У Інстытуце сучасных ведаў 7 кастрычніка 2009 году праходзіла прэзентацыя “На даху ў доктара Ф.”. Выстаўляліся розныя працы, тэматыка якіх мае сувязь з сюррэалізмам: фота, жывапіс, інсталяцыі. Грала музыка, хадзілі людзі ў дзіўных касцюмах. Працы належалі студэнтам Акадэміі мастацтваў, студэнтам Інстытута сучасных ведаў, а таксама людзям, якія не навучаюцца ні там, ні там. У адным з бакоў залі месцілася выстава фотамастака Ігара Ісачанкі пад назвай “ФотаХаос”:
Ігар Ісачанка
— Гэта камбінацыя шматлікіх фота. Абя’днаць іх адзінай эмоцыяй і сэнсам складана. Але ўсе фота маюць адну канцэпцыю – арт. Арт – гэта спосаб паказаць свае эмоцыі і перадаць іх іншаму чалавеку. Гэта тое, што нельга поста зняць на вуліцы. Гэта вобраз, прыдуманы ў галаве і пасля перакладзены на кампутар і паперу. Невялікія казкі, якіх у рэчаіснасці быць не можа. З дапрацоўкай колерам атрымліваецца тое, чаго не бывае. Фота наогул адлюстроўвае рэчаіснасць. А гэтыя фота – не. Тут самае галоўнае – паказаць людзям эмоцыі, тое, што яны найчасцей хаваюць.
Паводле адукацыі Ігар Ісачанка юрыст, што ніяк не стасвуецца з яго працай у фотадруку і захапленнем фота. Гэта не першая яго выстава. Апроч яе ён удзельнічаў у выставе “Дызайн-фармат’2008”, меў персанальныя фотавыставы ў Барысаве.
Хто ж такі загадкавы доктар Ф., у гонар якога называецца вечарына? На гэтае пытанне і здагадку: можа, які Фрэйд? – дзяўчына-студэнтка адказала: “Гэтыя выставы ўсе звязаныя з сюррэалізмам. А Фрэйд ці не – вырашаць вам.”
Падобныя “святы ўсіх пачуццяў” праходзяць у Інстытуце сучасных ведў штогод. Выставы, прэзентацыі працавалі толькі адзін вечар. Чатыры гадзіны, цягам якіх можна было прыйсці паслухаць, паглядзець, адчуць, з’яўляюцца гэткім шляхам далей, ад будзённасці.
Сюррэалізм — імкненне па-свойму ўбачыць свет людзей і паказаць гэта іншым, змяніць уяўленне пра прыроду рэчаў і іх прызначэнне. Яшчэ адно пацверджанне таму, што значна больш, чым мы думаем, у свеце адносна. А адносна праз тое, што каштоўнасці асобнага чалавека могуць істотна адрознівацца ад каштоўнасцяў агульнапрынятых. І мы ўсё адно звязаныя з сюррэалістычнымі мроямі – хаця б тады, калі марым ці бачым сны.
Магчымасць рабіць падобныя міпрэзы для моладзі істотная у першую чаргу праз тое, што чым маладзейшы чалавек, тым больш у яго энтузіязму для таго, каб змяніць свет, зрабіць яго лепшым ці іншым, тым менш кансерватызму. І ў нашым выпадку гэта не спроба змяніць грамадства, а спроба паказаць, наколькі розным можа быць адчуванне наваколля і сябе ў ім.
На першым фота — праца Ігара Ісачанкі