Як выпрацаваць звычку на кожны дзень?

Алесь Тодараў разважае на budzma.org аб тым, чым карысныя добрыя звычкі для нашага жыцця і як іх завесці, калі яны ў нас усё яшчэ адсутнічаюць.


001.jpg

Пра тое, што звычкі вызначаюць нашую свядомасць, паводзіны і многія іншыя важныя фактары, сказана і напісана вельмі шмат. Пэўна, не знойдзецца на свеце чалавека, які б не хацеў набыць якую-небудзь новую звычку і адмовіцца ад старой.

Ці павінна праца над звычкамі быць цяжкай? Ці можна мяняць звычкі лёгка, «гуляючы», атрымліваючы пры гэтым сапраўднае задавальненне? Давайце разам паспрабуем пашукаць адказы на гэтыя пытанні.

Звычкі палягчаюць наша жыццё

Звычка — гэта сродак эканоміі нашых сіл, які дазваляе вызваліць свядомасць для іншых відаў дзейнасці. Мозг у такіх выпадках уваходзіць у аўтаматычны стан, пры якім свядомасць не кантралюе некаторыя працэсы, і таму яны даюцца лёгка.

Прыклад: успомніце, як вы ўпершыню давалі задні ход, каб з’ехаць з дарогі. З-за патоку інфармацыі, якая трапляла ў мозг, задача здавалася амаль невыканальнай. Аднак вы хутка навучыліся фарміраваць порцыі інфармацыі і, самі таго не заўважаючы, проста давалі сабе каманду: «Едзем!» — і з’язджалі з дарогі.

Таму так важна мець звычкі. Для фарміравання звычкі дастаткова рэгулярна паўтараць жаданае дзеянне, пасля вам не давядзецца прыкладаць валявыя намаганні для яго здзяйснення.

Выбар прыдатнага трыгера

Трыгер — гэта кантэкст, да якога мы прывязваем новую звычку. Пасля шматразовага паўтарэння паслядоўнасці «кантэкст — звычка» пры сутыкненні з трыгерам у нас аўтаматычна ўзнікае імпульс зрабіць неабходнае дзеянне. У гэтым, уласна, і сэнс стварэння звычак — навучыць сябе на аўтапілоце здзяйсняць нейкія карысныя дзеянні.

Што замінае пазбавіцца ад шкодных звычак?

Занадта вялікія чаканні!

Не трэба імкнуцца змяніць усё і адразу — і адным ударам расправіцца з усімі сваімі недахопамі.

Калі, напрыклад, адразу спрабаваць чытаць па 50 старонак у дзень, надоўга вас не хопіць. Вы будзеце ўвесь час зрывацца, бо кантраляваць сябе і трымаць планку на адным узроўні штодня надзвычай складана.

Таму пачынаць укараняць новую звычку трэба акуратна.

Раю зрабіць так: вазьміце і напішыце на аркушы спіс усіх вашых шкодных звычак, ад якіх вы маеце намер пазбавіцца ў бліжэйшы час. Побач складзіце такі самы спіс, але ўжо з тых, якія павінны з’явіцца неўзабаве.

Ідэальны варыянт, калі адна «станоўчая» новая звычка будзе замяняць адну старую «негатыўную».

З чаго можна пачаць ужо зараз

1. Кідайце паліць

Гэта дорага, малапрыемна для навакольных і са 100-адсоткавай гарантыяй выклікае праблемы са здароўем. Многія пераймаюцца праз гэта, але нават не задумваюцца аб тым, што перастаць паліць можна ў любы час з любым досведам палення за плячыма. Позна ніколі не будзе.

Галоўнае — гэта жаданне кінуць. 

2. Падтрымлівайце стасункі з блізкімі

Нават калі вы лічыце, што ў вас вельмі няпростыя адносіны са сваёй сям’ёй і часам вы адно аднаго ненавідзіце — трэба навучыцца ладзіць з блізкімі. Сямейная сувязь вельмі важная рэч для любога чалавека.

Аднавіўшы былыя кантакты з бацькамі, братамі і сёстрамі, родзічамі і сваякамі, вы ў хуткім часе зразумееце, што гэта і ёсць самае сапраўднае багацце. Скарб, які быў пад носам, але які вы не заўважалі.

3. Займайцеся спортам

Вядзіце актыўны лад жыцця зараз, каб і ў 50 гадоў, і ў больш сталым узросце захоўваць актыўнасць. Старайцеся не набіраць лішнюю вагу. Гэта сапраўды важна! 

4. Пачніце эканоміць

Не распускайце грошы на тое, што для вас не так ужо і патрэбна, збірайце іх. Нават калі атрымліваецца пакідаць зусім крышку. Яны ў любым разе вам потым прыдадуцца на нешта сапраўды важнае і неабходнае.

Поспехаў! 

Алесь Тодараў, budzma.org