Траціна накладу разыйшлася за першыя тры дні продажу, кажа аўтар кнігі Зміцер Дрозд, гісторык і архівіст.
Беларускі гісторык і архівіст Зміцер Дрозд. Фота: Facebook
«Мінскі турэмны замак» — гэта першая частка першага прафесійнага даследавання 200-гадовай гісторыі Мінскага турэмнага замка (сёння СІЗА № 1 або «Валадарка»)», — распавядае Зміцер Дрозд.
У снежні 1821 года Рудольф Пішчала (у яго памяць і прыжылася назва «Пішчалаўскі замак») выйграў публічныя таргі на будаўніцтва турмы.
«Турма была прынята камісіяй 30 студзеня (па новым стылі 11 лютага) 1825 года, і з гэтага дня можна весці адлік гісторыі гэтага ўнікальнага для Мінска збудавання. Перад вамі кніга, якая ўводзіць у навуковае абарачэнне новыя дакументы і руйнуе старыя міфы. У тым ліку і пра тое, што «Пішчалаўскі замак» — адна з самых надзейных турмаў свету, з якой яшчэ нікому не ўдавалася ўцячы, — піша Зміцер Дрозд у анонсе да выдання. — І галоўная тэма гэтага тома не пакіне чытачоў абыякавымі, бо гэта менавіта ўцёкі».
Паводле аўтара, зафіксавана каля паўсотні уцёкаў і спроб уцёкаў: падкопы, праломы, спакушэнне, уцёкі разам з ахоўнікам, штурм брамы, вяроўкі з прасцінаў і іншае.
«За рэдкім выключэннем, гэта ўнікальныя архіўныя матэрыялы, якія публікуюцца ўпершыню. Апроч гэтага, кніга змяшчае першую біяграфію самога Рудольфа Пішчала, а таксама звесткі пра начальнікаў, ахоўнікаў і зняволеных, у тым ліку пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Якуба Коласа, Алеся Гаруна», — адзначае Зміцер Дрозд.
«Як часта ў турме мяняліся начальнікі? Як былі пакараныя зняволеныя за ўцёкі і як ахоўнікі? Якія ўцёкі можна назваць класічнымі, а якія самымі недарэчнымі? Якія ўцёкі былі самымі масавымі? Ці былі шчасліўчыкі, якіх не злавілі? Ці былі зняволеныя, якім удалося двойчы ўцячы з мінскай турмы? Адказы на старонках гэтай кнігі», — абяцае аўтар.
Кніга выйшла ў выдавецтве Рамана Цымберава накладам усяго ў 99 асобнікаў. Замовіць яе можна тут.