Крысціна Бандурына разважае на budzma.by пра тое, чаму хатні гвалт – гэта замкнёнае кола і як ахвяры знайсці выйсці з яго.
Тым, хто перажыў гвалт, цяжэй за ўсё верыць людзям. Гэта ўвогуле самае цяжкае: верыць і падманвацца, верыць і падманвацца, верыць…
Знайсці выйсце з замкнутага кола — mission impossible. Але гвалт ніколі не бывае колам. Гэта, хутчэй, сістэма колаў, спіраль: фізічны гвалт, сэксуальны, эмацыянальны, эканамічны…
І часта здараецца так, што ўсё ідзе ў адным камплекце і паўтараецца раз за разам.
Хтосьці прыдумаў, што дзеці абавязаныя любіць сваіх бацькоў. І вось у цябе ёсць «татка». Ён дазваляе табе паглядзець тэлевізар, у вас усё добра, сямейная ідылія, а праз паўгадзіны ты ўжо «вытаращилась» на яго «своими зеньками» і не можаш зразумець, за што быў гэты ўдар, чаму цябе выганяюць з пакоя і больш не даюць глядзець тэлевізар.
«Добры-дрэнны татачка» — любімая тактыка майго бацькі. Была. Дзейнічала безадмоўна. Спачатку ты па-дзіцячы радуешся якому-небудзь падарунку, а пасля падарунак «у пакаранне» адбіраецца — і ты ўжо не па-дзіцячы плачаш.
Не верыць
Ці ведаеце вы, як выглядае звычайны хатні агрэсар? Не? Вось і я не ведаю. Няма такой жывёлінкі. Няма такога тыпажу. Кат, як правіла, на людзях — сама дабрыня і інтэлігентнасць. І гэта адна з тых прычын, з якой ахвяры гвалту цяжка даказаць, што яна ахвяра.
Майго бацьку «штарміла» ад прыступаў шалёнай агрэсіі да такой жа шалёнай «любові». «Доченька моя любимая»; «Ты же знаешь, что я тебя люблю больше всех на свете?». Вырвацца з яго абдымкаў было нерэальна. Я маўчала. У мяне язык не паварочваўся сказаць: «І я цябе».
Не памятаю, у які момант я перастала яму верыць.
Аднойчы, у рэжыме «добрага таткі», ён вырашыў спытаць у мяне (ужо дарослай), чаму я яго не люблю.
«А ты помнишь, как ты меня бил?» — задала я пытанне ў адказ.
«Нет. Не помню. Извини, если я тебя обидел».
"Бацьку хапала аднаго ўдару рукой па галаве, каб збіць мяне з ног"
У той момант нешта ўва мне незваротна знікла. Я зразумела, што для яго не існавала ўсіх тых гадоў кашмару. Што ў сваіх вачах ён быў бязвінны. Што мой боль — гэта нешта настолькі нязначнае, што нават не засталося ў памяці.
Я не верыла больш ніводнаму яго слову.
Паступова мы перасталі размаўляць. Знаходзячыся ў адной кватэры, у калідорах уціскаліся ў сценкі, каб толькі не дакранацца адно да аднаго. Паміраў ён, як вы ўжо ведаеце, таксама без мяне.
Не прасіць
Я засвоіла гэта як малітву. Не прасіць нічога — ні падарункаў (падарункі — выдатны інструмент маніпуляцыі), ні ежы (кожны з’едзены кавалак быў папрокам), ні літасці (сабе даражэй).
Мне было гадоў чатырнаццаць, калі я зразумела, што гэта не «выхаванне». Што ён атрымлівае задавальненне ад здзекаў. Што ў яго, як кажуць, рукі чэшуцца ўдарыць.
Добра памятаю гэтую схему:
1. дакалупацца да маці, нагаварыць ёй усялякага мярзоцця кшталту «Ты, тумбочка, *бало закрой! Пошла на*уй из квартиры, животное!». Зарослы шчацінай, спіты твар, чырвоныя пражылкі вачэй, жоўты налёт на зубах, пах гніення з рота і смярдзючае адзенне. І яно — такое — ставіць сябе над вамі і кажа, што гэта вы тоўстыя, вы — «животные», «у*бища» і г. д.
Наступстваў шмат, асабліва для дзяцей: ад праблем з самаацэнкай да фізічных хвароб.
2. час ад часу даставалася і бабулі — чалавеку, у чыёй кватэры гэта ўсё адбывалася і за чый кошт ён жыў. «А ты вообще рот закрой! Закрылась в своей комнате и сиди!»
3. ну і нарэшце я. Дзённік з тройкай. Сшытак без вокладкі. Мокры ложак. Што я з’ела. Як я паглядзела. Любая зачэпка — і ён дастае рэмень.
Калі да мяне дайшло, што яму падабаецца біць, пасля «Готовься» я папрасілася «ў прыбіральню», дзе проста стаяла, адцягваючы момант, а пасля — «рукі памыць» — і ўзяла ў ваннай брудную анучу, якой мама выцірала пыл, адарвала кавалак, засунула ў рот, заціснула сківіцамі. Не прасіць. Каб ні гуку ад мяне ён больш не пачуў.
І біць мяне стала не так цікава.
Не баяцца
Не страшна не бывае. Бывае, што ты забываеш баяцца. Бывае, што баішся пастфактум. Каленкі дрыжаць, зрываецца голас, цябе ванітуе і хочацца ўцячы.
Але яшчэ бывае і так, што ты ўцякаеш — ды бегчы няма куды.
Маленькая, калі атрымлівалася, я бегла да суседзяў — «пазваніць у міліцыю». Іх кватэра насупраць была для мяне самым сапраўдным сховам. Там было бяспечна.
