Апошнім часам пры канцы года зрабілася модным падводзіць вынікі. І літаратары не выключэнне. Складаецца ўражанне, што сёлета ў Беларусі заўважна актывізавалася паэтычнае жыццё.
Так, у нас паболела паэтычных фестываляў, бо да “Вершаў на асфальце” дадаўся “Знак роўнасці”, дзе таксама чытаюцца вершы. Трое паэтаў атрымалі прэстыжныя незалежныя прэміі – імя Арсенневай, “Кніга году” і “Дэбют” імя Багдановіча. Вяртаецца памяць пра нашых рэпрэсаваных творцаў, цэлую восень чыталіся публічныя лекцыі праекта “(Не)расстраляная паэзія”, выйшлі прынамсі чатыры адметныя выданні – двухтомнік Дубоўкі, том Дудара, томік Таўбіна і анталогія жаночай паэзіі “Бліскавіцы”.
І ўсё гэта вельмі цешыць, але перадусім уразіла цэлае сузор’е замежных паэтаў, якія выйшлі асобнымі кніжкамі ў збольшага вельмі някепскіх беларускіх перакладах. Асаблівае месца належыць серыі “Паэты планеты”, у якой на гэты момант апублікаваныя ўжо 33 кніжкі. Упершыню за перакладную паэзію не тое што не сорамна, а нават ёсць чым пахваліцца – і зрабіць не персанальную справаздачу, але й агульны гадавы агляд – у форме “хіт-параду”. Няхай ён традыцыйна ўключае ў сябе тузін пазіцый, але будуць і бонусы.
1. Францыск Скарына. Маем найбольшае самі. Кніга перастварэнняў Алеся Разанава. Мн., “Мастацкая літаратура”.
Я паставіў на першае месца менавіта гэтую кніжку – не таму, што інакш першая газета з рысункамі напісала б: “Перамог нікому не вядомы Лесьмян, а наш Францішак Лукіч Скарына нават не трапіў у тройку!”. І не таму, што мой сябра, круты ўругвайскі паэт, напісаў нядаўна, які фурор зрабіў на кубінскім паэтычным фэсце ў “будзьмаўскай” майцы са Скарынам з кухлем піва і надпісам “канкрэтны мажор”. І нават не таму, што пішу гэтыя словы ў цягніку, які едзе з Берасця ў Варшаву і называецца “Skaryna”. Рэч у тым, што ў сёлетняга 500-годнага юбіляра Францішка Лукіча Скарыны рэальна выйшла найлепшая кніжка. Перакладзеная яшчэ адным сёлетнім славутым юбілярам, Алесем Сцяпанавічам Разанавым.
Прычым падвойны юбілей не зрабіў кнігу ні лепшай, ні горшай, а толькі даў аўтару з перакладчыкам месца пад крылом “Мастацкай літаратуры”, цвёрдую вокладку і пафасную прадмову ад намесніка дырэктара “Нацыяналкі” з цытатай пра звяроў са сховамі, птушак з гнёздамі, рыб з вірамі ды пчол з вуллямі. Але з песні словаў не выкінеш, бо такі “ведаюць, помняць, чуюць ды бароняць”. Цяпер і ў перакладзе. З беларускай на беларускую. З адной мастацкай сістэмы ў іншую. Сам перастваральнік называе гэта “ўзнаўленнямі”. Перакладаючы стылістыку досыць дзёрзкіх для свайго часу свецкіх прадмоў да сакральных тэкстаў – на стылістыку не менш дзёрзкіх разанаўскіх паэм. Пры гэтым захоўваючы ўвесь рытарычны малюнак, але дадаючы паэтычную эмоцыю:
Што ёсць высокае ў высачыні,
што для псалмоў
было б недасяжным?
Што ёсць глыбокае ў глыбачыні,
што для псалмоў
засталося б схаваным?
Што ёсць далёкае ў далечыні,
пра што б у псалмах
не вялося гаворкі?
Псалмы жыватворыць хвала,
якая ўзыходзіць ад сэрца,
і поўніць Божая веліч,
якая пераўзыходзіць
усё, што ёсць
2. Баляслаў Лесьмян Пераклалі з польскай Марыя Мартысевіч, Кацярына Маціеўская, Алег Мінкін і Ганна Янкута. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Польскі паэт Баляслаў Лесьмян пачынаў пісаць па-руску. І “прапусціў праз сябе” адразу некалькі традыцый. І будучы ўнутры любой мовы і паэтычнай сістэмы, мог глядзець на іх як бы “збоку”, парушаць, здавалася б, непарушныя правілы – тварыць новыя словы-“лесьмянізмы”, якіх да яго не было, і проста нечуваныя вобразы, якія і ад перакладчыка патрабуюць гэткай жа непрадказальнасці. Ёсць, скажам, у паэта радкі: “Mrok na schodach, pustka w domu. / Nie pomoże nikt nikomu…” І далей: “Trzeba teraz w śnieg uwierzyć. / I tym śniegiem się ośnieżyć…” Калі беларускае “Трэба ў гэты снег паверыць, / На сябе яго прымерыць…” ёсць прынамсі імкненнем да лесьмянаўскага цуду, то арыгінальнае “Nie pomoże nikt nikomu…” так і засталося неперакладальным. Як сказаў бы Шэрлак у версіі Камбербэтча, “я так і не рашыў гэтай загадкі”.
