За 2021 год у Беларусі і рэгіёне адбыліся падзеі, на фоне якіх любыя эканамічныя, палітычныя і нават эпідэміялагічныя крызісы выглядаюць не вельмі істотнымі.
Прыгадваючы памежны і паветраны крызісы, якія перараслі ў сапраўднае супрацьстаянне, вайну санкцый з псіхалагічна-інфармацыйнымі этапамі эскалацыі, можна смела канстатаваць, што за 2021 год наша краіна зрабіла ўпэўнены чарговы крок да сур’ёзнай вайны. А калі пашырыць патэнцыйна канфліктны кантэкст на падзеі ў рэгіёне, такія, як зменлівая сінусоіда правакавання напружанасці на ўкраінска-расійскай і азербайджана-армянскай межах, можна зрабіць абгрунтаваную здагадку аб набліжэнні вялікай вайны.
Напэўна, наперадзе нас не чакае вайна па ўсім перыметры ад Таліна да Ерэвана праз Брэст, Кіеў і Балканы. Падзеі на гэтых тэрыторыях могуць адбыцца не ў адзін момант, а мець разрывы ў часе. Але вельмі шмат акалічнасцяў падказваюць, што напружанасць у рэгіёне мае ўсе шанцы перарасці ў рэальныя лінейныя супрацьстаянні з прымяненнем канвенцыйных узбраенняў.
Чытайце па тэме: Міграцыйны крызіс: частка гібрыднай стратэгіі
Такі магчымы сцэнар цалкам упісвацца ў кантэкст шматузроўневага нарастання канфліктнасці на планеце паміж самымі ўплывовымі гульцамі сусветнай геастратэгіі і барацьбой уласна паміж элітамі ўнутры гэтых краінаў. Ужо неаднаразова ў падобных сітуацыях у XX стагоддзі кіруючыя колы не наважваліся на буйную планетарную вайну, але пераводзілі напружанасць на перыферыйныя тэрыторыі, дзейнічалі праз сваіх проксі, падзялялі і валадарылі.
Дастаткова хаця б прыгадаць такія працяглыя серыі канфліктаў, як Карэя — В’етнам — Афганістан, ці Алжыр — Блізкі Усход — Іран, якія фактычна адбываліся з прыхаваным удзелам адразу некалькіх звышдзяржаваў цягам дзясяткаў год.
Сусветная траекторыя напружанасці
Сённяшнюю сітуацыю ў свеце можна абазначыць як адну з самых канфліктных з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны.
З часоў халоднай вайны змянілася вельмі шмат. У першую чаргу, гэта выхад Кітая ў вышэйшую лігу сусветных ваенна-эканамічных лідараў. Кітай мае вельмі істотнае адрозненне ад СССР. А менавіта — вялікую залежнасць ад фінансавай кан’юнктуры ў краінах-канкурэнтах. Таму, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час Пекін не наважыцца на наўпроставы ўдзел у якіх-небудзь буйных канфліктах з Захадам.
А вось рэакцыю ЗША на агрэсіўныя дзеянні супраць Тайваня кітайцы ў 2021 годзе пачалі правяраць. Пакуль амерыкана-кітайскі канфлікт мае характар выяўлення магчымых рэакцый на несяброўскія захады, як у эканамічнай, так і ваеннай сферах. Адсюль шматразовыя падпісанні з пазнейшымі адменамі трансціхаакіянскіх пактаў, увядзенне з далейшым скасаваннем санкцый у дачыненні да кітайскіх хайтэк-кампаній, умяшальніцтва ў выбарчыя кампаніі.
Відавочна, што ў 2022 годзе канфліктнасць на фоне гэтага тэатру нестабільнасці будзе працягвацца.
Верагодным застаецца і ўдзел Кітая і ЗША ў магчымых супрацьстаяннях у нашым рэгіёне. Калі амерыканцы адкрыта пастаўляюць узбраенні ва Украіну, заяўляюць аб намерах павялічваць колькасць ваеннай дапамогі, кітайцы пакуль дзейнічаюць прыхавана. І не заўжды дэманструюць сваю пазіцыю.
