У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачынае сваю работу выстава твораў невідушчых мастакоў «TECHNOцвет».
Карціны ствараліся з дапамогай спецыяльнай мабільнай праграмы і прылады па распазнанні колеру Lihtar. Выстава адбудзецца пры падтрымцы МТС у рамках праекта BelonicaArt. На выставе прадстаўлена больш за 30 карцін, над якімі на працягу некалькіх месяцаў працавалі маладыя невідушчыя мастакі. Усе працы маюць адмысловую структуру, і ў наведвальнікаў будзе магчымасць дакрануцца да палотнаў, каб праз тактыльныя адчуванні наблізіцца да філасофіі невідушчых мастакоў.
Для серыі карцін таксама было напісана спецыяльнае музычнае суправаджэнне, якое дазваляе зразумець, як удзельнікі праекта пазнаюць свет фарбаў з дапамогай музыкі. Пачуць гэтыя мелодыі змогуць усе наведвальнікі выставы. Карціны ствараліся з дапамогай вынайдзенай у Беларусі прылады па распазнанні колеру Lihtar, што дае магчымасць невідушчым людзям атрымліваць уяўленне пра колеравую палітру праз музыку і такім чынам навучыцца маляваць. Асвоіць спецыяльную тэхніку малявання ўдзельнікі праекта змаглі на занятках, ажыццёўленых пры падтрымцы кампаніі МТС.
Выстава «TECHNOцвет» пачне сваю працу 10 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, размешчаным па адрасе: г. Мінск, вул. Леніна, 20. Час працы па панядзелках, серадах, пятніцах, суботах і нядзелях — з 11 да 19 гадзін, па чацвяргах — з 13 да 21 гадзіны. Аўторак — выхадны. Экспазіцыя выставы будзе даступна да 21 лістапада 2021 года.