Але шмат загадак было паспяхова вырашана, і пачаў яшчэ бліскучы паэт Алег Мінкін, культавы перакладчык пакалення “Тутэйшых”, падрыхтаваўшы свайго Лесьмяна (Баляслаў Лесьмян. Пан Блішчынскі. Мн., 1994). Частка перакладаў Мінкіна ў новую кніжку ўвайшла. Частку вершаў пераклалі нанова Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская. Чаму? Можа, таму, што ў мінкінскіх перакладах гучыць найперш голас самога Мінкіна – і часам заглушае важныя для Лесьмяна рэчы? А можа, таму, што паэтычны пераклад – штука ўвогуле вельмі суб’ектыўная, і кожнае пакаленне непазбежна перакладае нанова, дабіваючыся ад аўтара і тэксту “свайго” гучання?
Цікава, што балада Лесьмяна “Дзяўчына” ўвайшла ў раман Ігара Бабкова “Хвілінка”, за які аўтар атрымаў прэмію Гедройца. Працытую фрагмент: “У баладзе расказваецца загадкавая гісторыя. Пра дванаццаць братоў і дзяўчыну. Ці, больш дакладна, пра дзявочы голас, які ім пачуўся аднойчы за невыпадкова сустрэтым мурам. Баладу гэтую геніяльна пераклаў М., ягоны сябра. Праўда, некаторыя знаўцы Лесьмяна лічаць, што ён крыху спрасціў другі план. І, наадварот, яшчэ больш узмацніў асноўную эмоцыю. Адаптаваў тэкст, зрабіў яго больш выразным. І ў гэтым сэнсе крыху менш трывожным”.
М. – гэта Мінкін. А ці маюць рацыю “знаўцы Лесьмяна” і ці варта было перакладаць нанова, мяркуйце самі, вось два фіналы “Дзяўчыны”:
І рынуў мур – і скалануў грымотным водгуллем даліны!
А па-за мурам не было ніякай сплаканай Дзяўчыны!
<…>
Нічога – толькі жаль, і плач, і страта, і цямрэча цішы!
О бедны свет! Нядобры свет! Чаму не можаш быць ты іншы?
З прычыны здрады зманных сноў і цудаў, што не сталі явай,
Палеглі молаты на дол у знак завершанае справы.
І быў жах цішы. І пустэль у небе! А ты ў той пустэлі
Чаму дрыжыш, калі яна яшчэ не цміцца ў тваім целе?
(Пераклаў Алег Мінкін)
І рухнула сцяна – і гул сягнуў вышынь, сягнуў разлогаў,
Ды не было Дзяўчыны там – нікога не было жывога.
<…>
Ім засталіся плач і змрок – і страты боль, што забівае.
Бо гэты свет – нядобры свет. Чаму інакшых не бывае?
Вось сон, што ўяўнай явай быў, вось цуды, зніклыя бясплодна.
І леглі молаты між іх, свой марны доўг аддаўшы годна.
І стаў абшар нябёс пусты, і вусціш цішу затапіла.
Навошта кпіў ты з пустаты, пакуль яна з цябе не кпіла?
(Пераклала Кацярына Маціеўская)
3. Гай Валерый Катул. Выбраныя вершы. Пераклаў з лаціны Антон Францішак Брыль. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Самы лірычны лірык – калі толькі “масла маслянае” для вас аргумент – у літаратуры Старажытнага Рыму. Улюбёны антычны паэт Уладзіміра нашага Караткевіча, які не саромеўся перакладаць яго з рускіх перакладаў. Антон Францішак Брыль пайшоў далей – і пераклаў з арыгіналу. Кніжка атрымалася невялікая, але яскравая і прадстаўнічая. Паэт выйшаў розным: шчаслівым абраннікам сваёй “Лесбіі” – і несуцешным кінутым каханкам, трохі насмешлівым сябрам – і вострым на язык ворагам, знаўцам класічнай грэцкай паэзіі – і не менш класічнай навукі любошчаў, крыху зацыкленым, праўда, на падліку пацалункаў (Антон зухавата перакладае іх “бусямі”). Аўтар можа віртуозна памяняць тэму ды інтанацыю проста па ходзе свайго твору. Пачаць пераспевам любоўнага верша Сапфо – і скончыць бліскучай самаіроніяй:
…Праз гультайства ты, мой Катуле, чэзнеш,
У гультайстве прага твая й суцеха,
Праз гультайства многа змарнела царстваў
Разам з царамі.
Але ва ўсіх іпастасях паэт застаецца палкім і гранічна шчырым. Гэта, відаць, і дазваляе яму свабодна спалучаць не спалучальныя ў іншых рэчы:
Я ненавіджу і з тым – кахаю; чаму, ты спытаеш?
Ведаю толькі, што так стала, і я на крыжы.
