1 сакавіка ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” Э. Акулін і Л. Дранько-Майсюк наведалі Астравеччыну, дзе зладзілі дзве творчыя сустрэчы: у Гудагайскай СШ і Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
“Апошнюю па дарозе ў Вільню чыгуначную станцыю Гудагай мы праязджалі безліч разоў, а вось з творчым візітам на радзіму слыннага навукоўца Адама Мальдзіса трапілі ўпершыню. Першы вясновы дзень, надзіва цёплы і сонечны, паспрыяў гэткаму ж настрою падчас сустрэчы ў Гудагайскай СШ. І вучні, і настаўнікі з цікавасцю слухалі нашы вершы, спявалі песні, актыўна ўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне. Пасля сустрэчы ў памятным альбоме школьнага музея мы пакінулі вясёлы паэтычны экспромт:
Будзе доўга сніцца
пагранічны рай,
мытная сталіца –
родны Гудагай!
На сустрэчу ў Цэнтральную раённую бібліятэку Астраўца сабраліся супрацоўнікі сельскіх бібліятэк Астравеччыны а таксама сябры літаратурнага клуба пры газеце “Астравецкая праўда”. Пераважная большасць аўдыторыі была жаночая, таму асноўнай тэмай сустрэчы стала тэма кахання”, – падзяліліся ўражаннямі ад вандроўкі выступоўцы.
Па добрай традыцыі імпрэзаў “Будзьма беларусамі!”, паміж прысутнымі былі праведзеныя конкурсы з памятнымі прызамі.