21 лютага ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі творчая суполка “Пагоня” адкрывае мастацкую выставу “Нябесныя бегі. Вечны вандроўнік”, прысвечаную 120-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
Гэтую выставу ўжо пабачылі жыхары Мінска, Маладзечна, на радзіме Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы. З Варацэвічаў выстава, як бы сказаў сам Язэп Драздовіч, “пераносіцца” ў Ліду.
У жыцці мастака вобразы гродзеншчыны, у тым ліку і горад Ліда, займаюць асаблівае месца. Ён глыбока вывучаў гісторыю гэтага краю, стварыў серыю графічных лістоў старажытнага Лідскага замка.
Натуральна, суполка “Пагоня” не магла ў юбілейны для Язэпа Драздовіча год прамінуць мясціну, звязаную з яго творчасцю. Кіраўніцтва музею было таксама зацікаўленае ў выставе, прысвечанай вялікаму мастаку і адраджэнцу.
З 21 лютага па 12 сакавіка 2009 года аматары мастацтва, жыхары Ліды і яе ваколіц, а таксама ўсе тыя, хто цікавяцца нашай духоўнай спадчынай, змогуць пабачыць творы розных жанраў і кірункаў, створаныя сябрамі суполкі “Пагоня” ў гонар Язэпа Драздовіча. Да ўдзелу ў выставе таксама запрошаныя іншыя творцы Беларускага саюзу мастакоў, якія шануюць імя “дзядзькі Язэпа”.
Урачыстае адкрыццё выставы распачнецца а 16.00.
Выстава ладзіцца ў межах кампаніі “Будзьма!”.