Вызначылі пераможцу навуковай прэміі «Бізон Гіґс 2024». Яе атрымаў спецыяліст у галіне анкалогіі

«Бізон Гіґс» — першая незалежная народная прэмія ў галіне дакладных і прыродазнаўчых навук сярод беларускіх навукоўцаў — падвяла вынікі галасавання. Сярод 6 намінантаў у адкрытым галасаванні быў абраны Максім Домніч, навуковец з галіны медыцыны, а дакладней анкалогіі, за даследаванне нетрафілаў, разуменне якіх дапамагае знаходзіць новыя спосабы барацьбы з ракавымі захворваннямі.

Maksim DomničМаксім Домніч

Другое месца заняў Зміцер Фірага з галіны квантавай хіміі і фармацэўтыкі. Трэцяе месца — у Юліі Сандамірскай з галіны робататэхнікі і штучнага інтэлекту.

Кожны этап прэміі адбываўся з дапамогаю беларусаў, якія шануюць навуку, таксама супольнасці зіну Pamyłka, якія найбольш падтрымлівалі гэтую ініцыятыву.

«Дзякуючы актыўнай пазіцыі беларусаў мы змаглі, па-першае, сабраць фонд прэміі; па-другое, скласці спіс намінаваных навукоўцаў; нарэшце правесці галасаванне», — адзначаюць арганізатары прэміі.

Што вывучае Максім Домніч

Максім Домніч вывучае падвойную ролю нейтрафілаў — асноўных клетак прыроджанага імунітэту — у развіцці раку. З аднаго боку, нейтрафілы могуць браць удзел у супрацьпухлінным імунным адказе, з другога — быць перапраграмаваныя пухлінаю для падтрымання яе росту і метастазавання.

Разуменне таго, як рак уплывае на перапраграмаванне нейтрафілаў і змяненне іх функцыяў, — ключавы кірунак даследаванняў Максіма Домніча для распрацоўвання новых тэрапеўтычных стратэгіяў.
Акрамя таго, Максім Домніч даследуе ролю нейтрафілаў у кантэксце імунатэрапіі раку. Аналізуе, як нейтрафілы могуць уплываць на эфектыўнасць такіх тэрапіяў, як інгібітары кантрольных пунктаў імуннага адказу. Разуменне гэтых узаемадзеянняў можа дапамагчы ў аптымізацыі імунных тэрапіяў і пераадоленні рэзістэнтнасці да лячэння.

Дзейнасць Максіма скіраваная на даследаванні, неабходныя для кантролю імуннага адказу, які развіваецца ў працэсе прагрэсу раку. Ягоная праца можа прывесці да стварэння новых метадаў лячэння, скіраваных на карэкцыю функцыяў нейтрафілаў і паляпшэнне прагнозаў для пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі.
Максім Домніч працуе ва Універсітэцкім шпіталі Эсэна (University Hospital Essen) у Нямеччыне.
Скончыў біялагічны факультэт БДУ у 2011годзе. З 2008-га па 2010 год працаваў у РНПЦ трансфузіялогіі і медычных біятэхналогій, з 2012-га па 2016 год — у РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.