Аляксей Гайдукевіч піша на budzma. by пра эканамічны складнік сёлетняй выбарчай кампаніі, якая ўчора афіцыйна стартавала ў нашай краіне.
Цяжка ўспомніць, калі выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіла ў такой крызіснай атмасферы, як сённяшняя. Бадай што можна правесці аналогію з 2010-м, калі годам раней (акурат пасля 1 студзеня 2009) беларуская валюта аднамомантна дэвальвавалася больш чым на 20%. І цягам года абвалілася яшчэ на 10%.
Сур’ёзны абвал адбыўся ўжо пасля выбараў снежня 2010 года. Праз скарачэнне золатавалютных рэзерваў краіны да 5 млрд долараў, інфляцыйных чаканняў і нясвоечасовай рэакцыі ўладаў з вясны 2011 года да восені наша нацыянальная валюта патаннела ў 3 разы. Гэта значыць, што ў доларавым эквіваленце абваліліся заробкі, прыбытак кампаній і прадпрыемстваў.
Той крызіс у Беларусі прынята звязваць у тым ліку і з «другой хваляй» сусветнага, а не толькі з вымываннем валютных сродкаў у нашай краіне ў сувязі са знешнімі выплатамі і іншымі ўнутрыбеларускімі эканамічнымі фактарамі.
Пра залежнасць беларускай эканомікі ад знешняй кан’юнктуры, цэнаў на нафту і эканамічнай сітуацыі ў Расіі падрабязна чытайце ў гэтым матэрыяле.
Зараз варта зірнуць на адмоўныя эканамічныя фактары, на фоне якіх пачалася выбарчая кампанія 2020-га.
Першы этап крызісу ўжо ідзе
Банкаўская сфера заўжды аператыўна рэагуе на адмоўныя змены ў эканоміцы. Бо банкі, у адрозненне ад статыстычных арганізацый, маюць магчымасць наўпрост узаемадзейнічаць з прадпрыемствамі і прыватнымі кліентамі.
Банкі аператыўна збіраюць інфармацыю ад кліентаў, адсочваюць, як змяняецца стан разлікаў, плыні ліквіднасці і плацежаздольнасць юрыдычных і фізічных асоб. Адпаведна, банкі фіксуюць змены ў эканамічнай сітуацыі практычна ў рэжыме рэальнага часу. Інфармацыя на сайтах Белстата і НБРБ з’яўляецца са спазненнем, з меншай частатой.
Таму варта ўважліва сачыць за любымі зрухамі ў сферы банкаўскіх паслуг.
Напрыклад, даволі трывожным выглядае прыпыненне найбуйнейшым банкам Беларусі істотнай колькасці крэдытных праграм для фізічных асоб. Як адзначаецца ў заяве банка, кампанія прыпыніла ці абмежавала выдачу пазык на набыццё ўжыванага жылля, спажывецкіх тавараў і інш.
Такі крок з боку банка зразумелы, бо ў статыстычнай справаздачы Нацбанка адзначаюцца сур’ёзныя страты банкаўскай сферы ўжо ў сакавіку. Калі ў студзені і лютым прыбытак сферы толькі ўзрастаў, у трэцім месяцы года быў зафіксаваны сапраўдны абвал — больш чым на 40%.
Сітуацыю выратаваў хіба толькі заробак на валютных аперацыях, якія разглядаюцца асобна ад іншай дзейнасці. У параўнанні з такім жа перыядам у 2019 годзе прыбытак большы амаль у 2,5 разы. Больш за 250 мільёнаў беларускіх рублёў па краіне.
Становішча ў банкаўскай сферы ў пэўнай ступені ёсць адлюстраваннем агульнага стану ў эканоміцы. Нацбанк апублікаваў вынікі анкетавання прадпрымальнікаў і вытворцаў. Так званы індэкс эканамічнага настрою ў красавіку знізіўся адразу на 11,7 пункта ў параўнанні з сакавіком.
Гэты індэкс ёсць індыкатарам настрояў у бізнесе, ацэнкай эканамічнай сітуацыі, рынкаў і дзеянняў дзяржавы ў гэтай галіне.
Такога кшталту індэксы не варта разглядаць як безумоўны інструмент для адназначных высноваў, бо іх могуць выкарыстоўваць і з маніпулятыўнымі мэтамі.
Але публікацыя гэтых дадзеных на сайце Нацбанка прымушае задумацца пра магчымыя падзеі ў беларускай эканоміцы.
Тым больш што нацыянальны рэгулятар пачаў праграму па павелічэнні грашовай масы праз выдачу пазык камерцыйным банкам.
Такі крок, як і аб’яўленне банкірамі пра частковае прыпыненне крэдытавання фізічных асоб, можна звязваць са змяншэннем наяўнасці ў сферы. У тым ліку ў сувязі з нявыплатамі па крэдытах як юрыдычнымі, так і прыватнымі кліентамі банкаў.
У пачатку траўня ўлады заявілі пра павелічэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі на 1,2%:
«Асноўным фактарам росту ўзроўню золатавалютных рэзерваў у красавіку стала купля замежнай валюты Нацыянальным банкам ААТ „Беларуская валютна-фондавая біржа“. Таксама павелічэнню рэзерваў спрыялі рост кошту манетарнага золата і паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў на ўнутраным рынку аблігацый, намінаваных у замежнай валюце»
Істотным індыкатарам падзей у эканоміцы для Беларусі з’яўляецца курс нацыянальнай валюты. І тут сітуацыя ацэньваецца як крызісная.
Чытайце таксама: Якім будзе жыццё пасля каранакрызісу?
Ціск на беларускі рубель абумоўлены не толькі знешняй кан’юнктурай на рынках і каранакрызісам:
«З пачатку года сам беларускі рубель патаннеў, мяркуючы па кошце кошыка валют, на 5%. Нават калі гіпатэтычна ўявіць сітуацыю, што расійская валюта ў адносінах да долара вернецца да ўзроўню студзеня 2020-га, гэта не азначае, што беларускі рубель таксама ўзмоцніцца», — каментуе сітуацыю аналітык Вадзім Іосуб.
Перад выбарамі і пасля
Цяжка ўявіць, што пры такім стане ў эканоміцы і прагнозах зніжэння вытворчасці да −5,5% ад міжнародных арганізацый Беларусь здолее за некалькі месяцаў змяніць тэндэнцыю і перад выбарамі сітуацыя будзе лепшай.
Усе апошнія выбары прэзідэнта ў Беларусі праводзіліся ў зімова-веснавыя месяцы і ва ўмоўна спакойнай эканамічнай сітуацыі. Можна сказаць, што сёлетняя кампанія ўжо беспрэцэдэнтная. Па-першае, праз тэрмін правядзення, па-другое, праз каранавірус і адзін з самых сур’ёзных эканамічных крызісаў.
Першапачатковай датай выбараў кіраўніца ЦВК абвяшчала 30 жніўня. Гэтая дата неаднаразова пацвярджалася ў прэсе рознымі дзяржаўнымі службоўцамі.
Што ж прымусіла ўлады змяніць тэрмін?
Магчыма, на фоне аднаго з самых цяжкіх крызісаў, які разгортваецца ў свеце і краіне, правесці выбары раней на 20 дзён можа быць неблагім рашэннем.
Чаму так спяшаюцца ўлады? Магчыма, трываласць эканамічнай сістэмы яны здольныя ўтрымаць толькі да гэтага тэрміну і падстрахоўваюцца?
Ці чакаць нам абвалу, як было ў 2011-м? Альбо яшчэ горшага?
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!