Карацей, жыві рымскі паэт у іншую эпоху, скажам, у Амерыцы ХХ стагоддзя – быў бы ён там Чарлзам Букоўскі. І перакладаўся б на беларускую зусім іншымі людзьмі.
4. Чарлз Букоўскі. Святло, і паветра, і месца і час. Пераклалі з ангельскай Ганна Комар, Юля Цімафеева і Наталля Бінкевіч. Мн., Харвест.
я сустрэў генія сёння
ў цягніку
было яму каля шасці,
ён сядзеў ля мяне
цягнік
пайшоў уздоўж берагу
мы наблізіліся да акіяну
і ўдвух глядзелі на яго
праз шыбу
затым ён зірнуў на мяне
і сказаў:
“Абы што”.
і ўпершыню я
зразумеў
гэта.
(Пераклала Юля Цімафеева)
Чарлз Букоўскі таксама паводзіцца як той хлопчык – кажучы каралю, што ён голы, разбураючы недарэчныя міфы пра тое, чым ёсць і якой павінная быць літаратура. Калі, канечне, вы ў стане ўявіць “хлопчыка”, які спажывае алкаголь, а таксама гуляе на скачках і нервах жанчын у такой колькасці, як лірычны герой паэта. Але й слухае сур’ёзную музыку, чытае напраўду добрыя кнігі, бо трэба ж чымсьці бараніцца перад смерцю, якая прыйдзе і абавязкова возьме сваё. Які добра ведае, што большасць знаных нам ісцін – бессаромны падман, бо “…найлепш, – кажа нам пераклад Юлі Цімафеевай, – забіваюць тыя, хто прапаведуе супраць забойства / найлепш ненавідзяць тыя, хто прапаведуе любоў / найлепш ваююць тыя, хто прапаведуе мір…”. А пераклад Ганны Комар красамоўна дадае:
…чалавецтва,
ты хворае
уё*ішча.
5. Аляксандр Чакс. Выбраныя вершы. Пераклаў з латышскай Васіль Сёмуха. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Як і з Катулам, маем выпадак (у прынцыпе, гэта найлепшы варыянт), калі адзін перакладчык выбірае, перастварае і паказвае чытачу свайго аўтара. Дзядзька Васіль (ён жа Васіль Сяргеевіч Сёмуха) вядомы нам найперш сваімі нямецкімі перакладамі, але й латышскую паэзію любіць і перакладае даўно, прычым з арыгіналу, за што і ўганараваны найвышэйшай узнагародай Латвіі – Ордэнам трох зорак.
А ягоны паэт, Аляксандр Чакс, – адзін з найлепшых творцаў у гісторыі латышскай літаратуры, бліскучы мадэрніст і паэт-урбаніст, што ўсё жыццё апяваў родную Рыгу. Шчыры лірык і майстар гратэску. Аўтар вершаў і паэм, як традыцыйна (і не абы-як!) рыфмаваных твораў, так і проста фантастычных верлібраў, экспрэсіўных і прасякнутых сучаснай паэту еўрапейскай культурай – ад французскіх дэкадэнтаў да расійскіх футурыстаў, што добра відаць з фрагменту верша “Агонія”:
Каля рэстарана шыкоўнага ўчора ў рамізніка здохла
кабыла.
На брудным снезе ляжала яна між аглобляў,
нібыта на ложку, з карычневай пенай на храпе –
здавалася, піва піла.
Рамізнік жывёлу бязлітасна пугай спярэзваў,
нагою шпыняў, каб устала хутчэй і саліднага пана
завезла да клуба.
А пан гэты губу адкапыліў капрызна, гразіў заплаціць
палавіну ад згоджанай платы.
Кабыла ляжала абмякла, нібы пасля ласкі жанчына,
і толькі бакі ліхаманкава хутка хадзілі,
як шчэлепы ў злоўленай рыбы…
Засталося пажадаць выдаўцу Змітру Коласу, каб хутчэй перавыдаў, уключыўшы ў серыю “Паэты планеты”, прыўкрасную латышскую аўтарку Візму Бэлшавіцу – таксама ў перакладах Сёмухі.
6. Джон Кітс. Выбранае. Пераклалі з ангельскай Рыгор Барадулін, Лявон Баршчэўскі, Ігар Крэбс, Кацярына Маціеўская, Андрэй Стэфановіч і Ганна Янкута. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Адзін з найгеніяльнейшых еўрапейскіх паэтаў ХІХ стагоддзя, “яскравая зорка” (яго ўласная формула) ангельскага рамантызму. Творца, які пражыў усяго 25, а найлепшыя свае вершы напісаў у 23 гады. Аўтар, які ведаў, што сыходзіць, і таму, пра што б ён ні пяяў, выходзіў урачысты гімн жыццю, і адначасова шчымлівае развітанне з ім:
Дзень адышоў, і ўсё за ім пайшло –
І слодыч губ, і голасу пяшчота,
Цяпло дыхання, пошапту святло,
І стома стану, і вачэй ахвота.
