Хараство перакладу

Пераклады з нямецкай усё часцей цешаць нашага чытача. Трэба прызнаць таксама, што з нямецкай на родную мову з’яўляецца найбольшая частка ўсіх сучасных перакладаў наогул. Нашыя перакладчыкі і перакладчыцы пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ды іншых нямецкіх, а таксама нямецкамоўных ініцыятываў іншых краінаў адкрываюць нам новыя сусветы, дазваляюць на час уцячы ў зусім іншае вымярэнне. Перакладанне з нямецкай, да ўсяго, выпрацоўвае і цікавую тэхнічную і эстэтычную традыцыю перакладу, з якой мусіць лічыцца беларуская перакладчыцкая традыцыя з іншых моваў.

(З нагоды перакладу рамана Міхаэля Кумпфмюлера “Хараство жыцця”, выдавецтва “Логвінаў”, 2013, перакладчыца з нямецкай — Ірына Герасімовіч)

Якраз з’яўленне чарговага перакладу, выкананага Ірынай Герасімовіч, падштурхоўвае сказаць некалькі словаў не пра цікавую і вусцішную гісторыю кахання, якая, без сумневу, захоплівае, зацягвае і кідае ў вір жарсці і журбы, не пра хараство і вусціш жыцця, а перадусім пра хараство слова, хараство перакладу. Як перакладчыка мяне заўсёды цікавіць манера перакладу, доза прысутнасці асабістага, асабовага, аўтарскага, так бы мовіць, ад перакладчыка. Наколькі ўдаецца перакладчыку захаваць арыгінал і не “запэцкаць” яго аўтарствам перакладчыцкім?

Калі глабальна, дадзены пераклад уражвае, шармуе часам экзатычным флёрам, негутэльнымі ноткамі. Гэта азначае, па-першае, што перакладчыца, да душы, прынцыпова і проста не збеларусізавала тэкст, захавала аўтарства, далікатна перадала пасланне, дух пісьменніка. А па-другое, перакладчыца смачна і па-майстэрску прадэманстравала ўласную творчую здольнасць, а таксама, канечне, падкрэсліла здольнасць мовы быць не проста акадэмічнай, штучнай, а якраз наадварот, альтэрнатыўнай, адкрытай да смелых структураў, зваротаў, словаў. Спрычыненая перадусім да людскага, а не кніжнага, мова ў перакладзе Ірыны Герасімовіч набывае жвавасць, а яшчэ рэальную, а не адцягнутую ці мёртвую эстэтычнасць.

Апраўданымі і апраўдальнымі, а таксама, канечне, арганічнымі ў тарашкевіцкім перакладзе бачацца словазлучэнні і словы накшталт “латва”, “праве”, “збыт”, “палюбляць”, “зноў а зноў”. Як ні дзіўна, але пасля Я. Коласа і М. Зарэцкага сёння мала хто імкнецца ўжываць гэтыя адметныя словы (латва, праве). Цікавым здабыткам з’яўляюцца ў перакладзе некаторыя дыялектызмы: пеляна, напрыклад (“пакласці галаву на пеляну”, то бок на грудзі).

Нарэшце, такім дарэчным глядзіцца плюсквамперфект там, дзе многія перакладчыкі ўнікаюць гэтай няпростай формы (была згарэўшы і г.д.).

Часам, калі чытаеш пэўны пераклад, разумееш, што ён не саступае па ўдаласці і геніяльнасці тэксту-арыгіналу. У французска-беларускай перакладчыцкай сферы такое зведаў я з некаторымі перакладамі Змітра Коласа. Канечне, у нямецка-беларускім перакладзе я не магу параўнаць пераклад з арыгіналам, але як чытач магу сказаць: гэта другі пераклад з нямецкай, калі я разумею, здагадваюся, адчуваю, што дадзены твор варта чытаць не толькі праз таленавітасць аўтара (Міхаэля Кумпфмюлера), але і перакладчыцкага майстэрства (Ірыны Герасімовіч). А першым такім творам стаўся для мяне раман “Юстыцыя” Фрыдрыха Дзюрэнмата ў перакладзе Васіля Сёмухі.

Прыгадайма, перакладчыцкія пошукі і эксперыменты Ірыны Герасімовіч ужо не аднойчы пранікалі ў нямецкамоўны свет. Напрыклад, часткова проза і паэзія швейцарскай аўтаркі Ільмы Ракузы даступная па-беларуску дзякуючы І. Герасімовіч. Лоўкасць, сціпласць і прыгажосць паэзіі І. Ракузы, загучалай па-беларуску, заслугоўваць асобнай ухвалы перакладчыцы.

Пры гэтым варта заўважыць, што новы пераклад, новае чытво — не з лёгкіх. І гэтая нялёгкасць, адметная, мудрагелістая і нейкая шматпрыступкавая манера расказвання аўтара ёсць, без сумневу, ягонай простай і натуральнай познаткай, якую так удала захавала і перадала перакладніца.

Такім парадкам, праз вусціш хваробаў, пакутаў, жарсці і смерці так выразна вымалёўваецца ўсё ж такі хараство жыцця. А праз пакуты пошуку, гульні з словам, праз пакуты і непазбежнасць крытыкі, нападак, а часам і банальнай зайздрасці калегаў і каляжанак так светла разумеецца хараство перакладу…

 

Уладзіслаў Гарбацкі, палітоляг, перакладнік з францускай

 

Ганна Янкута: Кафка vs Кумпфмюлер