Сагу пра Заблоцкіх” мы можам толькі спрабаваць сабе ўявіць з дапамогаю пералічаных апавяданняў, самой аповесці і пераказу.
І яшчэ аднаго апавядання!
Калюгава апавяданне “Шкодны вісельнік” было надрукаванае ў тым самым 1929 г., што і астатнія, але не ва “Узвышшы”, а ў іншым выданні: у літаратурна-мастацкім часопісе “Крыніца”, у 4-м, лістападаўскім нумары, сярод рэдактараў якога, дарэчы, быў і сам аўтар. Як мог Антон Адамовіч з сваёй вядомай усім фантастычнай памяццю забыцца на гэты твор — пры тым, што асобнік часопіса быў выяўлены менавіта ў ягоным асабістым архіве, — загадка.
Праўда, гэтае апавяданне суправаджае нейкі нешчаслівы лёс.
Нягледзячы на тое, што яно — насуперак арышту і высылцы ўладальніка асобніка, вайне, эміграцыі — захавалася, ні першая рэпублікацыя (часопіс “Спадчына”, 2001, №4), ні другая, факсімільная (“Запісы БІНіМ”, 2004, №27) не прыцягнулі ўвагу ні літаратуразнаўцаў, ні ўкладальнікаў апошняга па часе выдання твораў Лукаша Калюгі (Мінск, 2011).
Галоўны — зрэшты, адзіны — герой, Савоста Заблоцкі, Юстынаў сын, “наважыў болей на гэтым сьвеце ня жыць.
— Раз прападаць, — сказаў ён.
Ды давай шукаць, чым-бы спрытней сябе са сьвету збаёдаць. І так і гэтак мяркаваў, але ўсяго адна вяроўка магла яму ратунак даць
Эх. Як успомніш, дык аж мяне самога зайздрасьць бярэ. Добра вешацца, каб вы ведалі. Дурань той, хто ні разу гэтага не прабаваў. Усё адно: раз прападаць, — як той Савоста казаў. Калі ўжо чалавека на сьмерць павяло, калі мае на сябе злосьць, дык хоць якую знойдзе сабе кару. Сама лепей — павесіцца, лепш як тапіцца: п’явак няма чаго баяцца й рак табою не пажывіцца, ня гнісьці, а сохнуць будзеш, гразь цябе не занясе, багавіньне ў валасы не наб’ецца, а чысьценькі, крыху доўжанькі будзеш сабе на ветры гутатацца”.
Змест — як той Савоста лез на дрэва, што бачыў, што думаў, як з буслам перастрэўся. І як перадумаў. Як хацеў быў спусціцца, але паляцеў, праламаў страху ў лазні: “Паляжаў крыху, адбітыя месцы памацаў, плюнуў дый кажа сам сабе:
— От табе й павесься ня ўмеючы, ніколі ня вешаўшыся. Хай яно згарыць з такою работаю. Дурань той, хто вешаецца — я гэта на сабе дазнаў.
І па той жа раз — годзе Савоста вешацца. Выкінуў ён дур з сваёй галавы. Калі бывае гора яму ці бяда ўспадзе, дык памяркоўнымі думкамі сябе разважыць.
— Ат. Неяк жыць будзем. — скажа, як і даўней казаў. Засмуціцца бывае Савоста ды зараз-жа і вясёлы стане”.
Твор зроблены цалкам у Калюгавай манеры, але пра што ён? Ці гэта той выпадак Ядвігіна Ш., акрэслены Максімам Гарэцкім: “Самае важнае ў аўтора аднак ня столькі тое, каб абсьмяяць заганы жыцьця, сколькі тое, каб пасьмяшыць чытаньніка”?
Апавяданне, нягледзячы на трагізм тэмы, напісана з добрым гумарам што да Савосты, хіба троху пакепліва; сур’ёзна тут гучыць адзін-адзінюткі абзац, дый тое ў спасылцы:
“Не падумайце толькі, што Савоста так, бяз дай прычыны напрападлую пусьціўся, што ён здуру вешацца надумаў. О, не. Бяда Савосту да гэтага давяла. Выбіраўся ён у бежанцы з баркаўцоў зьехаць ды агледзіўся, што грошы адсыралі за абразікам лежачы. От ён іх узяў ды на скаварадзе ў печ на пот паставіў. Ня выняў іх з печы ў пару, дык яны й зжалялі там стоячы — нельга ў рукі было ўзяць. Таму й прышла Савосту благая думка ў галаву, што: — Раз прападаць”.
Як бачым, прычына ў Савосты была зусім не жартоўная.
І мо ўсё ж у падсвядомасці Антона Адамовіча апавяданне прыхавалася, і менавіта яно выклікала наступныя развагі ў тэксце пра “Нядолю Заблоцкіх”: “Розныя шляхі разьвязаньня праблемы долі-нядолі назірала, адлюстроўвала й паказвала нашая літаратура. У ведамым і адным з наймацнейшых сваіх вершаў — “Перад вісельняй”, што ў часе напісаньня (у 1908 г.) у вабставінах царскае Расеі мог пашырацца адно нелегальна (у друк упяршыню трапіў за мяжою, у Львове, а на бацькаўшчыне — адно пасьля рэвалюцыі), Янка Купала паказаў адзін із такіх шляхоў — скрайны і адчайны шлях:
Як мне ўсе ходы зачынілі.
Ўсе ходы к зноснаму жыцьцю,
Я на пралом пайшоў у бясьсільлі
За праўду пастаяць сваю”.
Нагадаю яшчэ два слупкі з гэтага ж верша:
…Дзе-ж кат? Гэй, шэльма, вешай лоўка!
Ня меў я волі, ні вугла…
Намыль з канца ў канец вяроўку,
Каб лепей шыю абняла!
Ў паветры ногі затрасуцца,
Байца ня стане аднаго,
Дый хоць званы й не адгукнуцца,
Не пахаваеце ўсяго!
Антон Адамовіч далей спрабуе акрэсліць, якія ж наогул былі шляхі “разьвязаньня праблемы долі-нядолі”.
Першы — “шлях пралому ў бясьсільлі”.
Другі — “шлях заламаньня”.
Трэці, прамежны, — “шлях чаканьня й спадзяваньня долі”, “шлях лятуценьняў”.
Савоста Заблоцкі апынуўся на раздарожжы ў выбары шляху. Ужо не заламання, ужо не пралому ў бяссіллі, але яшчэ не бачыць чацвёртага шляху — актыўнага, дзейнага: не чакання пераменаў, а “здарэння іх”.
А з 1932 года іншы ўзвышэнец, Адам Бабарэка, піша пра нядолю — Савосты і астатніх Заблоцкіх? Калюгі і ягоных сяброў? — наступнае: “Нядоля яе ў тым, што яна сваімі рукамі сама сабе павінна труну рабіць, сама сябе ўмагіліць (такая канечнасьць вызначана для яе пануючымі яе часу, вызначана ўсім тагачасным ладам грамадзкім, у той час, як воля яе ў процілеглым, як дух яе ў творчасьці цікавага сьвету, у творчасьці сябе як сьвету вольнага часу, у творчасьці сябе чалавекам вольнае часіны, як сьвету ўцехі людзкое)”.
Дык усё ж, як сказаў Савоста, “неяк жыць будзем”!
Лявон Юрэвіч
Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.