Завяла кветка, счэз таемны гук,
Панікла прыгажосць у вобміг вока,
І знікла форма прыгажосці з рук,
Патухла белізна, і рай, і спёка…
(Пераклаў Рыгор Барадулін)
І ўсё, што можна супрацьпаставіць нашай крохкасці і ўсемагутнасці смерці, – гэта прыгажосць. Паэзія зямлі, якая ніколі не памірае, бо хатні цвыркун заўсёды перахопіць эстафету спеву ў летняга коніка. Вечная краса, увасобленая ў мастацтве, што застанецца і пасля нас. Як у адным з галоўных шэдэўраў Кітса “Ода грэцкай вазе”, у перакладзе Ганны Янкуты:
Нібыта вечнасць, пастараль спакою!
Калі мы сыдзем, то сярод нашчадкаў
Ты застанешся, ім у горы ззяць,
Ты ім раскажаш, сябра і загадка:
Краса ёсць праўдай, праўда ёсць красою –
Усё, што знаў ты і што мусіш знаць.
7. Хаім Нахман Бялік Выбраная паэзія. Пераклалі з іўрыту і ідыш Рыгор Барадулін і Лявон Баршчэўскі. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Як з’яўляецца новая кніжка ў серыі “Паэты планеты”? Адзін са спосабаў, прычым даволі часты, такі. Выдавец атрымлівае ласкавы дазвол спадарыні Валянціны Барадулінай на публікацыю тых ці іншых перакладаў замежнай лірыкі, некалі зробленых дзядзькам Рыгорам – Народным паэтам Беларусі Р. Барадуліным. Часам гэтых тэкстаў хапае на асобную кніжку – і тады выходзіць перавыданне Габрыэлы Містраль, Федэрыка Гарсіі Лоркі ці Барыса Пастарнака. Якасць гарантаваная, але надзвычайных сюрпрызаў такая кніжка не нясе. (Хіба што юным чытачам, якія не бачылі першакрыніц.) Часам жа падборкі на кніжку не хапае. Тады барадулінскія перастварэнні дапаўняюцца іншымі, зробленымі спецыяльна для кніжкі сучаснымі перакладчыкамі. Такі зборнік можа выглядаць досыць эклектычна, а можа – і цалкам гарманічна, калі старыя і новыя пераклады не толькі канкуруюць міжсобку, але і ўзаемадапаўняюцца, ствараючы больш аб’ёмны партрэт паэта. Уласна так і выйшла з выданнем габрэйскага класіка Хаіма Нахмана Бяліка – несумнеўнай удачай серыі.
Зборнік складаецца з перакладаў, зробленых Барадуліным з іўрыту (дакладней, з даслоўных перакладаў Арона Скіра), упершыню апублікаваных у кнізе “Толькі б яўрэі былі”, значна дапоўненых новымі перакладамі Лявона Баршчэўскага з ідыш. Прычым апошнія нічым не прайграюць першым. Асабліва ўражвае пераклад паэмы “У горадзе разні”, прысвечанай сумнавядомаму кішанёўскаму пагрому:
…там ранаў чарната і немата навекі –
на тое ў свеце не! не вынайдзены лекі.
Увогуле перастварэнні з Бяліка – адна з найлепшых за апошні час перакладчыцкіх прац Лявона Баршчэўскага. А Барадулін – ён заўжды Барадулін.
8. Калідаса. Воблачны вястун. Пераклаў з санскрыту Ігар Кулікоў. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Большасць таго, што мы пра яго ведаем, – міфы й легенды, легенды й міфы. Неадукаваны малец, які атрымаў у дар геніяльнасць і мудрасць ад расчуленай ім багіні Калі (імя Калідаса і азначае “служка багіні Калі”). Просты пастух, які ажаніўся з прынцэсай. Нейкі Балівуд. Эфектныя, але неабавязкова праўдзівыя, гісторыі пра паэтычныя перамогі над пыхлівымі брамінамі і прыдворнымі (прытворнымі!) вершаплётамі. Нават розныя спробы вызначыць час, калі тварыў Калідаса, разыходзяцца на цэлыя стагоддзі.
Бясспрэчна, што пісаў ён на санскрыце і быў вялікім (магчыма, найвялікшым) паэтам і драматургам сваёй эпохі. Бясспрэчна таксама, што ў Беларусі з’явілася пара знаўцаў санскрыту, здольных перакладаць індыйскую літаратуру з арыгіналу. Адзін з іх – паэт Ігар Кулікоў, які летась пераклаў том “Рыгведы”, а сёлета апублікаваў паэму “Воблачны вястун”. Выданне – дзвюхмоўнае, з неабходнымі каментарамі. Апроч перакладу ёсць тэкст на санскрыце – у арыгінальнай графіцы і з транскрыпцыяй лацінкай. Але найцікавейшае ў кнізе – сам пераклад, які набліжае да нас далёкага велічнага класіка, але знаходзіць спосабы падкрэсліць па-беларуску гэтую далеч і веліч. Робячы яе зразумелай і прывабнай. Часам яшчэ як прывабнай.
