Вяртанне ў літаратуру, або «Вядзьмарская» проза Марыі Роўда

3 лютага ў кнігарні «ЛогвінаЎ» адбылася прэзентацыя празаічнай кнігі «Клінічны выпадак, або Дарэмныя ўцёкі» Марыі Роўда. Сустрэча была зладжаная Саюзам беларускіх пісьменнікаў і кампаніяй «Будзьма беларусамі!», яе наведалі некалькі дзясяткаў чалавек.

Зборнік выйшаў у серыі «Кнігарня пісьменніка» Бібліятэкі СБП выдавецтва «Кнігазбор» і сабраў пад адной вокладкай апавяданні і аповесці, напісаныя цягам 22 гадоў.

Марыя Роўда

Менавіта столькі часу прайшло між першай публікацыяй Марыі, здзейсненай у 1993 годзе на першай паласе тагачаснай “Нашай Нівы”, калі дзяўчыне было ўсяго 18 год, і выданнем кнігі.

Аўтарка на доўгі час “знікла” з літаратурнай прасторы, і вось нарэшце — вярнулася! — да радасці сваіх калег і чытачоў.

Барыс Пятровіч

Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, празаік Барыс Пятровіч, які стаў рэдактарам кнігі, распавёў, што працаваць над творамі Марыі Роўда было цікава і канструктыўна — у Марыі адметны стыль і арыгінальная аўтарская мова, якія ўзбагачаюць сучасную беларускую прозу, і сам зборнік варты сур’ёзнага прачытання і асэнсавання.

Севярын Квяткоўскі

Літаратары Ігар Бабкоў і Севярын Квяткоўскі, знаёмыя з Марыяй з пачатку 1990-х, у сваіх выступах успаміналі, наколькі яркім быў яе “нашаніўскі” дэбют — апавяданне “Вырві гэта з мяне” стала эстэтычным выбухам для тагачаснай публікі.

Выступае Ігар Бабкоў

— У выпадку з Марыяй Роўда ніколі нельга быць упэўненым у рэальнасці таго, што адбываецца. Не ўсё так, як падаецца, — зазначыў філосаф і пісьменнік Ігар Бабкоў. — За вобразам дысцыплінаванай навукоўкі і выкладчыцы ўніверсітэта хаваецца гераіня-вядзьмарка, і чытачам трэба будзе пастарацца, каб раскрыць яе таямніцы.

Адам Глобус

Мастак і пісьменнік Адам Глобус, зборнікам “Парк” якога Марыя зачытвалася ў юнацтве, у чым яна прызналася, запрашаючы госця да выступу, павіншаваў аўтарку з выхадам доўгачаканай кнігі і пажадаў ёй захаваць сябе як творцу, нягледзячы на складаную культурную сітуацыю.

Андрэй Дынько

Шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько выказаўся пра беларускамоўнае кнігавыданне, якое, на яго погляд, развіваецца досыць аптымістычна, у тым ліку дзякуючы такім перспектыўным аўтарам, як Марыя Роўда.

Уладзімір Дрындрожык

На вечарыне пісьменніца прачытала фрагменты з аповесці “Настаўнік заўжды вінаваты” з музычным суправаджэннем Уладзіміра Дрындрожыка (які, дарэчы, быў дызайнерам вокладкі), а таксама дала слова паэту і карэктару кніжкі Віктару Лупасіну.

Прэзентацыя завяршылася аўтограф-сесіяй.

 

Тэкст: Віка Трэнас, фота: Ціхан Чарнякевіч, lit-bel.org