Большасць людзей адказала, што “Нёман” і быў першай камандай. Але былі і тыя, хто ўзгадаў “Крэсовiю” і “ВКС Гродна”. Што ж гэта за клубы? Адкуль яны ўзяліся? Хто там гуляў? Усе адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў нашым матэрыяле.
Гісторыя футбола ў II Рэчы Паспалiтай
У верасні 1918 года ў Польшчы быў створаны агульнапольскі саюз, які павінен быў заняцця развіццём спорту ў адроджанай краiне. Калі ў 1921 годзе ў ІІ Рэчы Паспалітай было каля 70 тысяч спартоўцаў, то праз тры гады іх было ўжо 115 тысяч. У 1927 годзе пытанні развіцця спорту ў краіне былі перададзены Дзяржаўнаму бюро фізічнага выхавання і вайсковай падрыхтоўкі. Калі казаць пра развіццё футбола, то ў снежні 1919 года ў Варшаве адбыўся з’езд польскіх футбольных клубаў, у якім удзельнічалі прадстаўнікі 31 каманды.
Па выніках пасяджэння быў створаны Польскі футбольны саюз (PZPN) са штаб-кватэрай у Кракаве. Адпаведна, першым старшынёй арганізацыі быў абраны кіраўнік клуба “Краковія” Эдвард Цэтнароўскі. Тэрыторыя краіны была падзелена на пяць футбольных акруг: кракаўскую, львоўскую, лодзьскую, познаньскую і варшаўскую.
Першы чэмпіянат павінен быў прайсці ў 1920 годзе, але вайна з бальшавікамі перакрэсліла планы тагачасных польскіх футбольных чыноўнікаў. Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны ў складзе Другой Рэчы Паспалітай аказаліся новыя тэрыторыі на ўсходзе і на захадзе. Гэты факт паўплываў і на фармаванне структуры футбольных акруг. Да ўжо пералічаных вышэй дадаліся: горнасілезская, люблінская, торуньская і віленская.
У 1929 годзе да іх дадаліся палеская і беластоцкая. У апошніх трох акругах і канцэнтравалася футбольнае жыццё Заходняй Беларусі. На першым кангрэсе FIFA ў красавіку 1923 года Польскі футбольны саюз быў прыняты ў яго структуру. У 1927 годзе была створана так званая “польская ліга” (экстраліга). У яе ўвайшлі 14 клубаў. Трапіць у эліту можна было праз рэгіянальныя спаборніцтвы, якія праводзіліся ў рэгіянальных футбольных акругах. Па сутнасці, клас А, у якім акурат і разыгрывалася званне чэмпіёна, быў другой лігай польскага чэмпіянату. Пераможца гульняў у акрузе восенню пачынаў змагацца за выхад у вышэйшую лігу. На першым этапе ў групе збіраліся суседзі, таму з года ў год пераможцы палескай, беластоцкай і віленскай акруг разыгрывалі паміж сабой адзіны білет у экстралігу.
Гісторыя ўзнікнення футбола ў Гродне
Што тычыцца нашага горада, то футбол у Гродне меў свой пачатак амаль роўна сто гадоў таму, калі з’явілася “Таварыства садзейнічання фізічнаму развіццю”. Тады ў футбол (які яшчэ называлі “нажным мячом”) пачалі гуляць гімназісты на занятках. У хуткім часе без футбольнага матчу цяжка было сабе ўявіць якое-небудзь гарадское спартовае свята. Перад Першай сусветнай вайной у горадзе ўжо існавалі дзве футбольныя каманды. Другое нараджэнне гарадзенскага футболу адбылося ў 1920 годзе.
Першым клубам у Гродне “за польскім часам” быў “Тшэцяк”, які стварыў трэцi Пяхотны полк (назва каманды менавіта ад нумара палка). Клуб быў вядомы ва ўсёй краіне, у яго шэрагах гулялі лепшыя футбалісты. Адначасова утварыўся і габрэйскі клуб “Макабі”, які, карыстаючыся падтрымкай грамадскасці, вельмі хутка стаў адным з лепшых правінцыйных клубаў.
Пасля сталі з’яўляцца такія каманды як: KS Cresovia і WKS Grodno (каманда складалася з вайскоўцаў 76 пяхотнага палка ім. Людвіка Нарбута). Яшчэ праз некалькі гадоў з’явіліся габрэйскія каманды як “Крафт”, “Хасмонея”, “Ютшня”. Была нават і такая: W.K.S.K.S. 3, што азначала “Ваенна-спартыўны клуб трэцяй санітарнай роты”.
У сярэдзіне 1920-х у шматлікіх гарадах сталі з’яўляцца футбольныя каманды, створаныя, як правіла, па вытворчай або нацыянальнай прыкмеце. Лік клубаў хутка рос, а з імі расла і колькасць жадаючых удзельнічаць у чэмпіянаце Польшчы. Першыя гады гарадзенскія клубы выступалі ў чэмпіянатах Люблінскай і Віленскай акруг. Але ўжо напярэдадні сезону 1929 года на футбольнай карце з’явіліся дзве новыя акругі – Палеская з цэнтрам у Брэсце і Беластоцкая, улады якога, насуперак назве, размяшчаліся ў Гродне.