У 2021 годзе адбыліся істотныя змены на шляху транспартнага калідора з Кітая ў Еўропу, якія могуць спрыяць росту ўплываў Пекіна на краіны адразу некалькіх рэгіёнаў. У прыватнасці, гэта ўсталяванне новай рэальнасці на азербайджана-армянскай мяжы і сыход амерыканцаў з Афганістана.
На Паўднёвым Каўказе і ў Сярэдняй Азіі інтарэсы Кітая могуць не супадаць з памкненнямі іншага гульца, які з рэгіянальнага паступова дасягнуў узроўню больш уплывовага. Турцыя за 2021 год толькі павялічыла свой удзел у працэсах па ўсёй Еўразіі, Блізкім Усходзе і Поўначы Афрыкі. Нягледзячы на ўнутраныя праблемы, можна сказаць, што Стамбул канчаткова замацаваў свае пазіцыі ў супрацьстаянні з Масквою — пашырыўшы ваеннае супрацоўніцтва з Кіевам у сферы паставак беспілотнікаў.
Інтарэс крамлёўскіх стратэгаў ва ўсёй гэтай стракатасці геапалітычных памкненняў сфармуляваў былы кіраўнік адміністрацыі Пуціна Суркоў: «Расія атрымае сваю долю ў новым сусветным збіранні земляў (дакладней, прастораў), пацвердзіўшы свой статус аднаго з нямногіх глабалізатараў».
Да ўльтыматыўнага характару ўзаемадзеяння з Захадам, агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да Украіны і новага фронту на межах Беларусі і ЕС варта дадаць яшчэ Балканы, дзе апошнім часам даволі актыўную дзейнасць разгарнулі крамлёўскія спецслужбы. Гэта спроба перавароту ў Чарнагорыі, намаганні дэстабілізацыі Македоніі і літаральна нядаўнія падзеі ў Босніі і Герцагавіне.
Напэўна, не выпадае разлічваць на тое, што стратэгія ціску на ЕС будзе спыненая без станоўчых вынікаў для маскоўскіх стратэгаў ці пагаршэння сітуацыі да эскалацыі адразу па некалькіх напрамках. Тым больш няма падставаў спадзявацца на дзеянні Захаду дзеля папярэджання магчымай агрэсіі. Заходнія палітыкі неаднаразова давялі, што яны наважваюцца толькі на сітуацыйныя адказы пастфактум.
Беларусь — крыніца дэстабілізацыі
Рэакцыя на падзеі ў нашай краіне ў 2020 годзе, на сітуацыю з самалётам Ryanair і канфлікт на мяжы Беларусі з ЕС у 2021 годзе прадэманстравалі яшчэ больш пасіўную пазіцыю Захаду, чым падчас найбольш гарачай фазы ўкраіна-расійскай вайны. ЕС і ЗША абралі абарончую ролю, без намераў на перахоп ініцыятывы і з запозненай рэакцыяй на выклікі.
Верагодна, менавіта такая хісткая пазіцыя Захаду і справакавала тое, што цягам 2021 года беларускія памежныя тэрыторыі былі ператвораныя ў крыніцу сталага напружання з патэнцыялам да пераходу ў рэальнае ўзброенае супрацьстаянне.
Чытайце па тэме: Хаос на экспарт. Эксперт пра наступствы міграцыйнага крызісу
Уласна наяўнасць такой кропкі турбулентнасці ў рэгіёне дае магчымасць зацікаўленым бакам уплываць на апанентаў, негатыўна ўздзейнічаць на грамадствы і істэблішмент. А таксама выкарыстоўваць верагоднасць эскалацыі для ціску на патэнцыйныя краіны-ахвяры.
Таму чакаць на хуткае развязанне сітуацыі не выпадае. Хутчэй, варта быць падрыхтаваным да верагоднага нарастання напружання.
