Выступ Веры Буланда ў сярэдніх школах Мсціжа, Ганцавіч, Зембіна

21 красавіка 2014 года адбылася сустрэча з паэтэсай Верай Буланда ў Мсціжскай, Ганцавіцкай, Зембінскай школах і ў Доме культуры в. Ніўкі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.

Мсціж – гэта радзіма паэтэсы, “першая сталіца яе лёсу”, і таму ва ўсіх школах і ў клубе в. Ніўкі яна не прамінула чытаць вершы пра родныя мясціны:

 

Я – з Мрайкі, мілай летуценкі,

З Мсціжанскіх берагоў утульных,

З тваіх далоняў немаленькіх,

З ласкавых, чулых рук матуліных.

Або:

Ёсць такая вёска Мсціж –

Першая сталіца лёсу,

Дзе адзначаць твой прэстыж,

Дзе да смерці ў сэрцах носяць.

 

Адказваючы на пытанні вучняў і настаўнікаў, Вера Буланда не прамінула распавесці, што такое для яе ПАЭЗІЯ:

 

Паэзія – мая гаспода, і мой храм,

Дзявочая святая летуценнасць,

Даверлівасць прагнозам і вятрам,

Што сталі назаўжды няўлоўным ценем.

 

Землякам таксама было цікава, як узнікаюць вершы, як думаюцца яны, ці заўсёды толькі натхненне – прычына нараджэння вершаў, ці яшчэ якія сакрэты ўтойваюцца ў паэтычнай душы. У час гутаркі не толькі чыталіся вершы, але і спяваліся песні.

— Калі размова пра сапраўдную паэзію, падкрэсліла Вера Буланда, то хочацца прыгадаць цудоўныя радкі з верша Рыгора Сітніцы “Першаснежка”:

А я вышняю цішаю верш гэты вышыю,

Першаснежкам журбу сваю зацерушу,

І стэрыльна-нябеснаю белаю цішаю

Забінтую параненую душу.

 

Спадарыня прачытала нямала вершаў з новага зборніка “Сараматніца”, з кніг “Шчырая споведзь мая”, “Цыганскія кастры”, гумарэскі, у аснову якіх леглі гісторыі, звязаныя з аднавяскоўцамі.

Ад кампаніі “Будзьма беларусамі” актыўныя вучні і дарослыя атрымалі падарункі: паштоўкі “Мы – адметныя”, дыскі з цікавосткамі, торбачкі і майкі.

Тэгі: