Кампанія “Будзьма беларусамі!” збіраецца папоўніць серыю “Не маўчы па-беларуску” новымі паштоўкамі.
Навошта? Мяркуючы па шматлікай колькасці водгукаў, вясёлыя памочнікі вельмі дапамагаюць у паўсядзённай камунікацыі па-беларуску, а часам і ў вывучэнні мовы з нуля. Кампанія “Будзьма!” сабрала разам усе прапановы па новых тэмах для серыі і заклікае прагаласаваць ці дадаць у каментарах тую з іх, лексікі па якой вам не хапае, каб упэўнена не маўчаць па-беларуску кожны дзень!
Якімі будуць наступныя тэмы для засваення праз выразныя малюнкі мастачкі Дар’і Мандзік? Вырашаць вам!
Калі ласка, будзьце актыўнымі!
“Не маўчы па-беларуску!” — аўтарскі праект мастачак Дар’і Мандзік і Яны Войцік. У 2012 годзе праект стаў пераможцам конкурсу “Мы-2012”, у 2013 — конкурсу культурніцкіх ідэй ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Дзякуючы кампаніі быў рэалізаваны ў фармаце паштовак, насценнага календара і бясплатнага мабільнага дастасавання. Праект быў адзначаны сябрамі журы Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ,.!adnak і атрымаў прызавыя месцы ў намінацыях “Графічны і камунікацыйны дызайн”, “Interactive applications” і “Мабільная рэклама”.
Набываем наборы немаўклівых паштовак у кнігарнях па ўсёй Беларусі.
Усталёўваем бясплатнае дастасаванне для iOS і Android!
Выбіраем тэмы для новых паштовак!
Не маўчым па-беларуску разам!