Выстава рэпрадукцый украінскай мастачкі Марыі Прымачэнка адкрылася ў цэнтры Варшавы

18.03.2022

Варшаўская галерэя «Kordegarda» (ul. Płocka 13) ладзіць пад адкрытым небам выставу рэпрадукцый Марыі Прымачэнка, інсітнай мастачкі з Іванкава Кіеўскай вобласці. Яе працы жыхары горада паспелі выратаваць з разбуранага расійскім абстрэлам краязнаўчага музея.


Пра выратаванне карцін паведаміла журналістка Таццяна Ганчарова.

«Працы Прымачэнка іванкаўцы вынеслі па дамах! Яны не згарэлі! Слава ўкраінцам! Музей адбудуем!»,  — напісала яна.

Экспазіцыя ў цэнтры Варшавы, сцвярджаюць арганізатары, гэта жэст падтрымкі ўкраінскага народа, які аказвае гераічны супраціў расійскаму агрэсару, знак салідарнасці з дзеячамі ўкраінскай культуры.


прымачэнка.png

Выстава ў двары галерэі складаецца з фотаздымкаў адзінаццаці карцін Марыі Прымачэнка (1908-1997), якая займалася таксама малюнкам, вышыўкай і роспісам керамікі.

  прыма.jpg

Мастацкай адукацыі Марыя Прымачэнка не атрымала: скончыла толькі 4 класы пачатковай школы. Свае творы мастачка пісала фарбамі на воднай аснове, гэтак званай тэмперай для пачаткоўцаў, і толькі напрыканцы жыцця змагла дазволіць сабе даражэйшыя, лепшыя фарбы.

прымач.jpg

ЮНЕСКА абвяшчала 2009 год Годам Марыі Прымачэнка, а таксама ў яе гонар названая маленькая планета. Атрымаўшы міжнароднае прызнанне, мастачка да канца жыцця пражыла на малой радзіме. Да канца жыцця, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з інваліднасцю, малявала.

Выстава працуе да 4 чэрвеня. Завітвайце!