Першы зборнік вершаў і апавяданняў з серыі “Гарадзенская Біліятэка” Дарь’і Ліс быў прэзентаваны ў Смаргоні 20 снежня. Невялікае памяшканне здолела змясціць у сябе гасцей са Смаргоні, Залесся, Мінску, Гародні і Вілейкі.
“Ёсць такая прафесія – будзіць краіну”, – зазначыў праваабаронца Алесь Дзергачоў. Гэтым і займаецца Дар’я, чыя кніга, толькі пабачыўшы свет, з лёгкай рукі журналіста Паўла Мажэйкі атрымала назву народнай.
“Я нарадзілася ў Залессі, дзе да чатырох гадоў мяне выхоўвала прабабуля, жанчына з спраўднай беларускай душой, – распавядае Даша. – Менавіта ёй я ўдзячная за беларускасць, за святкаванні Калядаў, Вялікадня. У чатыры гады я навучылася чытаць і надзейна пасябравала з кніжкамі. Не навучыцца было немагчыма, улічваючы прысутнасць дзвюх настаўніц у хаце – маці і бабулі. З трэцяга класа я навучалася дома, за што вельмі ўдзячная сваім настаўнікам. Марыла стаць перакладчыкам або журналістам, але журфак на той час не пазваў, а ў шматпавярховым будынку лінгвістычнага ўніверсітэта адсутнічаў ліфт. Таму пасля шматпакутных роздумаў акрэсліўся факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя М.Танка. Пра філфак не шкадую: там знайшлося шмат харошых і цікавых людзей. У прыватнасці, выкладчыца сучаснай беларускай літаратурнай мовы падштурхнула мяне да журналістыкі, да пошукаў сябе”.
Данута Бічэль – адна з тых, хто ўдзельнічаў у працэсе стварэння кнігі. Яе пранікнёная прадмова адкрывае зборнік. Падчас прэзентацыі Данута Янаўна прызналася, што напачатку не вельмі ахвотна цікавілася Дашынай творчасцю і жыццём: “Вакол сябе я мела дастаткова болю, таму не хацела браць на сябе больш цяжару. Але гэта літаратура, якая не кідаецца адразу ў вочы. Чытаючы павярхоўна, можна не зразумець – трэба заглыбіцца”. Заглыбіўшыся, паэтка давяла рэдактарскую справу да канца і дала параду Дар’і браць прыкладам мужнасць беларускай паэткі Ніны Мацяш, чыё пахаванне адбылося ў гэты ж дзень на белаазёрскіх могілках: “Чалавек, якого пасадзлі на каляску, можа сагнуцца і трымацца толькі яе, а Ніна бачыла з каляскі ўсю Беларусь. Слова дае сілу. Многія лічаць, што шчасце – гэта калі цябе цалуюць, абдымаюць. Але калі ты цалуешся і абдымаешся са словамі – гэта светлае і моцнае шчасце, якое напаўняе жыццё. Ты будзеш шчаслівая, калі будзеш працягваць працаваць”.
Фота – Андрэй Рогач
Дар’я Ліс з паэткай Данутай Бічэль і журналістам Аляксандрам Уліцёнкам
Музыка і супрацоўнік музею М.К. Агінскага ў Залессі Сяргей Верамейчык з флейтавай імправізацыяй
Выступ госця з Вілейкі, барда Алеся Наркевіча
Тэгі: Смаргонь