«З’яўленне» на беларускім баку мяжы польскага вайскоўца можна разглядаць як ягоны асабісты выбар, але нельга адкідаць верагоднасць правалу польскай контрвыведкі, якая супрацьстаіць шматлікім інфармацыйна-псіхалагічным дыверсіям з супрацьлеглага боку.
Польскі спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы Томаш Фарміцкі падкрэслівае, што досвед вывучэння падобных гібрыдных канфліктаў сведчыць пра верагоднасць працяглага падтрымання напружання на мяжы. Эскалацыя будзе праходзіць пры актыўным выкарыстанні спецслужбамі аперацый па псіхалагічным ціску як на вайскоўцаў і іх кіраўніцтва, так і на мясцовыя і цэнтральныя ўлады, медыя.
Акрамя дасягнення наўпроставых мэтаў, вывучэнне функцыянавання войска і палітыкаў у экстрэмальных умовах дазваляе апанентам і нават саюзнікам выяўляць хібы па ўсіх кірунках дзейнасці. Эксперт адзначае адразу некалькі напрамкаў для аналізу:
« — Рэакцыя на падзеі структураў бяспекі, сістэмаў крызіснага кіравання з вызначэннем магчымых праблемаў ва ўзаемадзеянні.
Вывучэнне камунікацыі цэнтральных і мясцовых уладаў, аналіз магчымых канфліктаў інтарэсаў у сілавых і цывільных структурах.
— Аналіз узроўню лаяльнасці ўладам сілавікоў і мясцовага насельніцтва, матываванасць вайскоўцаў і іхняя рэакцыя на крытычныя меркаванні ў СМІ
Назіранне за паводзінамі мясцовых жыхароў і памежных злачынцаў-кантрабандыстаў з мэтай выяўлення групаў, гатовых да супрацоўніцтва ў выпадку ўзброенага канфлікту.
— Рэакцыя медыяпрасторы і грамадства на розныя формы падачы інфармацыі, інтэрпрэтацыі падзеяў.
Сацыятэхнікі асвятлення навінаў з боку ўладаў і лаяльных ім СМІ. Дзеянні палітычных праціўнікаў уладаў, іх прыхільнікаў і медыя.
Маніторынг інфармацыйнай прасторы і катэгарызацыя СМІ па ступені лаяльнасці ўладам і выяўленне патэнцыйных магчымасцяў выкарыстання медыя для распаўсюджання хлуслівай інфармацыі, уключэнне ў псіхалагічныя гібрыдныя спецаперацыі (свядома ці дзякуючы грашовай стымуляцыі).
На падставе атрыманай інфармацыі спецслужбы выяўляюць аперацыйныя крытэрыі, на падставе якіх распрацоўваецца некалькі варыянтаў планаў для правядзення аперацый — гібрыдных альбо лінейных».
Меркаванне эксперта толькі запэўнівае ў сур’ёзнасці сітуацыі і верагоднасці эскалацыі да ўзроўню вайны.
Напружанне апошняга дзесяцігоддзя ў міжнародных адносінах, сталы трэнд на эскалацыю ў рэгіёне, працяглы канфлікт на беларускіх межах не дадаюць аптымізму пры падвядзенні вынікаў 2021 і спробах спрагназаваць сцэнары на 2022.
Нягледзячы на крызісны 2020-ты, наўрад ці хто ўсур’ёз мог падумаць, што ў 2021-м Беларусь ператворыцца ў мігранцкі хаб і крыніцу праблемаў для суседзяў, а на межах краіны будуць адбывацца штодзённыя правакацыі з патэнцыялам да перарастання ў рэальны ўзброены канфлікт з краінамі ЕС і NATO.
Калі год таму можна было спрагназаваць толькі некаторыя шанцы на пачатак вайны, то зараз хутчэй варта хіба толькі спадзявацца на некалькі варыянтаў захавання міру.
І заўжды неабходна памятаць, што не ўсе канфлікты на межах і прапагандысцкае вар’яцтва перарасталі ў войны, але амаль усе войны менавіта з гэтага і пачыналіся.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org