Ноччу, калі да каханкаў сваіх Княскай вуліцай сьпешна
самі-адны маладзіцы ідуць ува цьме непрагляднай,
пуць асьвяці ім маланкай, нібы залатою іскрынкай,
гучна, аднак, не грымі, каб дзяўчат незнарок не спалохаць.
9. Міхай Эмінэску. Выбраная паэзія. Пераклалі з румынскай Рыгор Барадулін і Лявон Баршчэўскі. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Калі вы бачыце векавечных старых, чые бароды дасягаюць зямлі, а вейкі апускаюцца на грудзі, калі вы сустракаеце закаханых, ад палкасці якіх не схавацца ні на зямлі, ні ў пекле, ні сярод нябесных духаў, ні паміж ваўкалакаў, ні за бародамі да зямлі, ні за вейкамі да грудзей, – ведайце: вы чытаеце румынскага паэта Міхая Эмінэску.
Я ля таполяў у расе
Прастойваў давідна;
Мяне суседзі зналі ўсе –
Не знала ты адна.
Я на святло ў тваім акне
Глядзеў да слепаты;
Свет цэлы разумеў мяне –
Не разумела ты…
(Пераклаў Рыгор Барадулін)
Эмінэску – вялікі рамантык. Націск можна ставіць як на першым слове, бо перад намі галоўны паэт сваёй мовы й сваёй краіны, так і на другім, бо ў вершах проста віруюць неўтаймоўныя пачуцці, жарсць і любоўныя парыванні, у найлепшых выпадках ураўнаважаныя іроніяй:
…Я ж абняў яе нарэшце –
Вырвацца дзяўчына хоча;
Ды трымаю ўсё мацней я
У абдымках стан дзявочы.
Ці з ахвотай, ці міжволі –
Нахіліла ўжо галоўку…
Тут яе я ў вочы, ў вусны
Ўжо цалую зноўку, зноўку…
Ўсё цясней мае абдоймы –
Я, задыханы, пытаю,
Ў чым яе тугі прычына,
Ці яшчэ спадзеў я маю…
І яна з паглядам, поўным
Павалокай пекнаты,
Кажа: – Ты мне любы, дружа,
Толькі надта дзёрзкі ты.
(Пераклаў Лявон Баршчэўскі)
Але нават гэтая іронія найчасцей выявіцца рамантычнай, бо, як дэкларуе паэт у перакладзе Лявона Баршчэўскага, “Класікаў не стаўце ў прыклад / Ды антычную аблуду: / Гэта ўсё мне без патрэбы. / Я – рамантык. Ёсць і буду!”
10. Канстандзінас Кавафіс. Выбранае. Пераклаў з навагрэцкай Лявон Баршчэўскі. Мн., выдавец Зміцер Колас.
У кожнай літаратуры, якая сябе паважае, мусіць быць перакладзены Кавафіс. Бо гэта, па-першае, найлепшы, калі верыць самім грэкам, паэт навагрэцкай мовы, а па-другое, увогуле адзін з самых уплывовых у ХХ ст. аўтараў, творчасць якога была надзвычай важная для Т. С. Эліята, У. Х. Одэна, І. Бродскага, З. Герберта і многіх-многіх іншых, у тым ліку – сучасных беларускіх аўтараў, узяць хаця б Сяргея Прылуцкага або Макса Шчура. І добра, што цяпер наш пііт, літаратурны крытык або студэнт-філолаг могуць узяць у рукі томік Кавафіса ў перакладзе на мову родных асін.
Беларускі зборнік выйшаў няроўным, штосьці ўдалося Лявону Баршчэўскаму лепей, штосьці горай. Падазраю, што творы гістарычнай і культуралагічнай скіраванасці ён перакладаў з большай прыемнасцю, чым інтымную лірыку паэта. (Калі меркаваць па выніках.) Але, як казалі старажытныя, “feci quod potui, faciant meliora potentes” – “зрабіў што змог, хай тыя, што змогуць, зробяць лепей”. А томік маем, і хрэстаматыйны шэдэўр “У чаканні варвараў” у ім ёсць:
Чаму на пляц прыйшлі ўсе гараджане?
Бо, кажуць, сёння прыбываюць варвары.
Чаму тады сенат не засядае
і новыя законы не прымаюцца?
Бо, кажуць, сёння прыбываюць варвары,
а значыць, непатрэбныя й сенатары:
свае законы прынясуць нам варвары…
11. Хуан Рамон Хіменэс. Выбраная лірыка. Пераклалі з іспанскай Рыгор Барадулін, Лявон Баршчэўскі, Якуб Лапатка. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Некалі мне трапіўся верш нобелеўскага лаўрэата Х. Р. Хіменэса “Мёртвы” ў рускім перакладзе Анатоля Гелескула.
Остановились чаши на весах:
одна в земле,
другая в небесах.
Той выпадак, калі перакладчыку паэзіі мала проста добра ведаць мовы і вельмі-вельмі старацца. Нават перакладчыцкага таленту мала. Трэба самому быць вельмі-вельмі добрым паэтам, як творца, якога ён (ці яна) перакладае. Паэта Гелескула на такі цуд хапіла. Яшчэ адзін прыклад:
Любовь
Не будь же слеп!