Я сядзела на падлозе ў іх зале і гуляла з даміно, шахматамі і шашкамі. Ні халеры, вядома ж, не ўмела, але лепшага сродку адцягнуць маю ўвагу не было. Чорнае і белае, розныя іх формы і варыяцыі... Там было шмат кніг, і я безліч разоў перабірала позіркам вокладкі і карэньчыкі. На сцяне над сталом вісеў нацюрморт. Памятаю сакавітыя грушы і вінаград, гледзячы на якія я, дзіця, на нейкі момант забывалася пра ўсё на свеце.
Калі навучылася трываць удары, я перастала ўцякаць з дому. Суседская кватэра засталася для мяне кэралаўскім Залюстрэччам, і я дагэтуль успамінаю яе з цеплынёй.
Міліцыя не рэагавала. Спачатку, вядома, прыходзілі. Пару разоў дакладна. Але мама адмаўлялася пісаць заяву, здымаць пабоі, даваць справе ход, а нават калі і пісала, то забірала. Маўляў, ён усё зразумеў і больш так не будзе.
І яны перасталі рэагаваць.
Чамусьці заўсёды лічылася, што гэта тычыцца толькі дарослых. Вось калі будзе заява — тады будзе і справа. І вынік. А тое, што пакутуюць дзеці… Хто калі думаў пра дзяцей?
Міліцыя не прыходзіла. Суседзі маўчалі. Іншая сям’я, усё такое… Гэта іх стасункі, самі разбяруцца. Што мы будзем лезці?
А дзеці?!
У школе не мелі ніякага ўяўлення пра тое, што адбываецца.
Ці ведаеце вы, што такое небяспечная сям’я? І я не ведаю. Таму што ёсць нейкая стэрэатыпная мадэль такой сям’і, дзе дзеці ходзяць абадраныя, брудныя і галодныя, а бацькі вечна п’яныя і неадэкватныя, і кватэра ўся такая, ну… Як клапоўнік. Але мой дом не быў клапоўнікам, мама — заўсёды добра апранутая прыгожая жанчына, дый я не хадзіла брудная. І ўсё ж дома было небяспечна.
Наша грамадства пакуль не гатовае адпусціць сваё "права на гвалт"
Адзін раз я паспрабавала расказаць сябрам. Напярэдадні быў страшны скандал. Праз ежу. У нас ляталі бляшанкі з тушонкай, усё змесціва халадзільніка было вывернутае на падлогу, дасталася і самому халадзільніку. На наступны дзень, калі сябры зайшлі па мяне, пусты халадзільнік быў расчынены і не працаваў, на падлозе валяліся тыя самыя бляшанкі і грэчка з разарванага пакета. Мне было страшна і сорамна. Я паспрабавала растлумачыць: п’яны бацька, скандал…
Яны пасмяяліся. Гэта самая частая рэакцыя, якую я сустракаю, калі гаворка ідзе пра гвалт. Смяюцца і кпяць.
Я больш не спрабавала расказваць людзям.
Бегчы не было куды. Верыць не было каму. Я мусіла выбірацца сама.
Мой боль быў крыніцай чужога задавальнення — і мне трэба было перастаць адчуваць. Я сціскала зубы, калі мяне білі, і чакала, пакуль усё скончыцца. Потым я перастала чакаць і пачала адказваць. Потым гэта скончылася.
Мяне папракалі ежай, і трэба было знайсці свой хлеб. Я працую з 16 гадоў. Мяне падтрымлівалі чужыя людзі: кармілі, давалі грошы і дах над галавой — і было ўжо не так цяжка жыць ва ўсім гэтым.
Мой дом быў небяспечны, і мне трэба было сыходзіць. Мяне трымала думка пра тое, што я скончу школу — і нагі маёй больш не будзе ў гэтай кватэры. Было страшна ісці ў чужы, варожы свет адной. Але ж гэта было лепш, чым заставацца ў знаёмым.
Ужо даўно няма ні бацькі, ні той кватэры, ні «сяброў». Але боль і страх застаюцца — яны настолькі моцна ўбітыя ў маё цела, што вытруціць іх не ўяўляецца магчымым. Я прачынаюся ад удараў і крыкаў, падскокваю ад гучных гукаў і павышанага мужчынскага тону. Мяне ванітуе, калі я бачу несправядлівасць ці чую зневажальныя словы. Я выключаюся, калі сутыкаюся з гвалтам, з п’янымі людзьмі, з дзіцячым плачам.
Калі ўсялякія разумнікі крычаць: «Нам не патрэбны закон супраць хатняга гвалту і як жа так — не біць дзяцей?» — я таксама выключаюся. Мне не хапае слоў. Не хапае сіл. Не хапае цярпення. Таму што дарослыя зноў думаюць пра сябе любімых — пра дарослых. Ніхто не думае пра дзяцей.
Чаму правалілася ініцыятыва супраць хатняга гвалту
Закон патрэбны — для таго, каб дзядзя-міліцыянер адказаў на званок і прыйшоў. Закон патрэбны — для таго, каб той, хто ўдарыў, сеў. Сеў дакладна і трывала. Незалежна ад таго, што думае жонка/муж і чаго баяцца суседзі. Закон патрэбны — каб для дзяцей свет не складаўся толькі з ахвяр і ка́таў. Каб яны ведалі, што іх абароняць і болю больш не будзе. Што людзі бываюць іншыя. І ім можна верыць.
Для таго, каб дзеці, стаўшы дарослымі, любілі сваіх дзяцей.
Крысціна Бандурына, budzma.by
Агульнанацыянальная гарачая лінія для ахвяр хатняга гвалту: 8‒801‒100‒8‒801.
Сайты арганізацый, якія працуюць з праблемай хатняга гвалту: