Знаходзіцца гэтая вёска ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Пра яе ўзнікненне ў месцічаў ёсць свая легенда, распавядае для planetabelarus.by вандроўнік Юры Жыгамонт.
Кажуць, у даўнія часы, калі ішло вялікае перасяленне народаў, адна сям’я аблюбавала гэтыя мясціны і стала тут жыць. І вось неяк вячэралі яны — ды раптам чуюць: нехта праз карчы дзярэцца. Схапіліся яны за дзіды і сякеры — а чужынцы раптам загаварылі. На роднай, зразумелай мове загаварылі. У выніку скончылася ўсё не бойкай, а абдымкамі ды пацалункамі. Далучыліся госці да гаспадароў і сталі жыць усе разам. Чужых да сябе не пускалі, паміж сабою жаніліся і былі заўсёды сваякі. Так і паселішча сваё назвалі — Сваяцічы.
Пасяліліся тыя першыя людзі, зразумела, ля вады, на беразе рэчкі пад назваю Ведзьма (ці, як яшчэ яе тут завуць, Вядзьмянка). Магчыма, па гэтай рачулцы яны сюды і патрапілі.
Некалі тут праводзілі меліярацыю, падчас якой каля Сваяцічаў знайшлі касцяны стрыжань гарпуна. У стрыжні меўся паз, куды ўстаўляліся вострыя крамянёвыя зубцы. І навукоўцы прыйшлі да высновы, што знаходка гэтая адносіцца да часоў мезаліту. Першае паселішча ўзнікла тут недзе ў VI–V тысячагоддзі да нашай эры.
А вось з летапісаў вёска Сваяцічы вядома з XVI стагоддзя. Тады яна была ўласнасцю Станіслава Пяткевіча, і ў 1506 годзе кароль Аляксандр падарыў яму «пяць служб людзей» і дазволіў праводзіць тут таргі. А праз год жонка Пяткевіча піша ліст ужо новаму каралю, Жыгімонту Старому, і паведамляе, што яе муж Станіслаў памёр — дык ці не будзе паважаны кароль такі ласкавы, што пацвердзіць правы жонкі і дзетак Пяткевіча на валоданне мястэчкам Сваяцічы?
Жыгімонт Стары быў дабрэйшай душы чалавек. І Пяткевічы яшчэ доўга праводзілі тут кірмашы. Тутэйшыя людзі цэнтр сваёй вёскі па сёння завуць Кірмашом. Так і кажуць: трэба схадзіць на Кірмаш.
У 1557 годзе мястэчка Сваяцічы славілася ўжо і кірмашамі, і корчмамі. А праз 2 гады стала ўласнасцю Ганны Пяткевіч, удавы дворнага канюшага Мікалая Андрушэвіча. Безабаронную ўдаву ўвесь час крыўдзілі бессаромныя суседзі, пра што ў тагачасных дакументах нават захаваўся адпаведны запіс. Урэшце яна вырашыла ўзяць сабе маладога заступніка і выйшла замуж за пана Езофа (Юзафа) Казноўскага.
Калі яна памерла, увесь маёнтак разам з немалым багаццем, назапашаным пакаленнямі Пяткевічаў, перайшоў ва ўласнасць добрага шляхціца Казноўскага. На працягу наступных стагоддзяў уладары Сваяцічаў мяняліся даволі часта: Карыцкія, Давойны, Фурсы, Пясецкія, Хадкевічы, Рдултоўскія... І вось у 2-й палове XVIII стагоддзя маёнтак Сваяцічы становіцца ўласнасцю старажытнага шляхецкага роду Абуховічаў.
Ва ўсе часы Абуховічы славіліся сваімі талентамі ў дзяржаўных і ваенных справах. Адзіную паразу пацярпеў хіба што Піліп Абуховіч, ваявода смаленскі,калі ў 1654 годзе узначаліў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі быў вымушаны здаць горад расійскім войскам. За гэта Абуховіча абвінавацілі ў здрадзе Айчыне, і неўзабаве ён захварэў і памёр. Пазней яго сыны, Міхал і Тэадор Абуховічы, на сойме даказалі, што іх бацька не здраднік, а на той момант і ў тых абставінах прыняў адзіна правільнае рашэнне з усіх магчымых. Абодва, як і бацька, былі яшчэ і неблагія пісьменнікі і пакінулі шмат літаратурных твораў пра тагачаснае жыццё сваёй Айчыны.