Не поцелуй руки,
целуя хлеб!
Шукаем той самы верш у сёлетнім беларускім выданні Хіменэса:
Мілосць
Пільнасць не кінь убаку,
калі цалуеш хлеб…
Ты ж цалуеш руку!
Што такое гэтае “не кінь убаку”? Беларускі перакладчык проста “затыкае дзірку” там, дзе мусіць добра (і з сэнсам) рыфмаваць. Найлепшая ілюстрацыя да большасці перакладаў з гэтай кніжкі – трохрадкоўе самога паэта:
Белая хмарка,
крыло паламанае! –Ты чыя? – І адкуль
не змагла ты прыплыць? – І куды?..
Беларускія перакладчыкі (можа быць, і гэтага ўжо нямала?) толькі намякаюць на магію, якая адбываецца ў арыгінале. Часам набліжаюцца да яе, як у некаторых перакладах Барадуліна: “Едзе вершнік – ён паэта… / Даль фіялкамі сагрэта”. Або: “Рыдаюць вазы на дарозе / да новай сялібы ў знямозе”. Або:
Паўсюль залатыя стрэлы
у лета ўпіваюцца люта.
І сум растаў у паветры,
нібыта ў крыві атрута.
/…/
І сутаргі й слёзы, дзе вы,
куды вас вядзе дарога?
Усё ўва ўсяго пытае.
Ніхто не адкажа нічога.
Я з радасцю паставіў бы томік Хіменэса на вяршыню свайго “хіт-параду”, калі б ён цалкам складаўся з такіх перакладаў. Або з такіх, як гэтая ўдача Лявона Баршчэўскага:
Вечар
Душа мая, бы ў сподзе залатым,
гайдаецца пад лёгкім ветрам
і кажа, вольная, што я – ва ўсім!
Шкада, што такіх шэдэўраў у “беларускага Хіменэса” няшмат.
12. Катры Вала. Выбраная лірыка. Пераклаў з фінскай Якуб Лапатка. Мн., выдавец Зміцер Колас.
“Якая ж асалода, – піша фінская паэтка Катры Вала ў адным са сваіх першых вершаў, – прыпасці да тваіх грудзей, Зямля, / маладым, аголеным целам / і вуснамі піць тваё зялёнае хараство! / Выглядае аднекуль пяшчотны і востры парастак / пралескі, / нібы сіняе здзіўленае вока…”. І вока чытача, – што фінскага, што беларускага, – таксама робіцца вялікім, бо чытач уражаны добрай паэзіяй і гатовы ўспрымаць далей. Але далей пачынаюцца сюрпрызы… Не, з паэткай Катры Валай усё ў парадку, яна ведае, што робіць. Яна ўвогуле адна з найлепшых фінскіх аўтарак ХХ стагоддзя, рэвалюцыянерка ў паэзіі, прыхільніца абнаўлення спарахнелага грамадства і літаратуры, паслядоўная мадэрністка. Большасць яе твораў – шчырая споведзь і адначасова – цікавы эксперымент, дзе чуваць непаўторны аўтарскі (і што важна – жаночы) голас. Вось толькі беларускія версіі яе твораў часам сябе дзіўна паводзяць.
Складаецца ўражанне, што з рэдактурай у кнізе ўсё безнадзейна кепска. Нашмат горш, чым у любой іншай кнізе “Паэтаў планеты”. І, як на злосць, вылазяць гэтыя ляпы ў добрых вершах і псуюць іх найлепшыя фрагменты. “Ноч – вялікая чорная кветка, / з пялёсткаў якой асыпаюцца чалавечыя сэрцы, дрыжачыя перад тваёй усмешкай, о Смерць…”; “…Хочаш, пад гэтым квітнеючым дрэвам / для цябе буду танчыць?”; “Як у сне я ішла. / Як у сне паднялася да чорных дзвярэй. / Як у сне паднялася па чорных прыступках / і стала, дрыжачая, перад богам…”. Чытач яшчэ доўга і сам будзе “дрыжаць” ад усіх гэтых формаў на “-ачая/-учая”, якія нескладана было б паправіць. Калі б нехта захацеў. “Жах выпальваў Іраду сэрца: / недзе тут нарадзіўся Вызвольнік…”. Можа, перакладчык хацеў сказаць “Збаўца”? Але рэдактар якраз задрамаў і прапусціў. “Пад вадою ляжаў на спіне тапелец. / Белыя вочы яго блішчэлі з-пад веяў. // Ён усміхаўся злосна і жорстка. / А я не магла зварухнуцца, / хаця ён ужо падабраўся, каб кінуцца да мяне…”. Відавочна, пачынаць наступнае пасля “ўжо” слова з “па-” – не самая ўдзячная справа з прычын немілагучнасці. І добры рэдактар… але я, здаецца, паўтараюся. “Ізноў палае месяц за акном. / Мы ўглядаемся адзін ува аднаго…”; “…праз поўзаплюшаныя веі…” – гэта ўжо ляпы карэктуры. Думаю, карэктара ў кніжцы таксама не было, інакш не прайшло б такое: “…падняцца па прыступкам хмарным…”; “Працягні свае палкія рукі / да дзвюх зорак злёных!”; “…праходзіць валадрыня зімы…” і г.д.
