Весела і проста: курс «Беларускае мастацтва ХХ стагоддзя» для дзяцей

З 12 лютага да 14 мая ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” для дзяцей 7-12 гадоў  «Дзіцячыя творчыя майстэрні» падрыхтавалі адукацыйную праграму аб знакавых беларускіх мастаках ХХ стагоддзя.

AFISHA web-01
Што мы ведаем пра тых, хто ствараў свае карціны, скульптуры,
інсталяцыі 20, 50, 100 гадоў таму тут, у Беларусі? Што іх натхняла, пра што яны марылі, як стваралі свае працы? Як гэта паўплывала на нашу культуру? Пра гэта дзеці даведаюцца падчас нядзельных заняткаў, кожнае з якіх традыцыйна складаецца з двух частак – мастацтвазнаўчай і практычнай. Спачатку дзеці ў лёгкай  адаптаванай форме даведаюцца пра
мастака, пагуляюць у розныя крэатыўныя гульні, а потым на аснове творчасці таго ці іншага мастака створаць свае малыя і вялікія «шэдэўры», папрактыкуюцца ў розных тэхніках (маляванне, калажы, лепка, аплікацыя ды інш.).
Што атрымае ваша дзіця ад гэтых заняткаў?
– веды пра выбітных беларускіх мастакоў
– пашыраны кругагляд і разуменне сучаснага мастацтва
– уменне адрозніваць стылі і напрамкі
– аналітычнае і крытычнае мысленне
– натрэніраваную памяць (праз гульні)
– мора пазітыўных уражанняў ад заняткаў непасрэдна ў галерэі сучаснага мастацтва

Заняткі курса вядзе мастацтвазнаўца Сафія Садоўская. Сафія скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт (Расія), прайшла практыку ў Музее выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна (Маскве, Расія), працавала ў Нацыяльным Мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, таксама была вядучай
дзіцячых экскурсіяўу межах вялікага выставачнага пректа Zabor. Суарганізартарка і куратарка «Дзіцячых Творчых майстэрняў», прайшла
анлайн-курс па інтэрактыўным навучанні Мастацтву дзетак і дарослых (музей «МоМА», Нью-Ёрк, ЗША).

«Дзіцячыя творчыя майстэрні» – праект Галерэі «Ў», створаны для дзетак ва ўзросце ад 7 ды 12 гадоў, асноўная мэта якога – раскрыццё творчага патэнцыялу і развіццё вобразнага мыслення маленькага чалавека. Праз навучанне розным мастацкім тэхнікам, знаёмства з гісторыяй мастацтваў, а таксама з сапраўднымі мастакамі, куратарамі, мастацтвазнаўцамі, дызайнерамі, пісьменнікамі, паэтамі і музыкамі. «Дзіцячыя творчыя майстэрні» існуюць пяць гадоў. За гэты час было створана шэсць паўнавартасных курсаў для дзетак і дзевяць тэматычных фестываляў.

узрост: 7 -12 гадоў
кошт аднаго занятка: 10 рублёў,  папярэдні запіс – абавязковы.
месца: Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
пр-т Незалежнасці, 37а
Даведкі і запіс па тэлефоне  +375 (33) 3035960