Напэўна, шмат хто з бацькоў незадаволены адзнакамі сваіх дзяцей, якія ім выставілі ў школах за апошнюю чвэрць і за год. Каранавірус не дазволіў многім дзецям наведваць школьныя класы, а Міністэрства адукацыі ў ІТ-краіне так і не здолела арганізаваць дыстанцыйнае навучанне. У выніку настаўнікам давялося выкручвацца самім, бацькам — больш кантраляваць выкананне хатніх заданняў, а дзецям — праяўляць ва ўласнай адукацыі больш самастойнасці. Безумоўна, гэта адбілася на паспяховасці, і ў некаторых — не найлепшым чынам.
Цяпер бацькі маюць шанец «падцягнуць» паспяховасць сваіх дзяцей у час працяглых летніх вакацый. Але шукаць школьныя заданні праз інтэрнэт — справа даволі цяжкая. Бо рэсурсаў па дыстанцыйным навучанні шмат, але збольшага яны расійскія. Таму мы сабралі менавіта беларускія анлайн-рэсурсы, якія дапамогуць дзецям падвысіць узровень сваіх ведаў.
Чытайце таксама: Чым заняць дзяцей на самаізаляцыі?
Падручнікі
Нікуды не падзенешся — падручнікі, якімі карыстаюцца школьнікі, вызначае Мінадукацыі. Таму давядзецца скарыстацца ці не адзіным дзяржаўным рэсурсам, які дапаможа настаўнікам і бацькам. Гэта Нацыянальны адукацыйны партал, дзе сабраныя ўсе падручнікі для ўсіх класаў у электронным варыянце.
Але больш зручны для карыстання іншы сэрвіс — Падручнікі.by. Гэта анлайн-каталог, які змяшчае поўную інфармацыю аб навучальных выданнях Рэспублікі Беларусь, якія пасля комплекснай экспертнай ацэнкі рэкамендаваныя да выкарыстання ў адукацыйным працэсе ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Менавіта тут наведвальнікі рэсурсу маюць магчымасць хутка падабраць камплекты дапаможнікаў для навучэнцаў, а таксама свабодна спампоўваць электронныя версіі падручнікаў.
Гэты каталог вельмі карысны яшчэ і тым, што на ім можна знайсці падручнікі па сваім разуменні. Напрыклад, наўрад ці ў агульнай школе вучню выдадуць падручнік па алгебры на беларускай мове. А тут можна спампаваць яго на беларускай. І няхай пасля гэтага ніхто не кажа, што нельга выкладаць матэматыку па-беларуску!
Адзінае што ўсе падручнікі выкладзеныя ў фармаце .pdf. Чаму ніхто не даўмеўся іх перавесці ў фармат электронных кніг — fb2, epub альбо mobi, — невядома.
Вялікі мінус — спампаваць можна толькі падручнікі. Навучальныя матэрыялы кшталту рабочых сшыткаў і тэставых заданняў не спампоўваюцца.
Навучанне
На поўным энтузіязме выкладаннем у сеціва ўрокаў займаюцца настаўнікі. Сярод даволі карысных з іх можна вылучыць Гродзенскі адукацыйны партал, дзе размешчана больш за 50 відэаўрокаў па асноўных школьных прадметах. Настаўнікі таксама адкрылі канал на YouTube. Цяпер там даступныя заняткі па хіміі, біялогіі, фізіцы, гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, рускай і беларускай мовах, інфарматыцы для розных класаў.
Партал арыентаваны на навучэнцаў, а колькасць віртуальных заняткаў увесь час павялічваецца. Настаўнікі Гродна імкнуцца ахапіць як мага больш прадметаў. Неўзабаве павінныя з’явіцца відэаўрокі і для зусім юных школьнікаў — вучняў малодшых класаў.
Як напісала “Гродзенская праўда”, “да праекта прыцягнутыя найлепшыя педагогі горада”, сярод якіх настаўнікі, што падрыхтавалі пераможцаў прадметных алімпіяд, і тыя, хто сам станавіўся лаўрэатам розных конкурсаў.
Тыя, у каго праблемы з матэматыкай, асабліва ў 5, 6, 7 і 9 класах, могуць скарыстацца матэрыяламі простай беларускай настаўніцы са Скідзеля. На сайце “Матэматыка ў дапамогу навучэнцам” простай мовай тлумачацца складаныя тэмы.
Найбольш цікавым, асабліва для настаўнікаў, будзе сайт Таварыства беларускай школы. Грамадская арганізацыя заснавала праект “Перакулены клас”. Ён прызначаны для збору і стварэння матэрыялаў па дыстанцыйным навучанні. “Калі яно не спатрэбіцца праз тыдзень, і пандэмія адступіць — у нас будзе банк урокаў на будучыню, які можна будзе выкарыстаць для змяшанага навучання і іншых інавацый, якія пакуль у нашай школе больш на паперы”, — гаворыцца на сайце.
