Выбары-2020: спойлеры і палітычны авантурызм

Аляксей Гайдукевіч прыгадвае на budzma.org папярэднія выбарчыя кампаніі і параўноўвае іх з сёлетняй.


Кандыдат у прэзідэнты — статус, які на Захадзе ўздымае стаўленне да чалавека на даволі высокі ўзровень. У сённяшняй дэмакратычнай сістэме гэта вяршыня палітычнай кар’еры і мара для ўсяго некалькіх тысячаў палітыкаў у Еўропе.

Але на ўсходзе кантынента, у тым ліку ў Беларусі, такой статуснасці гэтае званне бадай што не мае.

Згадваючы асобных былых кандыдатаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду Беларусі, цяжка ўявіць твары еўрапейскіх палітыкаў падчас іх сустрэч з некаторымі з тых, хто сабраў 100 000 подпісаў беларускіх выбарцаў.

І ў 2020-м становішча не нашмат змянілася, не выклікае аптымізму і надзеі на іншае стаўленне да нашай «палітыкі» і сёлетняя выбарчая кампанія. Каб паспрабаваць ацаніць перспектывы сённяшніх прэтэндэнтаў на кандыдацтва з «новых палітыкаў» (Бабарыка, Цапкала, Ціханоўскі) — варта зірнуць на нядаўнюю гісторыю «інстытуту выбараў» у нашай краіне.

Выбары — праца каманды

Першыя выбары прэзідэнта праходзілі ў становішчы татальнага развалу эканомікі, беспрацоўя, моцнай палітызаванасці грамадства і нетрывалага кансэнсусу сярод бізнес-груп, якія засноўвалі сваю дзейнасць на пераразмеркаванні савецкай спадчыны, прадпрыемстваў, за кошт узаемадзеяння з былымі партапаратчыкамі.

Камерцыйныя структуры тых часоў былі ўпэўненыя ў непахіснасці дзейнай сістэмы пры змене твараў і некаторых роляў у палітыцы. Яны былі больш зацікаўленыя ў захаванні былых сувязяў і назапашванні новых для сваіх схем атрымання танных крэдытаў і прыватызацыі.

1994_kandydaty.jpg

Кампанія 1994 года прадэманстравала, што менавіта «кампанія» як агітацыйныя захады нічога не вартая без рэсурсу супрацьдзеяння фальсіфікацыям і адміністрацыйнаму рэсурсу. Менавіта праца «каманды Лукашэнкі» ў гэтым кірунку і дазволіла яму прыйсці да ўлады.


2001

Выбары 2001 года праходзілі як працяг кампаніі па імпічменце, «альтэрнатыўных выбараў» (травень 1999). Вялікі ўплыў на кампанію мелі падзеі ў Сербіі, дзе апазіцыйная кааліцыя прыйшла да ўлады пасля выбараў і вулічных пратэстаў у выніку іх.
Менавіта такую тактыку паспрабавалі рэалізаваць і ў Беларусі.

Кампанія пачалася яшчэ вясной, калі апазіцыйныя сілы праводзілі мерапрыемствы па аб’яднанні ўсіх сіл, абранні «адзінага кандыдата». Асобна трэба вылучыць арганізацыю структур па назіранні і супрацьдзеянні фальсіфікацыям, моладзевых арганізацыі для вулічных пратэстаў (па прыкладзе сербскага «Отпора»).

Трэнд на саюз апазіцыйных кандыдатаў падкрэслены і ў публікацыі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў:

«З электаральнага пункту гледжання магчымасць перамагчы на выбарах варта было разглядаць толькі ў фармаце стварэння дэмакратычнага альянсу розных палітычных сілаў».

Адзіным кандыдатам ад апазіцыйных сілаў пасля зняцця ягонага «дублёра» Сямёна Домаша стаў Уладзімір Ганчарык, які на той час узначальваў Федэрацыю прафсаюзаў. Што, безумоўна, магло забяспечыць кандыдата дадатковым рэсурсам для супрацьстаяння фальсіфікацыям падчас выбараў.

