Вынікі Дня Волі — з ветрам нязгода ды асалода супрацьстаяння?

Шмат у чым спрэчныя канцэрты ў Горадні і Мінску, прамова Дашкевіча, хапуны на 25-га, вайна за сцяг і салюты па Беларусі. Усё дрэнна, скаціліся і разыходзімся? А што, калі я скажу, што гэта адзін з найлепшых ДВ за доўгі час?

 

Бчб навокал, знаёмыя твары, шаўрма, добры тамада і конкурсы нядрэнныя — у прынцыпе, так можна караценька апісаць што канцэрт-свята ў Горадні, што больш палітычны мітынг у Кіеўскім скверы ў Мінску. І вось узнікае ў галаве  пытанне: ці можна гэта назваць поспехам, як падаюць арганізатары з абодвух бакоў? І тут пачынаецца падваенне асобы…

Негатывіст кажа жорстка, гнеўна і эмацыйна.

Ну як можна было проста так узяць ды пайсці на капітуляцыю? Вось так узяць і перанесці ўсё ў Горадню ды яшчэ і на неасноўную пляцоўку? А што было рабіць усходу краіны, калі з Гомеля туды ехаць, у залежнасці ад транспарту, ажно 13 гадзін? І што, шмат хто даехаў? Нешта дроны так не сказалі! Ну чым быў дрэнны Бангалор?

Ну халера, можа, хопіць хварэць на снабізм, а проста ўключыць крэатыў і зрабіць з яе цукерку? Тым больш там ёсць усе перадумовы: адзін з найлепшых транпартных вузлоў горада, велізарная пляцоўка, ёсць нядрэнная сцэна, у цэнтры сталіцы — ну што яшчэ вам трэба?

Гэй, мінскія, вас гэта таксама тычыцца! Абы не Бангалор, таму правядзём усё на Кіеўскім — поўным тупічку, куды і дабрацца яшчэ трэба дадумацца! Ды і не абсталявана там нічога, пра што вам пастаянна нагадвала пастаянна падаючая сцэнка, што ціснулася ў нейкім закуточку каля дарогі. Пабачыў, што ў адным месцы каля бчб мясціліся сцягі сяброўскіх нам Літвы і Украіны. Гэта выдатна, канечне, але ж… Вы пра польскі забыліся! Што вы заходняга суседа крыўдзіце! Недапушчальна!

Пазітывіст бадзёры, натхнёны і настроены па-сяброўску.

Халера, як бы там ні было, але ж зрабіць даволі цікавы крок і правесці канцэрт у Горадні — крута, нарэшце пачалося складвацца ўяўленне аб тым, што Беларусь — гэта не толькі Мінск, а ўнутраны турызм — гэта крута. Канечне, было б кульна арганізаваць цэнтралізаваную дапамогу з даездам, але зразумелая абмежаванасць сродкаў, асабліва на неюбілейную дату. І ўвогуле кайфова бачыць, што яшчэ ёсць тыя, каму не пофіг, а сапраўды бяруцца любымі метадамі дамагчыся аб’яднання нашых ідэйных паплечнікаў Беларусі вакол сапраўды важнай даты гісторыі беларускай дзяржаўнасці! Прычым на добрай якасці, з улікам вельмі жорсткага дэдлайну! Грамадскія нашы дзеячы, партыя БНФ — малайцы!

А Кіеўскі? Палітыкі загаварылі! Яны пачалі казаць не проста на стандартным мітынгу з мегафончыкам адно і тое ж, а тут нават нейкая цікавасць, еднасць арганізацый праскочыла на секунду перад вачамі. Хоць і на імгненне.