Акрамя таго, настаўнікі стварылі на фэйсбуку групу “Перакулены клас. Матэрыялы для навучання”. У ёй ужо каля 2000 удзельнікаў. Там настаўнікі не толькі дзеляцца ўрокамі, але і абмяркоўваюць, у якіх праграмах і якім чынам іх ствараць.
Праверка ведаў
Сайт “Я-клас”, які пачаў сваю працу ў 2013 годзе, дае карысную і цікавую дзецям і дарослым інфармацыю. Партал актыўна выкарыстоўваюць вучні і выкладчыкі з многіх школ Расіі, Украіны і Беларусі. Электронная база змяшчае велізарную колькасць унікальных заданняў. Школьнік знойдзе тут тое, чаго якраз няма ў дзяржаўнай базе падручнікаў — электронныя рабочыя сшыткі, а таксама практыкаванні, складзеныя па школьнай праграме.
Варта зазначыць, што сістэма ацэнкі ведаў тут беларуская — дзесяцібальная.
Праўда, гэты рэсурс платны, за год трэба заплаціць 39,90. Але бываюць і зніжкі — на момант падрыхтоўкі матэрыялу кошт гадавой падпіскі складаў 35 рублёў. Можна падпісацца і на адну чвэрць — тры месяцы.
За гэтыя грошы вучань атрымае не толькі заданні, але і правільныя адказы на іх і тлумачэнне рашэнняў для 7 мільёнаў (!!!) варыянтаў задач па ўсіх прадметах. Закранутыя на сэрвісе асноўныя школьныя прадметы: матэматыка (алгебра і геаметрыя); інфарматыка; біялогія; фізіка; хімія; геаграфія; англійская мова. Асабліва цікава, што сярод прадметаў ёсць гісторыя Беларусі і беларуская мова.
Пазакласнае чытанне
Няшмат хто з дзяцей цяпер чытае папяровыя кнігі. Больш яны чытаюць з экранаў камп’ютараў і тэлефонаў. А асабліва прасунутыя слухаюць аўдыёкнігі.
Для тых, хто мае здольнасць чытаць, можна парэкамендаваць найбуйнейшую беларускую электронную бібліятэку “Камунікат”. На “Камунікаце” цяпер змешчана больш за 50 тысяч беларускіх кніг, газет і часопісаў. Прычым шукаць іх можна вельмі рознымі спосабамі: па аўтарах, па рубрыках, па кніжных серыях, ёсць аўдыёкнігі… Па змесце і колькасці “адзінак” выданняў “Камунікат” наўрад ці саступіць не толькі аналагічным анлайн-рэсурам, але і звычайнай “папяровай” бібліятэцы.
Калі ж трэба пашырыць кругагляд у літаратуры, вельмі цікавымі будуць лекцыі, зробленыя беларускімі літаратарамі ў праекце “(Не)расстраляная паэзія”. Героямі цыклу сталі 12 беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937 годзе. На іх словы вядучыя музыкі краіны стварылі песні, а даследчыкі падрыхтавалі лекцыі пра іх жыццё і творчасць.
Вучыцеся разам з дзецьмі!
Чалавечы мозг, кажуць, — даволі лянівае стварэнне. Ён насамрэч вельмі любіць вучыцца, але часцей за ўсё яму проста ляніва гэта рабіць. І таму, каб трымаць яго ў тонусе і не атрымаць у будучыні хваробу Альцгеймера, варта вучыцца ўвесь час. Ці, калі не ўвесь час, то хаця б рэгулярна засвойваць нешта новае і цікавае.
Для такога трэнінгу мазгоў дарослых выдатна падыдуць курсы “Лятучага ўніверсітэта”. Тут — беларускія курсы па розных тэмах: ад open data і фінансаў да фатаграфіі і вуснай гісторыі.
Курсы бясплатныя. У іх ёсць не толькі відэа-, але і аўдыёфармат — можна спампаваць аўдыёверсію, а можна паслухаць падкасты на сайце ці ў SoundCloud, відэазапісы “жывых” публічных лекцый выбітных беларускіх і замежных філосафаў, творцаў, бізнесоўцаў.
Кожны курс — аўтарскі. І яны таксама ўтрымліваюць дадатковыя матэрыялы і тэсты, калі вы хочаце праверыць, як і чаму вы навучыліся.
І памятайце: дзеці заўсёды бяруць прыклад з бацькоў. Калі вы не лайдачыце і вучыцеся самі, яны таксама будуць вучыцца.
Аліна Бялова, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!