Юзаф Абуховіч у 1772 годзе будуе на беразе рэчкі ў Сваяцічах цудоўны палац. Праз колькі год яго сын, кашталян менскі Міхал Абуховіч, зробіць гэты будынак цэнтрам сваёй рэзідэнцыі.
Як прызнавалі яго шматлікія госці, палац у Сваяцічах быў самы прыгожы сярод усіх у Наваградскім ваяводстве. У 1876 годзе сюды прыязджаў наш знакаміты мастак Напалеон Орда і пакінуў нашчадкам 2 акварэлі, па якіх можна зразумець, што менавіта выклікала столькі захаплення ў сучаснікаў Міхала Абуховіча. Творцамі гэтага шэдэўра палацава-паркавага мастацтва былі тры італьянскія дойліды, толькі, на жаль, прозвішчы іх не захаваліся.
На першым паверсе размяшчалася вялікая квадратная зала, якую называлі «Хрызалітавы грот». Сцены яе былі абкладзены гранітам, на кутах стаялі каменныя фігуры рыцараў, якія трымалі ў руках бронзавыя падсвечнікі. Побач была бібліятэка, дзе знаходзіўся архіў гаспадароў і больш за 500 000 кніг. Палац упрыгожвалі карціны славутых майстроў, шыкоўная мэбля. Падчас Першай сусветнай вайны адсюль незваротна знікла ўсё, нават насценная абшыўка і габелены.
У 1844 годзе ў Сваяцічах з’явіўся касцёл, які стаў апошнім праектам знакамітага польскага архітэктара Хрысціяна Айгнера. Храм асвяцілі ў гонар Святога Мучаніка Юрыя. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўным. На пачатку Першай сусветнай вайны яго вярнулі каталікам. Але ў гады савецкай улады зрабілі са святыні склад. Потым тут здарыўся пажар. Толькі ў 1992 годзе храм аднавілі, і цяпер ён лічыцца выбітным помнікам архітэктуры.
У Міхала Абуховіча была дачка Соф’я, яна і атрымала Сваяцічы ў пасаг. Пазней тут стаў гаспадарыць Эдуард Чапскі — сын Соф’і і палкоўніка Станіслава Чапскага. І калі яго дачка Вераніка пабралася шлюбам з графам Плятэр-Зібергам, палац зноў змяніў гаспадароў. Плятэр-Зібергі цалкам аднавілі будынак, сабралі новую калекцыю карцін і іншых каштоўнасцей. І зноў іх госці не маглі падабраць слоў, каб апісаць прыгажосць палаца ў Сваяцічах.
Плятэр-Зібергі жылі тут да 1939 года. З прыходам бальшавікоў ад палаца засталіся адны сцены. Падчас вайны яго выкарыстоўвалі немцы. А калі немцы адступілі, увайшлі партызаны і палац узарвалі.
Былая школа, якую пабудавалі на мурах палаца.
Мала што захавалася і ад вялізнага парку на 65 га: усяго толькі сажалка і пара старых ліп. А калісьці сюды штосуботы прывозілі са Снова музыкаў, у парку запальвалі святло (бо ў пана была свая электрастанцыя) і ладзілі танцы.
Пра Плятэр-Зібергаў у Сваяцічах згадваюць толькі добрым словам. Кажуць, граф быў чалавек выдатны, заўсёды выратоўваў людзей з бяды. Мог даць карову, каня, жыта, цэглы са сваёй цагельні. І ўсё без грошай, казаў толькі: «Як будзе вольная хвіліна — папрацуеш на гаспадарцы». Заўважце, як будзе вольная хвіліна! А пані, калі ў Сваяцічах быў пажар і пагарэла шмат дамоў, дык запрасіла ў палац жанчын, і тыя пяклі хлеб на ўсю вёску да тае пары, пакуль людзі сваё жыта не пажалі. Вось якія норавы былі даўней на Беларусі.