Да 4-га верасня на агароджы варшаўскага парка Лазенкі з боку Уяздоўскіх алей можна пабачыць выставу плакатаў, прысвечаных падзеям апошніх двух гадоў у Беларусі. Адкрыццё прайшло 9-га жніўня, у другую гадавіну апошніх прэзідэнцкіх выбараў.
На першым плане — плакат-пераможца «Беларусь 2020−2022» Каміла Скшыпца. За ім — плакат, які заняў 2-ое месца, «В як воля» Пятра Дэпта-Клесьты
Выстаўлены плакаты-пераможцы міжнароднага конкурсу, які ладзіў польскі Нацянальны цэнтр культуры разам з міністэрствамі культуры і замежных спраў. На конкурс прыслалі 243 працы.
Плакат, які заняў 3-е месца, «Мы не мяса» Яўгеніі Мужавай
Гледзячы па прозвішчах, першыя два месцы занялі палякі Каміл Скшыпец і Пётр Дэпта-Клесьта, а трэцяе месца — беларуска Яўгенія Мужава. Большасць плакатаў, якія адзначыла журы без прысуджэння месцаў, таксама падпісаныя польскімі прозвішчамі. Прыемна, што ў Польшчы такі вялікі інтарэс да беларускіх падзей як сярод творцаў, так і сярод арганізатараў арт-падзей.
Трыпціх «Свет памятае» Збігнева Бабіньскага
Прэс-сакратарка Нацыянальнага цэнтра культуры Іаана Бальцэроўска паведаміла: «Беларускае грамадства не прыняло вынікаў выбараў. Палякі вельмі падтрымліваюць беларусаў ад пачатку тых масавых пратэстаў. Нацыянальны цэнтр культуры праз мастацтва выказвае розныя формы салідарнасці і падтрымкі».
Фрагменты трыпціха Збігнева Бабіньскага «Свет памятае»
Уяздоўскія алеі - шматлюдная вуліца, у парку Лазенкі дзейнічае папулярны музей, таму да верасня плакаты пабачыць шмат турыстаў і варшавякаў.
Плакаты «Make law, not war» Эдварда Кахана, «Бела-чырвона-белы-2020-Беларусь-2022» Ежы Дабжынецкага, «Голас свабоды» Катажыны Дудзяк
Інфармацыйная шыльда аб выставе паведамляе: «Мы апелюем да таго, каб памятаць аб рэпрэсаваных за польскай усходняй мяжой ды аб салідарнасці з нашымі суседзямі на іх шляху да свабоды і дэмакратыі - так, як вольны свет салідарызаваўся і падтрымліваў імкненні польскага грамадства падчас карнавалу «Салідарнасці» ў складаныя часы ваеннага становішча».
«Шлях да свабоды», Анджэй Тузьнік
На першым плане — «Цяжкі шлях да свабоды», Ёрдан Ёрданаў
Апісанне выставы сканчваецца цытатай Святланы Ціханоўскай: «Важна, каб свет памятаў пра Беларусь».
«Мы», Яраслаў Лесьнеўскі і «Бела-чырвона-белы», Енджэй Скорацкі
Справа налева: плакат без назвы, Пётр Стала, «Волю ствараюць людзі», Аляксандра Тшусколас, «Сцяг», Павел Келпіньскі
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота аўтаркі