Усе гэтыя недарэчнасці перашкаджаюць успрымаць паэзію. І вельмі шкада, бо якраз паэзія – і не абы-якая – у кніжцы ёсць. Спадзяюся, што зборнік Катры Валы ў перакладах Якуба Лапаткі дажыве да другога беларускага выдання, і рэдактар з карэктарам там з’явяцца. А пакуль што проста параю чытачам пакінуць убаку снабізм, абстрагавацца ад усіх гэтых “злёных валадрыняў” – і атрымліваць асалоду ад класнай лірыкі:
Вар’ят
Я прачнулася ад таго,
што халодныя пальцы вар’ята
ўхапілі мяне за руку.
Ён павёў мяне праз пустыя пакоі
і прывёў у вялікую залу.
Месячнае святло
лілося ў шырокія вокны
разам з пахам сапрэлага лісця.
“Жанчына, – сказаў мне вар’ят. –
Ты хутка станеш зямлёю,
халоднаю, чорнай зямлёю,
тваё маладое цела будзе зямлёю,
твае тонкія пальцы стануць зямлёю,
твае пунсовыя вусны стануць зямлёю
і ніколі ўжо не ўсміхнуцца”.
Я схамянулася раптам.
І ў шаленстве я вырвала руку
і пабегла, пабегла, пабегла!
Рэха майго жахлівага крыку
насілася ў сценах пакояў і залаў.
А наўздагон мне ляцеў злосны, радасны
голас вар’ята:
“Ты памрэш, ты памрэш, ты памрэш!”
P.S. Так напраўду кніжак у падрыхтаваным спісе не тузін, а паўтара. Бо ёсць яшчэ шэсць выданняў, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў аўтар гэтых словаў, таму па зразумелых прычынах не можа ацэньваць іх аб’ектыўна, не ўключае ў агульны “хіт-парад”, але згадвае, так бы мовіць, “па-за конкурсам”, з павагі да суаўтараў-перакладчыкаў (пяць пазіцый з шасці) і саміх аўтараў – безумоўна, вартых усякай увагі. Парадак алфавітны.
1. Гуніла Бэргстрэм. Суперкніга пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая). Пераклаў Андрэй Хадановіч, падрадкоўны пераклад са шведскай Алесі Башарымавай і Надзі Кандрусевіч. Мн., “Кнігазбор”.
Вершаваная кніга пра сям’ю і любоў у ёй. Любоў, якая здольная супрацьстаяць любым няшчасцям. Маленькая Бола – дзяўчынка з асаблівасцямі, і ніколі не зробіцца такой, як усе. Але яе бацькі і старэйшы брат Біл атуляюць яе пяшчотай – і спрабуюць разам перажыць гэтыя выпрабаванні. Кніжка напісаная для дзетак, але, з іншага боку, вартая таго, каб яе прачыталі ўсе бацькі. Бо вучыць талерантнасці і павазе да іншага, а таксама не раскісаць, не губляць надзеі і змагацца за лепшае да канца.
Ды хто мы такія, што знаем адвеку,
Якім трэба іншаму быць чалавеку?..
Як усе быць? Чаму “як усе”?
Будзь як ёсць – ува ўсёй красе!..
Смейся, Бола! Танчы! Скачы!
Новых дзён яшчэ ты-ся-чы!
Што нясе нам наступны крок?
Хто раскажа? Ніводзін прарок!
2. Эмілі Дыкінсан. Пераклалі з ангельскай Рыгор Барадулін, Андрэй Хадановіч і Макс Шчур. Мн., выдавец Зміцер Колас.
У кніжку знакамітай амерыканскай паэткі ўвайшло трохі “старых” перакладаў – нізка Рыгора Барадуліна, якая раней друкавалася ў “Дзеяслове”, плюс некалькі перастварэнняў аўтара гэтых словаў, што публікавалася ў інтэрнэт-часопісе “ПрайдзіСвет”. Але большасць перакладаў публікуецца ўпершыню і належыць Максу Шчуру. Вось адзін з іх:
Калі хоць некаму спатолю
змагу знайсці сама,
хоць сэрца вызвалю ад болю –
не пражыву дарма.
Калі хоць кволага дразда
змагу данесці да гнязда –
не пражыву дарма.
3. Ўільям Батлер Ейтс Пераклалі з ангельскай Лявон Баршчэўскі, Антон Францішак Брыль, Андрэй Хадановіч і Ганна Янкута. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Зборнік ірландскага набеліста. Шмат хто называе яго найлепшым паэтам ангельскай мовы ў ХХ стагоддзі. Малады Ейтс актыўна выкарыстоўвае ў сваёй творчасці ірландскую міфалогію, мроячы разам са сваімі героямі пра “чароўную краіну”. Потым паварочваецца тварам да рэальнасці і стварае сацыяльна заангажаваныя вершы, адгукаючыся, між іншага, на дублінскае велікоднае паўстанне супраць ангельцаў, а потым – на падзеі грамадзянскай вайны. Яшчэ пазней – творыць высокую культуралагічную паэзію, часам міфалагізуючы ўласнае жыццё. Заўсёды эпахальна, і разам з тым – як бы па-хатняму. Часцяком вельмі пафасна, але разам з тым – іранічна і нават самаіранічна.
