Пісьменнікі Алесь Пашкевіч і Васіль Якавенка, а таксама бард Андрэй Плясанаў правялі культурніцкія сустрэчы па шэрагу санаторыяў Беларусі ў верасні.
Сустрэчы праходзілі ў в. Ждановічы Мінскага раёну Мінскай вобласці ў санаторыях “Крыніца” і “Беларусачка”, дзе выступаў тандэм з пісьменнікаў 5 верасня. А на наступны дзень у санаторыях Нараншчыны “Белая Русь“, “Сосны” і “Спадарожнік” да выступоўцаў далучыўся Андрэй Плясанаў .
Сустрэчы былі актыўнымі, з гарачымі спрэчкамі, асабліва ў санаторыі “Белая Русь”, дзе была выключна публіка з Расіі, якая зусім не разумела беларускую мову. Менавіта ў гэтым санаторыі выступоўцы спачатку былі прыняты халодна і з насцярогай і былі вымушаныя самі весці сустрэчы на расійскай мове. Але з цягам часу публіка ўцягнуліся ў меладычнасць і мяккасць беларускай мовы, на якой чыталіся і пеліся ўсе творы, і нават нешта стала разумець, а Андрэю Плясанаву наогул спрабавала падпяваць.
Па ўсіх астатніх санаторыях сустрэчы вяліся перад беларускай публікай і на беларускай мове. Алесь Пашкевіч чытаў вершы і нават зачытаў кароткае гумарыстычнае эсэ, Васіль Якавенка ўразіў сваёй мудрасцю і спакоем, а Андрэй Плясанаў прымусіў задумацца пра лёс Беларусі сваімі надрыўнымі патрыятычнымі песнямі.
Культурніцкія сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Міншчына