За веснавыя і летнія месяцы ў рэгіёне ад Чорнага да Балтыйскага мора рэзка ўзрасла колькасць інцыдэнтаў звязаных з расійскімі вайсковымі самалётамі і караблямі. У 2020 у NATO зафіксавалі каля 400 авія інцыдэнтаў (90% з якіх адбыліся з удзелам расійскіх вайскоўцаў). Цалкам верагодна, што сёлета гэтая колькасць будзе перавышана.
Гібрыдны ціск на Захад
З моманту пачатку вайны ва Украіне расійскія вайсковыя правакацыі ў паветры і на вадзе для краінаў NATO сталі звычайнай справай. Але ў 2021 расійцы адзначыліся некалькімі гучнымі акцыямі. Такімі, што некаторыя эксперты пачалі ўсур’ёз казаць пра варыянты ўзнікнення «гарачага супрацьстаяння» у Еўропе. А пра верагоднасць трэцяй сусветнай вайны сказаў ужо не адзін кіраўнік дзяржавы.
Здавалася, што веснавыя манеўры і перакід цяжкой тэхнікі да ўкраінскай мяжы ўжо нічым нельга пераўзысці па напружаннасці.
Фота: dialog.ua
Але расійцы здолелі. Адкрыўшы агонь баявымі снарадамі па курсе руху брытанскага эсмінца ў Чорным моры. Гэты інцыдэнт мае відавочныя прызнакі вайскова-інфармацыйнай спецаперацыі, мэтай якой была не толькі дэманстрацыя гатоўнасці прымяняць зброю, але і інфармацыйнае ўздзеянне на шырокія масы на захадзе пасля падзеі.
Адзін з галоўных пасылаў такой стратэгіі — ніхто ў рэгіёне не можа пачуваць сябе бяспечна. Таму і геаграфія здарэнняў стала пашыраецца і прымае новыя формы. Калі ў мінулыя гады большасць парушэнняў адбывалася ў раёне Балтыкі, сёлета назіраецца павелічэнне колькасці паветраных неўзгодненых перасячэнняў межаў расійскім вайскоўцамі нават у Румыніі.
Невыпадковасць дзеянняў Расіі даводзіць і інцыдэнт у паветры Літвы, які прымусіў узняць знішчальнікі NATO з аэрадрома ў Шаўляі наўпрост падчас прэс-канферэнцыі прэм’ера Іспаніі і літоўскага прэзідэнта.
Па падліках журналістаў з эстонскага тэлеканала ERR толькі за адзін тыдзень ліпеня ў паветры краінаў Балтыі адбылося 6 вылетаў знішчальнікаў NATO у выніку парушэнняў расійскімі вайсковымі самалётамі.
Беларусь на гібрыдным скрыжаванні
Вайсковы аспект гібрыднай стратэгіі Расіі ёсць дадаткам да ціску на палітыкаў на захадзе, інфармацыйных атак і падтрымкі грамадскіх і палітычных арганізацый з розных бакоў палітычнага спектра. Эксперт адной з вядучых еўрапейскіх фабрык думкі Густаў Грэсель (Gustav Gressel) аналізуючы ўплыў расійскіх спецслужбаў на антыміграцыйныя пратэсты ў Германіі ў 2016 адзначае: «Факты несвоечасовай рэакцыі паліцыі падчас інцыдэнтаў, звязаных са злычынствамі здзейсненымі мігрантамі, выклікалі недавер немцаў да дзяржаўных інстытуцый. Чым паспрабавала скарыстацца Расія ўзмацняючы гэтае незадавальненне праз СМІ і фінансава залежныя грамадскія і палітычныя арганізацыі. З мэтай нанясення шкоды нямецкаму ўраду і, у прыватнасці, Меркель.»
Цалкам верагодна, што падобны сцэнар зараз рэалізуецца ў Літве. У якой плыня мігрантаў з тэрыторыі Беларусі выклікала вялікую незадаволенасць у грамадстве, што дадалося да эпідэмічных страхаў.
Фота: media.lrytas.lt
У выніку ў Вільнюсе адбыліся даволі сур’ёзныя пратэсты. Што відавочна б’е не толькі па дзеючаму літоўскаму ўраду, але і па еўрапейскіх структурах. Якія ў вачах выбарцаў не ў стане аператыўна супрацьстаяць пагрозам.
Напрыклад, былы каандуючы сілаў абароны Эстоніі Рыха Тэрас (Riho Terras) прапанаваў у сітуацыі фактычнага бяздзеяння ЕС задзейнічаць механізмы NATO: «На літоўскай мяжы ідзе гібрыдная вайна. Эстонія і іншыя краіны могуць звярнуцца да NATO на падставе 4 артыкула, які прадугледжвае сумесныя дзеянні краінаў у выпадку пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці, палітычнай незалежнасці або бяспекі любога сябра арганізацыі.»
Вядома, наўпростых доказаў уплыву на працэсы на беларуска-літоўскім памежжы і палітычныя падзеі ў Вільнюсе расійскіх спецслужбоўцаў няма. Але палітыкі і журналісты на захадзе непрыхавана вінавацяць менавіта Расію і яе стратэгію пашырэння хаоса ў рэгіёне.
Літва. Стральцы-добраахвотнікі на мяжы з Беларуссю. Ці чакаць правакацый?
Што адметна ва ўсёй гэтай гісторыі з мігрантамі — актыўная адпрацоўка тэмы на інфармацыйным полі падкантрольнымі камандна-адміністратыўнай сістэме ў Мінску структурамі. Але пашыраць сваё бачанне праблемы ў іх атрымліваецца толькі на беларускай інфапрасторы. Інструментаў уздзеяння на заходніх спажыўцоў падобнай інфармацыі відавочна бракуе.