Плашч
Я вышыў песню-плашч,
Дзе кружаць міфы ў танцы,
Схаваўшы ў вышыванцы
Смех і плач.
Ды блазнаў панабегла,
Схапілі, хто паспеў,
І ў ім фарсяць нягегла.
Што зробіш? Дай дазвол ім:
Больш велічы, мой спеў, –
Застацца голым.
4. Ян Каханоўскі Пераклалі з польскай Лявон Баршчэўскі і Андрэй Хадановіч. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Знакаміты паэт эпохі Рэнесансу. Найлепшы польскі лірык да Адама Міцкевіча. Мог быць вельмі сур’ёзным і вельмі трагічным – і ў кніжку ўвайшлі некаторыя яго песні, а таксама трэны (плачы) у перакладах Лявона Баршчэўскага. Але мог быць і вельмі несур’ёзным, напрыклад у сваіх лёгкіх і дасціпных, нават не заўсёды прыстойных фрашках. Частку з іх пераклаў ваш пакорны служка. Ёсць сярод іх і такая:
Гаспадару
Мяне за стол саджаеш ты з шацункам,
Вось толькі не спяшаеш з пачастункам:
Перад табой віно і мяса ў місе,
А госць – пустою поліўкай карміся.
На д’ябла мне такі абед няўежны!
Я госць – ці назіральнік незалежны?
5. Дарота Коман. 36 квадратных метраў думак. Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч. Мн., Логвінаў.
Выбранае з усіх кніг вядомай сучаснай польскай паэткі Дароты Коман (плюс яшчэ не апублікаваныя ў Польшчы вершы, якімі аўтарка ласкава падзялілася са сваім перакладчыкам). Многія з гэтых вершаў паэтка з поспехам прачытала сёлета ў Мінску, узяўшы ўдзел у фестывалі “Знак роўнасці”. Найбольш разварушыў публіку, здаецца, гэты:
Калыханка для дарослых
– Хтосьці піў з майго кубачка – сказаў Гном
– Хтосьці еў з маёй талерачкі – уздыхнуў Гном
– Хтосьці спаў у маім ложачку – заплакаў Гном
– Не трындзі – сказала Беласнежка
забіраючы ўсё бабло
6. Тумас Транстромер. Пад вольным небам. Выбраныя вершы. Пераклалі са шведскай Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Алеся Башарымава і Андрэй Хадановіч. Мн., выдавец Зміцер Колас.
Грунтоўнае выданне знакамітага шведскага паэта-набеліста. Сумесная праца чатырох беларускіх паэтаў-перакладчыкаў, двое з якіх перакладалі з арыгіналу, а двое іншых – з дапамогай дваіх першых. Прадмова Уладзіміра Арлова, які апавёў пра сваю сустрэчу з Транстромерам. Паслямова ад шведскага знаўцы творчасці паэта. Варта дадаць, што адным з рэдактараў кнігі быў колішні амбасадар Швецыі ў Беларусі, вялікі сябар нашай краіны і літаратуры Стэфан Эрыксан, які старанна вычытаў кожны беларускі пераклад і параўнаў яго з арыгіналам.
Не ўтрымаюся і раскажу гісторыю. Апошнімі спадар Стэфан вычытваў мае пераклады. Яму было зручна рабіць заўвагі па тэлефоне, і ён пазваніў мне са Стакгольма 7 красавіка. Гадзіны паўтары праляцелі за абмеркаваннем, а потым спадар Стэфан раптам заспяшаўся, кажучы, што яму нязручна размаўляць. Але ўсё-ткі працягваў рабіць заўвагі, і ў тэлеграфным стылі, але давёў справу да канца, і не абарваў размову, пакуль мы не дайшлі да апошняга ў кнізе тэксту. Толькі потым я дазнаўся, што ў Стакгольме быў тэракт, і грузавік урэзаўся ў натоўп усяго за некалькі метраў ад кавярні, адкуль мне званіў мой рэдактар.
Іронія лёсу – ніводная з правак (хоць я прыняў амаль усе) так і не з’явілася ў кнізе. Але кожны раз, беручы ў рукі том, я згадваю тую тэлефонную размову і адчуваю ўдзячнасць. Таму скончу на трохі пафаснай ноце, выбраўшы верш Транстромера, які асабліва любіць яго перакладчык Арлоў:
…Чытайце між радкамі. Ведаю: сустрэнемся праз 200 гадоў,
калі мікрафоны ў сценах гатэляў будуць забытыя
і нарэшце спакойна заснуць трылабітамі ў вапняку.
Андрэй Хадановіч
паэт, перакладчык паэзіі, выкладчык замежнай літаратуры,
лаўрэат літаратурнай прэміі імя Карласа Шэрмана (2017) за пераклад кнігі вершаў Шарля Бадлера