Нядрэнная спроба стварыць святочны гарадок, нават спрабавалі пра свае арганізацыі распавесці, зацягнуць да сябе — дык казка ж! А прамова пана Дашкевіча? Ленан жа амаль, калі казаць пра іронію, прамату і рэзкасць гэтага выступу! Клас! Апладзіруем, а не трасём упрыгожаннямі, калі разумееце аб чым я. Ды і якасць пэўная была вытрыманая, з улікам таго, што, як я зразумеў, асноўны краўдфандынг пайшоў на першы канцэрт. А самае галоўнае — сцягамі памахалі ў сталіцы! Ды і змаглі адзначыць тыя, хто не змог паехаць на захад… Беларусі, вядома, не Еўропы! Дарэчы, пра той рэгіён. Там беларусы таксама не падвялі — згуртаваліся і шмат дзе чаго правялі! Прыўкрасная Беларусь будучыні вас не забудзецца!

А калі спалучыць два бакі, дадаць сюды факты і жарсці самога 25-га, то… Беларуская супольнасць, можа, хопіць жыць у ружовых акулярах? Часам праскоквае завялікі пазітывізм і спроба выдаць жаданае за рэчаіснасць. Можа, варта нарэшце не кідацца з краю ў край, а выпрацаваць гарманічную супольную стратэгію на падставе рэальнай сітуацыі ў краіне? А гэтыя бясконцыя сваркі, падколы і грамадзянская тэкставая вайна… Вядома, у кожнага з нас розныя погляды, уяўленні аб лепшай Беларусі, але ж будзем шчырымі: у нас абсалютна аднолькавая галоўная мэта — дэмакратычная беларуская Беларусь. Дык, можа, некаторыя асабістыя і ідэалагічныя рэчы крышку пасунуць убок і нармальна згуртавацца, пачаць шукаць кансэнсус, асабліва калі мэта ў нас адна?

Дык чаму гэтае 25-га лепшае за ўсе астатнія? Бо яно паказала важную рэч: нам патрэбна як свята, так і асалода супрацьстаяння.

Музыкі яўна падазравалі, чым скончыцца іх прагулка, але яны пайшлі. Дзеячы, мяркую, ведалі, што будзе за іх прамовы, але ўсё роўна казалі. Нашы паплечнікі спявалі падчас зачысткі, хоць і ведалі магчымыя рызыкі. Хтосьці ўвогуле запусціў салюты ў самым цэнтры Мінска, у іншых кутках сталіцы і ўсёй краіны. А колькі сцягоў павесілі?  Нарэшце два супрацьлеглыя бакі далі нам галоўны вынік — выхад у гармоніі двух пачаткаў. Яшчэ засталіся неабыякавыя беларусы, а Дзень Волі стаў не проста паказчыкам таго, што наперадзе доўгі шлях барацьбы па ўсіх франтах нашага жыцця, дык яшчэ і свята, якое павінна гуртаваць вакол сябе ўсіх, хто хоць неяк лічыць сябе датычным да Беларусі, каштоўнасцяў нацыянальнага Адраджэння. Сапраўды, трэба нарэшце аб’ядноўвацца і шукаць новыя падыходы. Толькі тады мы зможам зрабіць тую будучыню, калі салюты будуць запускаць цэнтралізавана, свята на ўсю краіну, а мы будзем радавацца разам з усімі і разумець — мы змаглі. Вось яна — наша цудоўная Беларусь!

Беларусь — агульная справа. Давайце нарэшце гэта ўспомнім. І хопіць ужо сварыцца ці проста сядзець — у нас працы па горла. Ахоплівае ўсе сферы, таму кожнаму знойдзецца месца. Краіна даволі вялікая, таму вялікай колькасці актыўных не будзе цесна. І хопіць жыць мінулымі агідамі — нам будаваць будучыню.

Мая свабода — з ветрам нязгода
Ды асалода супрацьстаяння.
Мая свабода — човен падводны
Памiж Сцылаю ды Харыбдай,
Мая свабода — дом папяровы
Памiж Гамораю ды Садомам,
А там, за домам, край невядомы
Пад белым снегам, пад белым сцягам.

 

Багдан Сакалоў

P.S. Юрый Віктаравіч, не ўсё згублена. Ідаэлы Адраджэння жывуць. Далей будзе толькі адно — выдатная будучыня для Беларусі. Мы зможам!