У кампаніі ўдзельнічалі тысячы актывістаў з досведам палітычнай барацьбы 90-х, якая ўключала ў сябе і арганізацыю шматлікіх агітацыйных кампаній, і шматтысячныя вулічныя акцыі.

Дзякуючы ім выбары запомніліся сваёй навізною і спробамі рэалізацыі заходніх паліттэхналогій у Беларусі.

vybary-2001.jpg

2006

Моцная каманда была і ў саперніка Аляксандра Лукашэнкі на наступных выбарах. У 2006 годзе гэта быў Аляксандр Мілінкевіч. Ён, які і Ганчарык, быў чалавекам з досведам працы ў дзяржаўных структурах і адпаведнымі сувязямі. У 2001 годзе Мілінкевіч узначальваў штаб аднаго з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта — Сямёна Домаша.

Фактычна, Мілінкевіч быў тыповым палітычным дзеячам «на заходні лад». Ягоная фігура цалкам адпавядала ўяўленням заходняга выбарца пра палітыка.

Кампанія 2006 года таксама праходзіла пад знакам кансалідацыі розных апазіцыйных структур. Пасля чаго некалькі палітычных партый аб’ядналі свае намаганні дзеля агітацыйных мерапрыемстваў і назірання за выбарамі, супрацьдзеяння фальсіфікацыям.

Лейтматывам палітычнага жыцця 2006 года быў украінскі Майдан. Падзеі ў Кіеве ў 2004 годзе і дзеянні моладзевай арганізацыі «Пора» былі фактычным прыкладам для беларускіх апазіцыянераў падчас планавання паслявыбарчых акцый пратэсту і кампаніі па «назіранні».

original.jpg

Варта згадаць, што ў выбарчы актыў Мілінкевіча ўваходзілі дасведчаныя актывісты, якія заспелі яшчэ палітычную барацьбу 90-х, самі ўдзельнічалі ў выбарах на ўсіх узроўнях.

Шырокая сетка падтрымкі, назірання і «новыя» магчымасці інтэрнэту надалі галоснасць фактам фальсіфікацый. Улады ўпершыню сутыкнуліся з магутнай сілай вірусных відэа з выбарчых участкаў, якія імгненна станавіліся даступнымі тысячам прыхільнікаў апазіцыі.

2010

У 2010 годзе Беларусь яшчэ перажывала рэха дэвальвацыі 2009 года. Эканоміка аказалася напярэдадні магутнага крызісу, які выбухнуў якраз пасля выбараў. А апазіцыйныя сілы пайшлі на выбары адразу некалькімі кандыдатамі.

Чытайце таксама: Яшчэ адзін удар па беларускім рублі

Ініцыятыва «Гавары праўду», якая высунула паэта Някляева, папоўніла свае шэрагі вялікай колькасцю актывістаў са «старых» апазіцыйных арганізацый. Што, безумоўна, адбілася на якасці кампаній іншых апазіцыянераў — Рыгора Кастусёва, Андрэя Саннікава, Алеся Міхалевіча, Яраслава Раманчука.

На ўсіх валанцёраў і назіральнікаў не хапіла. Было відавочна, што чалавечы рэсурс апазіцыянеры паступова страцілі.

Асобна трэба адзначыць Віталя Рымашэўскага — аднаго з лідараў БХД. Арганізацыі з раскінутай сеткай структур, але з актывістамі, якія не маюць уплыву на значную частку грамадства.

Гэтыя і наступныя выбары варта разглядаць праз прызму зменаў не толькі ва ўсім беларускім соцыуме, але і сярод палітычна актыўнай часткі грамадства.

Так, з паслявыбарчага даследавання НІСЭПІ вынікае, што толькі 40% выбарцаў вырашылі, за каго будуць галасаваць, задоўга да галасавання, а ў 2006-м гэтая лічба была ў раёне 60%.

Такім чынам, можна зрабіць выснову пра недастаткова якасную працу палітычных актывістаў і агітацыю, а не толькі пра «разгубленасць» выбаршчыкаў з прычыны вялікай колькасці кандыдатаў.

