Тыдзень WATCH DOCS Belarus на VOKA-TV – 21-29 траўня

14.05.2020 Афіша

Міжнародны фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus і VOKA TV аб'ядноўваюцца ў доўгачаканай для многіх калабарацыі: адборная і рэзанансная дакументалістыка аб правах чалавека будзе даступная анлайн на працягу цэлага тыдня! З 21 па 29 траўня на платформе VOKA TV вы зможаце ўбачыць 10 выбітных фільмаў з калекцыі фестываля. Зразумела, бясплатна.

Пост-ФБ-VOKA.png

Калі ва ўзмоцненай плыні інфармацыйнага шуму вы шукаеце па-сапраўднаму годны ўвагі кантэнт, які здольны пашырыць, а магчыма, і пахіснуць вашу карціну свету, то эстэтычная дакументалістыка ад WATCH DOCS зробіць сваю справу. Прыцэльныя расследаванні, блізкія і далёкія пранізлівыя асабістыя гісторыі на фоне цэлых эпох, вера і бязвер'е ў чалавецтва, замежная і беларуская дакументалістыка, кароткі і поўны метр - вам будзе з чаго выбіраць.

З месца ў кар'ер: Belarus WATCH DOCS рады прадставіць найсвежую прэм'еру - "Сталкеры Чарнобыля", які выйшаў у красавіку гэтага года. Новы фільм ад рэжысёркі і прадзюсаркі Йары Лі распавядае пра горад Прыпяць сёння, што паспеў стаць па-вар'яцку прыцягальным для сталкераў і турыстаў. Райскі гарадок, які прайшоў праз пекла, што скалыхнула ўсю планету, зноў адраджаецца - але ці ўжо ў іншы вырай? Фестываль таксама запрашае зазірнуць за акіян і зразумець, што ў траўме ядзерных выпрабаванняў мы далёка не адзіныя. Пра сваё пекла распавядуць героі фільма "Атамныя салдаты" - сведкі і ўдзельнікі ядзерных выпрабаванняў ЗША ў 70-х.

Прайсціся па беларускіх балотах пад музыку "Нагуаль" і меладычную гутарку мясцовых жыхароў можна ў фільме Ігара Чышчэні "Подых балот". А аматары прайсціся па вастрыю забароненых да адкрытага абмеркавання ў Беларусі тэм ацэняць фільм "Падполле надзеі", у якім адлюстраваны досвед легалізацыі медыцынскай марыхуаны ў суседняй Польшчы.

Фільм "Вырасла, пакуль ты спала", які выклікаў эмацыйныя абмеркаванні яшчэ на афлайн-паказах, раскажа аб жыцці і самавызначэнні беларусаў у эміграцыі, а таксама аб тонкай сямейнай сувязі скрозь пакаленні і сотні кіламетраў.

Адчуць пульс афрыканскага стрыт-арту, танцаў, наіўнага мастацтва і ўбачыць, як ўсё гэта дапамагае адстаяць сваю годнасць цэламу народу, дапаможа ўжо ўпадабаны гледачамі WATCH DOCS фільм "Мастацтва супраціву ў Буркіна-Фасо". За дасціпную іранічнасць у дакументалістыцы ў гэтай дзясятцы адказвае кароткаметражка Святланы Шымко "Ленінапад" аб нядаўняй дэкамунізацыі Украіны.

Поўны спіс фільмаў тыдня Belarus WATCH DOCS на VOKA TV тут.

Больш падрабязная інфармацыя пра кожны з фільмаў:

-       ПРЭМ'ЕРА! "Сталкеры Чарнобыля" (рэж. Йара Лі, Украіна, ЗША, Балгарыя, Славакія, 2020, 58')

-       "Атамныя салдаты" (рэж. Morgen Knibbe, Нідэрланды, 2019, 15', кароткаметражны)

-       "Падполле надзеі" (рэж. Ян Блуз, Польшча, 2018, 85', 18+)

-       "Трап у будучыню" (рэж. Рэнэ Хейзкамп, Нідэрланды, 2018, 90')

-       "Вырасла, пакуль ты спала" (рэж. Марцін Саутер, Польшча, 2018, 49')

-       "Мастацтва супраціву ў Буркіна-Фасо" (рэж. Йара Лі, Буркіна-Фасо, зша, Балгарыя, 2018, 72')

-       "Ленінапад" (рэж. Святлана Шымко, Украіна, 2017, 11', кароткаметражны)

Фільмы “Беларускай праграмы” фестываля 2019-года:

-       "Подых балот" (рэж. Ігар Чышчэня, Беларусь, 2014, 25', кароткаметражны):

-       "Мая Германія" (рэж. Аляксандр Свішчанкаў, 2018, Беларусь, 70')

-       "Васіль Быкаў" (рэж. Віктар Корзун, Беларусь, 2004, кароткаметражны)

Больш пра WATCH DOCS Belarus - на watchdocs.by.