Пераможцы чэмпіянатаў Палесся і Беласточчыны атрымалі рэальную магчымасць прабіцца ў лік наймацнейшых каманд Польшчы, якіх з 1927 гады аб’ядноўвала вышэйшая ліга. Патрапіць у лігу можна было праз шматузроўневую сістэму адборачных турніраў, у якіх удзельнічалі пераможцы рэгіянальных першынстваў. Гарадзенцы задавалі тон у ваяводстве. Хопіць сказаць, што толькі двойчы – у 1930 і 1935 гадах – яны прапусцілі наперад іншагароднія клубы. У 1926 годзе гарадзенская каманда выйшла ў клас “А” Віленскай футбольнай акругі, а яшчэ праз тры гады стала першым чэмпіёнам Беластоцкага акруговага футбольнага саюза і ўдзельнічала ў пераходным турніры за права гуляць у першай лізе польскага чэмпіянату.
Матч чэмпiёнаў
У 1929 годзе гарадзенская “Крэсовія” выйграла чэмпіянат Беластоцкай акругі, абыграўшы свайго галоўнага канкурэнта — клуб “WKS 42 PP” (спартыўны клуб арміі, што прадстаўляў 42-ы пяхотны полк з Беластока). Хто будзе чэмпіёнам, вырашыў дадатковы матч, бо пасля заканчэння апошняга тура ў кожнай з каманд апынулася пароўну ачкоў – па 17. У той час не ўлічвалася розніца забітых і прапушчаных мячоў паміж клубамі, якія набралі аднолькавую колькасць ачкоў пасля апошняга тура.
Гэты дадатковы матч успаміналі вельмі доўга. Матч праводзіўся 10 жніўня 1929 года, гаспадарамі былi гарадзенцы – так вырашыў Савет Акругі. “Крэсовiя» выйграліа 3-2, але перамога далася з цяжкасцю ў вельмі жорсткім і эмацыйным матчы. Да перапынку гарадзенцы прайгравалі 0-1, гол за “WKS 42 PP” на 17 хвіліне забіў Карыцкі. У другім тайме добрая гульня ў цэнтры поля Крываля і Балоска нарэшце дала эфект.
Праз некаторы час гарадзенцы выйшлі наперад – на 59 хвіліне забіў Iгнатоўвскi, а праз хвіліну гарадзенцаў вывеў наперад Хойнась. Беластачане аднак не збіраліся здавацца і на 75 хвіліне зраўнялі лік, гол забіў Сiтко. I толькі на апошніх хвілінах гарадзенцам удалося вырваць перамогу: на 87 хвіліне пераможны дубль аформіў Хойнась. Склад Cresovii з тым матчы: Malarczyk – Pęczek, Dzietrzenia – Krywol,Ballosek, Długołęcki – Chojnoś, Ignatowski, Kapura, Sidorowicz, Michelis.
Футбол як свята
Улады акругі рашуча змагаліся за дысцыпліну на футбольным полі і вакол яго. З газеты “Дзённік кресовы” можна, напрыклад, даведацца пра разбор інцыдэнта на гарадзенскім стадыёне падчас фінальнага матчу за права гуляць у класе “А” акругі паміж мясцовай “Крэсовіяй” і клубам ZTGS “Макабі” з Сувалак (Makabi Suwałki). “Крэсовія” тады абыграла супернікаў, аднак за парушэнне парадку падчас матчу футбольнымі ўладамі быў накладзены штраф у памеры 50 злотых на гаспадароў поля. Суровыя пакаранні панеслі і асобныя гульцы “Крэсовіі”.
За ўдар у твар гульца супернікаў Шода быў дыскваліфікаваны на адзін год, а Расціслаў Казлоўскі быў пажыццёва (!) пазбаўлены права насіць павязку капітана і дыскваліфікаваны на шэсць месяцаў як гулец за абразу галоўнага арбітра матчу. Легедны, якiх трэба помнiць У складзе “Кресовii” выступаў вядомы паўабаронца Марыян Караль Шаллер, які прайшоў шлях ад кракаўскай “Ураніі” і віленскай “Пагоні” да легендарнай варшаўскай “Легіі”.
Пяць разоў яго запрашалі ў нацыянальную зборную Польшчы.
Юльюш Балосэк – выхадзец з “Крэсовii”, нарадзіўся: 1911.09.12. Клубы: WKS 76 pp Grodno, Cresovia Grodno, Jagiellonia, Ognisko Wilno, Śmigły Wilno. Скончыў сярэднюю школу ў Гродне, быў чыгуначным чыноўнікам. Нападаючы – 182 см – 76 кг. Выпускнік гарадзенскай футбольнай школы, адораны спартсмен. Практыкаваўся таксама ў лёгкай атлетыцы.
У 1930-ыя гады быў вельмі папулярны ў сваім рэгіёне. Месца ў гісторыі ён заняў як лепшы выканаўца штрафных удараў і вуглавых. Скончыў кар’еру ў віленскай камандзе “Сміглы”, падчас нямецкай акупацыі бясследна знік. У Гродне “Кресовiя” мела добрыя ўмовы для развіцця спорту. Магчыма, калі б у клубе не культывавалі яшчэ дзевяць відаў спорту, поспехі гарадзенскага клуба ў футболе былі б куды большыя.
У сезоне 1934 “Кресовiя” была расфармавана і большасць футбалістаў увайшлі ў склад новага клуба “WKS Grodno”. Але перад вайной крэсавяне зноў вярнуліся на футбольнае поле і нават паспелі прабіцца ў вышэйшую групу. Пасля іх гісторыя спыняецца. Тэрыторыю Заходняй Беларусі акупавалі бальшавікі, а пасля і немцы…