15 траўня адбыўся выступ паэткі Веры Буланды ў вёсцы Навасёлкі Барысаўскага раёна перад вучнямі і настаўнікамі Навасельскай сярэдняй школы. Выступ адбываўся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
На шчасце, вучняў сельскай школы не трэба асабліва агітаваць на карысць роднай мовы. Якраз дома і ад суседзяў яны чуюць, праўда, далёка не дасканалую, мову, але даволі беларускіх слоў, фразеалагізмаў, прыказак і прымавак. Таму наша гутарка была сканцэнтравана больш на пытаннях, як пішуцца вершы, як я асабіста стала паэткай і пісьменніцай, як ствараюцца кнігі.
Насамрэч, як ствараюцца кнігі, вельмі цікава распавёў Анатоль Клышка ў сваім займальным творы “Як да нас прыйшла кніжка…”. Значыць, параіла я вучням, трэба часцей наведвацца ў бібліятэку – захавальніцу самых цікавых думак, гісторый, фантазій і разумных, мудрых парад для жыцця.
Спыніўшыся на сваім вершы “Беларуская дзяўчына”, звярнула ўвагу слухачоў на прыгажосць роднага краю, растлумачыла выраз “кола круціць бусел”, які доўгі час у многіх рэдакцыях падкрэсліваўся, а ў адной рэдакцыі нават задалі пытанне: “Якое гэта кола круціць бусел?”. А вельмі проста: калі мы былі маленькімі, убачыўшы буслоў, планіруючых над бацькоўскай хатай, бегалі і галёкалі на ўвесь Мсціж: “Бусел, бусел, круці кола, дам капейку на Мікола”… І таму, калі пісаўся верш, само-сабой узніклі асацыяцыі з дарагога дзяцінства:
А я – дзяўчына з Беларусі,
З калыскі мятава-духмянай,
Адтуль, дзе кола круціць бусел,
Дзе кожны – госць, даўно чаканы!
На пытанне, ужо маё, ці з’яўлялася калі-небудзь жаданне ў каго з прысутных узабрацца па вясёлцы да неба, быў лес рук. Аказваецца, я не адна ў сваім дзіцячым памкненні, якое аднойчы адлюстравалася ў вершы:
Я не хачу сабе замнога,
Абы дадому найчасцей
Мяне прыводзіла дарога
З далёкіх спозненых гасцей.
Каб зноў прайсціся па вясёлцы,
Да сонца рукі працягнуць,
І ў лесе ёлчынай іголцы
Травінку ў вушка уцягнуць.
Я не хачу сабе замнога:
Даверу, шчырасці, цяпла,
Да сэрцаў каб людскіх дарога
І мной пракладзена была.
На прыкладзе аднаго свайго верша я паспрабавала пераканаць цікаўных, што вершы, бывае, ратуюць і твой настрой і твае адносіны да жыцця. Выліўшы негатыў у радкі, а калі яшчэ і добрыя, ты супакойваешся і нават радуешся новаму твору, хаця і бязрадаснаму. Унутры ў цябе – мір і лад. І ты можаш жыць далей…
СЭРЦА
Адкрыйся, сэрца, у апошні раз,
Даволі адкрывацца ўсім вятрам,
Праходзіць надакучыла мне праз
Агонь, ваду і тоўшчу медных брам.
Адкрыйся, сэрца, дай мне зразумець:
Хто вораг, а хто самы лепшы друг,
І хто са мной, пакуль на прызбе смерць
Не завяршыла свой няўмольны круг.
Адкрыйся, сэрца, і не спакушай
Мяне на новы, малады парыў…
Баіцца растрывожыцца душа
Адной нагой ступіўшы на абрыў.
Па просьбе дзяцей сустрэча завяршылася чытаннем урыўкаў з казкі “Дуб і дзядоўнік”, пра якую я было пачала распавядаць. Самыя актыўныя суразмоўцы атрымалі паштоўкі “Мы адметныя”, а вучань, які пацікавіўся, чаму я некалі звольнілася з гэтай школы (а я адпрацавала ў Навасёлках дванаццаць гадоў), атрымаў велікодную паштоўку з пажаданнямі, каб добрыя думкі і шчырыя намеры вялі яго да добрых спраў і ўчынкаў. І… ўсіх нас.