Выдавецтва «Янушкевіч» атрымала прэмію Freedom to Publish

Асацыяцыя амерыканскіх выдаўцоў абвясціла ў пятніцу аб прысуджэнні міжнароднай прэміі Freedom to Publish выдавецтву «Янушкевіч». Паводле меркавання асацыяцыі «узнагарода, прысуджаная неамерыканскаму выдаўцу, які прадэманстраваў мужнасць і цвёрдасць у абароне свабоды выказвання меркаванняў».


Andrej Januškievič
Андрэй Янушкевіч

Выдавецтва «Янушкевіч» было заснавана дзесяць гадоў таму гісторыкам Андрэем Янушкевічам і хутка стала адным з найбольш плённых і прэстыжным у сферы незалежнага беларускага кнігавыдавецтва. 

Вясной 2022 года Андрэй Янушкевіч адкрыў у Мінску кнігарню «Кнігаўка». Кнігарня прапрацавала ў Мінску ўсяго адзін дзень. Яна была зачыненая пасля візіту прапагандыстаў, а выдавец Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца кнігарні Наста Карнацкая былі арыштаваныя на 28 і 23 сутак адпаведна.

Пасля вызвалення Андрэй Янушкевіч з’ехаў у Варшаву.

Цяпер у Варшаве існуе адноўленая кнігарня «Кнігаўка», а выдавецтва «Янушкевіч» працягвае рэгулярна публікаваць кнігі на беларускай мове.

«Кіраўніцтва выдавецтва «Янушкевіч» вытрымала цэнзуру, зведала зняволенне і выгнанне, і ўсё гэта дзеля выканання сваёй місіі — прадастаўляць чытачам літаратуру на беларускай мове», — гаворыцца ў заяве генеральнага дырэктара і прэзідэнта аб’яднання Марыі Палантэ.

Чытайце яшчэ: Андрэй Янушкевіч: «Кнігаўка» выйшла на Amazon — у наступным паўгоддзі ў нас будзе весялей!