3296101_original.jpg

2015

Можна назваць самымі сумнымі і беднымі на падзеі выбарамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Магчыма, што працэсы дэградацыі аскепкаў апазіцыйных структур толькі паскорыліся. А «новая» ініцыятыва «Гавары праўду», якая мелася стаць сілай кансалідацыі дробных пунктаў мясцовага актывізму і дыялогу з простымі грамадзянамі ў рэгіёнах, недастаткова якасна выканала сваю працу.

Афіцыйны вынік Таццяны Караткевіч — 270 тысяч галасоў, лічба невялікая, калі ўлічваць, што для рэгістрацыі трэба сабраць 100 тысяч подпісаў.

0922_hdz_agitac_lukashenka_03-9ymy4.jpg

Палітычны сігнал

Выкарыстоўваць афіцыйныя вынікі, адсоткі, атрыманыя кандыдатамі на выбарах, для ацэнкі эфектыўнасці працы каманд здаецца не зусім правільным. Бо адбываліся кампаніі ў розных эканамічных і знешнепалітычных умовах. Адзінае, што іх аб’ядноўвае, — гэта татальны кантроль уладаў за працэсам агітацыі і падліку галасоў.

Ацэньваць варта хіба па ўмоўным уплыве на грамадства менавіта кампаній, а не паслявыбарчых падзеяў.

Суб’ектыўна здаецца, што найбольш эфектыўнай у сэнсе «водгуку» з боку выбарцаў была кампанія 2006-га. І рэч нават не ў асобе кандыдата, а ў сістэмнай працы каманды. Па змесце перадвыбарчую гонку 2006 года можна лічыць самай «палітычнай». У сэнсе ўцягнутасці вялікай каманды, шырокай кааліцыі, актывістаў.

Галоўнае адрозненне ад 2001 года — абранне адзінага кандыдата падчас публічнага мерапрыемства, з удзелам прэсы і вялікай колькасці прадстаўнікоў розных палітычных сіл і аб’яднанняў.

Палітолаг Уладзімір Падгол у сваім аналізе выбарчых кампаній падкрэслівае:

«Перад выбарамі адзінага кандыдата адбываліся шматлікія кансультацыі ў рэгіёнах. На якіх абіраліся дэлегаты на паседжанні дэмакратычнага кангрэса».

Магчыма, для беларускага грамадства найбольш эфектыўным сігналам і матыватарам з’яўляецца не столькі асоба альтэрнатыўнага кандыдата, колькі ўсведамленне шырокага ўзаемадзеяння розных колаў палітычных сіл. Адзіны, у пэўнай ступені «кампрамісны» кандыдат такім чынам можа атаясамлівацца з палітыкам. У палітычнай сістэме, пабудаванай у Беларусі, адчуванне «палітычнага працэсу» можа быць больш важкім за фінансавыя магчымасці, колькасць удзельнікаў ініцыятыўных груп кандыдатаў і іншыя знешнія элементы кампаніі. Напэўна, такое стаўленне не змянілася да сённяшняга дня.

Выбары-2020 адметныя не толькі тым, што адбываюцца падчас магутнага эканамічнага крызісу, але і абмежаванай па часе кампаніяй. І супярэчлівыя асобы «альтэрнатыўных» кандыдатаў толькі дадаюць «унікальнасці».

Адной з асноўных задач кандыдатаў бадай што з’яўляецца пераадоленне апатыі выбарцаў і матывацыя іх прыйсці на ўчасткі. У першую чаргу тых, хто ніколі гэтага не рабіў масава — пакаленне «80-х і 90-х», якое ніколі глабальна не ўдзельнічала ў выбарах і не цікавілася палітычнымі працэсамі.

Гэтая задача можа быць так і не вырашаная. Хутка сабраныя ў інтэрнэце ініцыятыўныя групы і іх кандыдаты наўрад ці зменяць у гэтай узроставай групы настрой абыякавасці да выбараў. Магчыма, толькі яшчэ больш пераканаюць у штучнасці такіх «палітычных» кампаній.

Цалкам імаверна, што кардынальна змяніць грамадскія настроі ў «новых палітыкаў» не атрымаецца.

Хіба што ў краіне можа рэзка пагоршыцца эканамічная сітуацыя ў сувязі са знешнімі адмоўнымі фактарамі ці эпідэміялагічным станам.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!

Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»